Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яму хочуць закрыць рот». Жонка зьняволенага блогера Паўла Сьпірына расказвае пра справу мужа


Павал Сьпірын, кадар зь відэа на ягоным Youtube-канале
Павал Сьпірын, кадар зь відэа на ягоным Youtube-канале

25 студзеня ў Фрунзэнскім судзе Менску пачнецца працэс над блогерам Паўлам Сьпірыным. Падставай для завядзеньня супраць яго крымінальнай справы стаў ягоны фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі. Фільм быў занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Відэаблогера абвінавачваюць паводле 130-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці).

Папярэдняе расьсьледаваньне ў крымінальнай справе было скончана 27 лістапада.

«Когда в сентябре я шел в школу, тебя увозил воронок»

Youtube-канал Паўла Сьпірына не закрыўся пасьля ягонага затрыманьня. На ім ягоная жонка Ірына прачытала ліст ад Паўла, які ён даслаў з-за кратаў. 9-гадовы сын Арцём прачытаў верш, які напісаў і даслаў бацька «Когда в сентябре я шел в школу, тебя увозил воронок».


Яшчэ адзін верш Арцём напісаў разам з маці, каб замест Паўла павіншаваць падпісчыкаў каналу з Новым годам у касьцюме Дзеда Мароза.

«Ёсьць яшчэ адзін добры верш, які напісаў Паша, і сын рыхтуецца яго запісаць», — кажа Ірына.

Павал ведае, што яго блог абнаўляецца, бо Ірына дасылае яму скрыншоты новых публікацый.

Што адбылося

Паўла Сьпірына затрымалі 4 верасьня. Раніцай у кватэры зьнікла сьвятло, расказвае жонка Ірына. Яна адчыніла дзьверы, каб праверыць электрашчытавую. Тут жа ў кватэру ўварваліся людзі ў балаклавах, потым прыехалі супрацоўнікі цывільным, зрабілі ператрус.

Яшчэ праз трое сутак у Паўла забралі пашпарт, узялі падпіску аб нявыезьдзе і павезьлі на псыхіятрычную экспэртызу.

«Правялі тэст і выявілі, што ён здаровы. Пасьля сьледчы яго адпусьціў. Павал прыехаў дадому, памыўся і запісаў відэа, што ён дома, прывітаў падпісчыкаў. Я думаю, праз гэты ролік яго зноў узялі. Улады хочуць, каб ён маўчаў, нічога не запісваў, а ён бяз гэтага ня можа».

Паўла Сьпірына зноў затрымалі на наступны дзень.

Ірына Сьпірына
Ірына Сьпірына

«Мы з Арцёмам былі ў паліклініцы. А яму пазванілі ў дзьверы, ён патэлефанаваў мне. Мы пачалі званіць сьледчаму. Сьледчы адказаў толькі на тэлефанаваньне адваката, і тады Паша адчыніў дзьверы, яго забралі».

Паўла адвезьлі ў СІЗА на Валадарскага. Але калі Ірына павезла туды перадачу, то яго там ужо не было, яго этапавалі ў Жодзіна. Некалькі дзён яна ня ведала, дзе ўтрымліваюць мужа. Сустрэч з Паўлам Ірыне не дазвалялі, але ад яго прыходзілі лісты. Ён піша, што яго паважаюць і пазнаюць, просяць аб дапамозе.

«Ён пісаў, што ў камэры сядзяць нармальныя, прыязныя людзі, яны п’юць разам гарбату. Ён дапамагае людзям юрыдычна, пісаць заявы. Магчыма, ён супакойвае, але пісаў, што яго не пасадзяць, бо юрыдычна яго няма за што пасадзіць. Хаця законы ў нас не працуюць. Я спадзяюся, што яго не пасадзяць. Яму хацелі прывязаць яшчэ два артыкулы, але не атрымалася», — кажа Ірына.

У адным лісьце Павал пісаў, што ў яго крыху пагоршыўся зрок, яго наведала адвакатка. Але потым усё наладзілася, на здароўе ён ня скардзіцца. Адвакатка кажа, што настрой у Паўла выдатны, бадзёры, ён ні на што ня скардзіцца.

«Ён быў гатовы да таго, што яго затрымаюць. Некалькі гадоў таму ён напісаў аповесьць пра „мэра“, і за гэта яму прысудзілі 15 сутак. Таму ён ведаў, у якія ўмовы можа трапіць», — кажа Ірына.

Пасьля ператрусу ў кватэры забралі кампутары, у тым ліку сынаў, два мікрафоны, фотаапарат, пяць тэлефонаў, цьвёрды дыск, навігатар. У кватэры жыў сын зь дзяўчынай, і ў шуфлядзе ляжалі яе грошы, іх таксама канфіксавалі, але праз 2 месяцы аддалі.

Апісалі музычны цэнтар і прынтар. Ірына кажа, што на некаторыя рэчы ў яе ёсьць чэкі, што яна іх купляла. Аднак Сьледчы камітэт адмовіўся зьняць арышт і на маёмасьць, і на банкаўскія карткі.

Што крымінальнага ў фільме «Грань»?

Ірына кажа, што Паўла перасьледуюць за фільм «Грань». Але дэталяў яна ня ведае, бо адвакат даў падпіску аб невыдаваньні. Да суду будзе падрыхтаваная незалежная экспэртыза.

«130-ы артыкул ніяк не падыходзіць да гэтага фільма, — кажа Ірына, — Але, відаць, няма за што зачапіцца, дык хоць так».

Паводле Ірыны, год таму цэнтральны апарат МУС праводзіў сваю праверку фільма і адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы. Цяпер фільмам заняўся Сьледчы камітэт.

Ірына згадвае, як ужо пасьля затрыманьня Паўла нехта дадаўся «ў кантакты» да старэйшага сына на старонцы сацсеткі прапанаваў гандляваць наркотыкамі.

«Гэта было жахліва, я адразу пачала тэлефанаваць сьледчаму. А ён кажа, маўляў, калі вашаму сыну пагражаюць, то тэлефануйце ў міліцыю. Мы напісалі заяву ў міліцыю, але справа так і заціхла».

Адзін зь лістоў Паўла Сьпірына, які атрымала актывістка руху «За свабоду» Вольга Быкоўская
Адзін зь лістоў Паўла Сьпірына, які атрымала актывістка руху «За свабоду» Вольга Быкоўская

Гэта здарылася ў той час, калі ўжо адбыліся ператрусы на лецішчы і ў кватэры маці Паўла, рэлігійнай жанчыны.

«Я прагледзела гэты відэаролік і лічу, што Паўла незаконна трымаюць чатыры месяцы за кратамі. Я спадзяюся, што яго выпусьцяць у залі суду, — кажа Ірына, — Ён жа дзесяць разоў узважыць, прааналізуе, а потым робіць, з бухты-барахты ні зь сяго ні з таго нічога ня кажа, таму там нічога такога няма, за што можна прыцягнуць».

Ірына кажа, што раней бачыла Паўла ў сьпісах палітвязьняў, цяпер яго там няма. Праваабаронцы сказалі Ірыне, што гэтае пытаньне вырашаецца.

Як яна ставіцца да перасьледу Паўла?

«Яму хочуць закрыць рот, каб ён нічога не пісаў. Ён піша праўду, тое, што думае і адчувае народ».

Як жыве сям’я

Жонка Паўла Ірына сказала Свабодзе, што працавала дыстанцыйна мэнэджарам продажаў у адной з інтэрнэт-крамаў. Але калі начальнік даведаўся, што пасьля ператрусу быў канфіскаваны цьвёрды дыск, дзе была інфармацыя з крамы, яе звольнілі. Начальнік пабаяўся, што ў кампанію прыйдуць і будуць задаваць лішнія пытаньні.

Ірына не працуе ўжо цягам двух месяцаў, ёй дапамагаюць дарослыя сын і дачка.

«Я напісала Пашу, а ён адказаў, каб не перажывала і абвясьціла на Youtube, што цяжка, што ёсьць праблемы».

Ірына кажа, што сям’я не засталася без дапамогі сяброў: малодшы 9-гадовы сын Арцём атрымаў два падарункі на Новы год, пастаянна дапамагаюць харчамі і грашыма для перадач.

«Малодшы сумуе па бацьку, я хацела ўзяць яго на суд, каб хоць пабачыў тату раз за 4 месяцы, але адвакатка сказала, што ня пусьцяць. Таму ён пойдзе ў школу, я на гэтым ня буду акцэнтаваць яго ўвагу».

Што гавораць жыхары дома

Ірына расказала, што жыхары дома напісалі характарыстыку на Паўла, якую яна будзе старацца далучыць да матэрыялаў справы. Людзі пішуць, што 40-гадовы Павал Сьпірын з 2019 году зьяўляецца старшынём жыльлёва-будаўнічага спажывецкага каапэратыву № 956, добрасумленна выконваў свае абавязкі, бязвыплатна аказваў юрыдычную дапамогу.

«Займаецца ўмацаваньнем законнасьці і правапарадку. Непрымірымы ў пытаньнях карупцыі і наркаманіі», — гаворыцца ў характарыстыцы.

Паводле жыхароў, Павал «актыўна выступае супраць радыкалізацыі грамадзтва, зьяўляецца прыхільнікам мірнага ўрэгуляваньня ўсіх унутрыпалітычных пытаньняў».

«Як блогер ён атрымаў прызнаньне ў часткі палітыкаў Рэспублікі Беларусь, Эўропы, што пацьвярджаецца колькасьцю яго падпісчыкаў, якая перавышае 200 000 чалавек», — пішуць суседзі.

На мінулых выбарах Павал Сьпірын заявіў пра намер балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты. Аднак Цэнтравыбаркам яго ініцыятыўнай групы не зарэгістраваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG