Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Агурбаш пра катастрофу пад назвай «лукашызм» і свой 100-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг


Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

Беларуская і расейская сьпявачка, заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш рэзка асуджае гвалт у Беларусі, крытыкуе «лукашызм» і людзей, якія выконваюць злачынныя загады, абураецца маўчаньнем Анатоля Ярмоленкі, падтрымлівае беларускіх палітвязьняў і расказвае пра свой бел-чырвона-белы сьцяг.

Сьцісла:

  • Лукашэнка зрабіў усё, каб бел-чырвона-белы сьцяг стаў сымбалем свабоды, веры і справядлівасьці, а чырвона-зялёны — сымбалем агрэсіі і беззаконьня.
  • Я хачу падтрымаць Ігара Лосіка і яго сям'ю. Ён павінен найперш думаць пра тое, як выйсьці з турмы жывым.
  • Песьню «Наўздагон» я засьпявала яшчэ ў 1991 годзе, калі мне быў 21 год. Я ганарылася, што лунае бел-чырвона-белы сьцяг, ганарылася «Пагоняй».
  • Мяне папярэджвалі, што я магу сапсаваць сабе карʼеру ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, бо людзей, якія выступаюць супраць, ня любяць. Але калі маўчаць, як далей жыць і сьпяваць?
  • Мінула пяць месяцаў, дастаткова, каб мы разумелі, куды нас павядзе той ці іншы чалавек. На сёньня я не разумею, куды нас павядзе Сьвятлана Ціханоўская.
  • У мяне падрыхтаваны падарунак – гіганцкі бел-чырвона-белы сьцяг, 4,5 мэтра на 100 мэтраў. Я чакаю сытуацыі, калі змагу зрабіць акцыю ў падтрымку беларускага народу.


Пра катастрофу пад назвай «лукашызм»

Сытуацыя крытычная ў Беларусі. Мала гаварыць, трэба дзейнічаць сурʼёзна. Я вельмі спадзявалася на тое, што Расейская Фэдэрацыя, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін дапаможа беларускаму народу, як мінімум, спыніць гэты гвалт, тэрор і свалачызм, які ідзе з боку Лукашэнкі і яго (інакш не магу сказаць) банды, самай сапраўднай бандыцкай групоўкі. Людзі цяпер знаходзяцца ў канцлягеры, жывучы ва ўласнай краіне ў ХХІ стагодзьдзі. Гэта пачварна. Я кожны дзень адкрываю стужку навінаў, і пачуцьці – ад камяка ў горле да пачуцьця безвыходнасьці. Гэта па-за межамі дабра і зла. Варʼяцтва і ідыятызм, калі судзяць жанчыну 1931 году нараджэньня, якая выйшла на марш пратэсту з нашымі дарагімі пэнсіянэрамі.

Колькі такі свалачызм будзе працягвацца? Я хачу запытацца, дарагія мае прадстаўнікі Сьледчага камітэту, судоў, дзе ваша сумленьне? З Лукашэнкам усё зразумела, а дзе ваша прафэсійнае і чалавечае стаўленьне? У нас цяпер COVID-19, а ў мяне адчуваньне, што нейкая бацыла, вірус і ўжо катастрофа пад назвай «лукашызм». Лукашызм заражае розумы і сьвядомасьць людзей, паралізуе іх, пазбаўляе ўласнай думкі і прафэсійных якасьцяў.

Пра санкцыі супраць Лукашэнкі

Расея і эўрапейская супольнасьць павінны былі б спыніць гэтую агрэсію супраць беларускага народу. Санкцыі Лукашэнку — гэта як мёртваму прыпарка. Патрэбная канкрэтная абарона беларускага народу, патрэбен трыбунал, арышт злачынцаў, якія працягваюць зьдзекавацца зь невінаватых людзей. Банды і злачынцы ўжо прыходзяць у дамы, грукаюцца ў кватэры, і яны будуць урывацца ў кватэры. Народ цяпер у пастцы, нягледзячы на тое, што ўжо пачалася адназначная партызанская вайна ў раёнах, дварах, дзе людзі абʼядноўваюцца, генэруюць мірныя ідэі ў выглядзе флэшмобаў, акцый салідарнасьці, каб паказаць, што яны не спыніліся. Цяпер так душаць, што людзі неўзабаве будуць сядзець у сваіх дамах, але гэта ня значыць, што яны зьмірыліся з тым, што адбываецца.

Пра два сьцягі

Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве
Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве

Лукашэнка не разумее, што ўсімі сваімі дзеяньнямі ён робіць усё з дакладнасьцю да наадварот, пачынаючы ад бел-чырвона-белага сьцяга. Ён зрабіў усё, каб гэты сьцяг (і гэта радасна) стаў сымбалем свабоды, веры і справядлівасьці. Ён і яго лукашысты зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб сёньняшні дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг стаў сымбалем агрэсіі і беззаконьня. Гэта ўсё ягонымі рукамі зроблена. Ён самазьнішчаецца, і ўся ягоная сыстэма самазьнішчаецца. Але каб пры гэтым не цярпела вялікая колькасьць мірных грамадзянаў.


Пра палітвязьняў і галадоўку Ігара Лосіка


Моцна за ўсіх хвалююся. Усе, хто цяпер знаходзіцца ў турме, героі. Сёньня кожнага прасьветленага беларуса, які выступае супраць тэрору, агрэсіі і гвалту, можна далучыць да ліку сьвятых. Гэта людзі, якія змагаюцца сваімі добрымі сэрцамі са злом і несправядлівасьцю. Цяпер ідзе страшная вайна Дабра і Зла, цёмных і сьветлых сілаў. Я хачу падтрымаць Ігара Лосіка і яго сямʼю. Я абавязкова напішу яму ліст, я хачу заклікаць яго спыніць галадоўку. Ён павінен найперш думаць пра тое, як выйсьці з турмы жывым. Нікому нічога ў дадзенай сытуацыі даказаць немагчыма. Зьвярнуць увагу на свае прынцыпы, на сваю чалавечую годнасьць немагчыма, таму што няма перад кім сыпаць бісер. Засталіся нечалавекі, нягоднікі і злачынцы. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Народ прачнуўся, і народ зьяднаны, і гэта ўжо не здушыць і не спыніць.

Пра пазыцыю ЭЗ і ЗША

Людзі ў Беларусі самі па сабе, засталіся сам-насам з рэпрэсіўнай машынай. Няма лідэраў, няма абароны ані ўнутры краіны, ані звонку. Няма дапамогі з боку Эўропы, ЗША, Захаду. Ніхто не абараняе людзей, ніхто не патрабуе адстаўкі прэзыдэнта, трыбуналу, яго арышту. Я ня ведаю, што рабіць. Шчыра скажу, адчуваю сябе абсалютна бездапаможнай.

Пра песьню «Наўздагон» пра Пагоню


Песьню «Наўздагон» я засьпявала яшчэ ў 1991 годзе, калі мне быў 21 год. Я ганарылася, што лунае бел-чырвона-белы сьцяг на Беларусьсю, ганарылася «Пагоняй». Падзеньне духоўнасьці адбылося ў 1995 годзе, калі воляй Лукашэнкі прыбралі нашу дзяржаўную сымболіку. Гэта была ягоная воля, я гэта дакладна ведаю. І паціху пачало валіцца ўсё. Мы ўсе паціху сталі закладнікамі абставінаў і сытуацыі. Я таксама была як у тумане. Ніхто і думаць ня мог, што ў гэтым чалавеку хаваецца столькі нянавісьці, злосьці і агрэсіі. Калі ў свой час я кантактавала з Валодзем Някляевым, я была яшчэ недасьведчаная. Ён яшчэ ў 1990-я гады казаў, і ня толькі мне: «Вы не разумееце, што робіць Лукашэнка, ён робіць злачынства над беларускім народам». А я тады шчыра не разумела, якое злачынства — ну ня вельмі добра гаворыць, але напрактыкуецца... Беларусамі заўсёды захапляліся ў сьвеце, на постсавецкай прасторы, і ўва што ён ператварыў краіну — у калгас.

Пра эстрадную тусоўку і Анатоля Ярмоленку


Я бачу, што цяпер разьдзяліліся людзі на дзьве краіны і на два народы. Сьветлыя, чыстыя і нейкія азлобленыя. Адказваючы на вашае пытаньне пра музыкаў, што засталіся вакол Лукашэнкі (Саладуха, Ланская, сёстры Грузьдзевы, Ярмоленка, Дарафеева), я б выключыла з гэтага сьпісу Анатоля Ярмоленку. Мне вельмі шкада, што ён застаўся на тым беразе. Гэта паважаны і таленавіты чалавек, якога я вельмі люблю, які ў свой час быў вельмі годны ў дачыненьні да мяне. Калі я звольнілася зь «Верасоў», у мяне забралі ўсе песьні. Засталася адзіная песьня не Васіля Раінчыка, песьня «Раз ды разок», якую я мела права выконваць. І Раінчык прапанаваў Анатолю Ярмоленку перасьпяваць гэтую песьню. Ён адмовіўся і падтрымаў мяне. Ён у нашай (у добрым сэнсе) эстрадзе застаўся адзіным зубрам, на якога раўняюцца людзі. І, на мой погляд, ён павінен быў стаць у першую чаргу наперад і абараніць людзей сабой, сваім аўтарытэтам. Так павінны былі зрабіць многія.

Мне зразумелая пазыцыя Ланской, Саладухі, яны з Лукашэнкам. Хтосьці з музыкаў падтрымаў народ, сьветлы бок, але мне незразумелая ніякая пазыцыя маіх калег, якіх я цаніла і паважала. Мне здавалася, што яны, як мінімум, па-чалавечы хаця б нэўтральна павінны былі абазначыць сваю пазыцыю і падтрымаць мір, дабро, справядлівасьць, але, на жаль, адмоўчваюцца.

Я кантактую з прадстаўнікамі інтэлігенцыі беларускага паходжаньня, якія жывуць у Расеі. Выказаліся Андрэй Макарэвіч, Дакота... Выказаліся многія выбітныя акторы, Лаліта Міляўская жорстка сказала пра «лукашызм».

Ці бясьпечна прыехаць у Беларусь


Я нагаварыла, напэўна, на некалькі артыкулаў і на многа сутак, а то і гадоў. Я цудоўна разумею, што я цяпер не магу прыехаць у Беларусь. Я ўсяго толькі маленькі чалавек. Я разумею, што ўвесь мой гераізм скончыцца на мяжы і я адпраўлюся, як мінімум, на Акрэсьціна... Пайшоў з жыцьця ўладыка Філарэт, і я ня маю магчымасьці прыляцець і разьвітацца з гэтым вялікім чалавекам, які быў мне вельмі блізкі і дарагі. Ён хрысьціў майго сына Анастаса, я мела магчымасьць і шчасьце прымаць яго ў сябе дома. Я не магу разьвітацца зь ім у Беларусі, бо разумею, што гэта вельмі небясьпечна для мяне. Вядома, мяне папярэджваюць. Мяне любяць дагэтуль, і ў Адміністрацыі прэзыдэнта шмат маіх прыхільнікаў, і ў сілавых структурах, і ва ўсіх міністэрствах. Адназначна, што мае інтэрвію паслухалі. Я не належу ні да якай супольнасьці, партыі. Я сама па сабе, творчая асоба. Проста чалавек, жанчына, маці, якой неабыякава тое, што адбываецца на яе гістарычнай радзіме. Мяне папярэджвалі, што я магу сапсаваць сабе карʼеру ня толькі ў Беларусі, але найперш і ў Расеі, бо людзей, якія выступаюць супраць, ня любяць. Але калі маўчаць, як далей жыць і сьпяваць?


Пра навагоднія віншаваньні і лідэраў

Сьпявачка Анжаліка Агурбаш
Сьпявачка Анжаліка Агурбаш

Я слухала адразу тры. Паглядзела віншаваньне Сьвятланы Ціханоўскай, паглядзела віншаваньне разумееце каго. А бой курантаў у мяне быў пад Уладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна, бо я знаходжуся ў Маскве, у Расеі. На сёньня я ня бачу лідэра ў Беларусі, пад чыё віншаваньне я падняла б келіх на Новы год. Пры ўсёй вялікай павазе да Сьвятланы Ціханоўскай і ўсіх народных лідэраў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Мінула пяць месяцаў. Дастаткова, каб мы разумелі, куды нас павядзе той ці іншы чалавек. На сёньня я не разумею, куды нас павядзе Сьвятлана Ціханоўская. Я ня ведаю яе каманду і ня ведаю, хто за ёй стаіць. Няма канкрэтных агучаных праграмаў. Павал Латушка арганізоўвае свой антыкрызісны камітэт, Ціханоўская мае сваю каманду. Я шчыра думала, што мы ўсе, хто супраць, павінны абʼяднацца ў адну вялікую і моцную каманду, прыцягнуць усіх выбітных людзей у Беларусі, чые галасы будуць пачутыя і ў сьвеце, і ў Эўропе, і ў Крамлі. На жаль, гэтага не адбываецца.


Пра стомэтровы нацыянальны сьцяг

Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве
Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве

У мяне падрыхтаваны падарунак усяму беларускаму народу – гіганцкі бел-чырвона-белы сьцяг, 4,5 мэтра на 100 мэтраў. Цяпер я чакаю сытуацыі, калі змагу зрабіць акцыю ў падтрымку беларускага народу. Можа, нарэшце гэты стомэтровы сьцяг спыніць гэтае варʼяцтва і ідыятызм, што творыцца ў Беларусі для зьнішчэньня ўсяго бела-чырвонага.

Я была перакананая, што гэтую рэпрэсіўную машыну спыніць сусьветная супольнасьць, спыніць Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. На мой погляд, сёньня адзіны аўтарытэт для Лукашэнкі – гэта Пуцін. Я вельмі на яго спадзяюся. На мой погляд, ніякай небясьпекі ад гэтага для Беларусі быць ня можа, таму што цяпер адна небясьпека для Беларусі – гэта Лукашэнка. У мяне даверу больш да Расеі. Наколькі дэмакратычна і прыязна да сытуацыі ў Беларусі ставіўся Эўразьвяз і ўся сусьветная супольнасьць, але я ня бачу ніякіх сурʼёзных, кардынальных дзеяньняў для абароны палітвязьняў і ўсяго беларускага народу з боку ЗША, ЭЗ і ўсяго сьвету.


Пра сьмелы ўчынак


Веру, спадзяюся, люблю. Я вельмі веру ў беларусаў, спадзяюся, што сьветлыя сілы перамогуць, што воіны сьвятла перамогуць гэтае зло. Я бясьсільная цяпер. Ня ведаю, як дапамагчы людзям, але я вельмі стараюся – сваёй энэргіяй, сваім стаўленьнем, сваім бясстрашшам, урэшце. Цяпер мы павінны трымацца адзін аднаго, падтрымліваць тых, хто за кратамі. Калі будзе крытычная сытуацыя (я ведаю сябе), я гатовая да самых сьмелых учынкаў і рашэньняў. Я іх прадумваю. У мяне шмат пунктаў дапамогі і падтрымкі. У крайняй сытуацыі, калі будзе востра стаяць пытаньне, мне ўжо будзе ўсё роўна, што будзе са мной і якая будзе мая будучыня. Я буду заўсёды побач з маім беларускім народам.

Анжаліка Агурбаш: «Я гатовая да самых рашучых дзеяньняў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:59 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG