Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Агурбаш: Я з такім жа псыхатыпам, як Лукашэнка, пражыла 11 гадоў


Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

Беларуская і расейская сьпявачка, заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш другі месяц прыходзіць на акцыі салідарнасьці ля беларускай амбасады ў Маскве. У размове са Свабодай Анжаліка параўноўвае рэпрэсіі ў Беларусі з гвалтам ва ўласнай сям’і; расказвае, як плакала ад шчасьця, калі над Домам ураду залунаў бел-чырвона-белы сьцяг; выказвае падтрымку мірным пратэстам у Беларусі і адказвае на скандальныя заявы мадэльера Сашы Варламава.

Анжаліка Агубаш. Нарадзілася ў Менску. У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосьці «Менская прыгажуня». У пачатку кар’еры выступала як Ліка Ялінская. Расейская і беларуская сьпявачка, актрыса, мадэль і тэлевядоўца. Заслужаная артыстка Беларусі (2006). Былая ўдзельніца ВІА «Верасы». Удзельніца Эўравізіі ад Беларусі ў 2005 годзе. Каля 20 гадоў жыве і працуе ў Маскве..

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Прапануем фрагмэнты гутаркі

Сьцісла

  • Я галасавала за Ціханоўскую, а значыць — супраць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, супраць яго рэжыму. Тое, што робіць Ціханоўская, вартае вялікай павагі.
  • Не магу паверыць, што ў Беларусі такое можа адбывацца. Гэта генацыд уласнага народу.
  • Лукашэнка самаізаляваўся, ізаляваў Беларусь, зьняволіў беларускі народ. Ён яго прысвоіў. Чамусьці вырашыў, што Беларусь і беларускі народ — ягоная ўласнасьць.
  • Калі я ўпершыню пабачыла бел-чырвона-белы сьцяг над Домам ўраду, у мяне сьлёзы на вачах выступілі. Гэта ж ідзе ад продкаў.
  • Песьня «Белая Русь» была напісаная ў 2006 годзе, я яе падарыла беларускаму народу. Яна ніякага дачыненьня ня мае ні да Лукашэнкі, ні да ягонага рэжыму.
  • Усе беларусы, якія выходзяць на маршы — гэта воіны Сьвятла. Якія прыгожыя ў нас маршы, як сьвецяцца вочы, якія натхнёныя твары! Я ганаруся сваім народам.
  • Гэты знакаміты калаж «Любімую не аддаюць», на якой Аляксандра Рыгоравіч з крывавымі рукамі і Беларусь, прыкаваная кайданкамі да батарэі... У мяне была практычна тая ж сытуацыя ў сям’і.
  • Мяне пытаюць, ці не баюся Аляксандра Рыгоравіча, ягонай агрэсіі. Я кажу: «Не, бо я з такім жа псыхатыпам пражыла 11 гадоў».

Што б сказала Лукашэнку

Сьпявачка Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве
Сьпявачка Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве

Зыходзячы з таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне склалася адчуваньне, што ён ужо ўвогуле нікога ня слухае. На жаль. Ня толькі беларусы, але і ўсе краіны сьвету спрабуюць дагрукацца да яго і папрасіць толькі аднаго. Я хачу яго папрасіць, каб ён найперш спыніў гвалт над беларускім народам, каб ён перастаў зьнішчаць свой народ. Тое, што адбываецца ў Беларусі, не паддаецца ніякаму аналізу. Я дагэтуль не магу паверыць, што ў Беларусі такое можа адбывацца. Гэта абсалютны генацыд уласнага народу. Рэпрэсіі, зьдзекі, масавыя затрыманьні, неабгрунтаваны перасьлед. Усім нам трэба думаць толькі пра тое, каб спыніць рэпрэсіўную машыну. У нас цалкам адсутнічае закон, канстытуцыйнае права. Тое, што адбываецца на ўзроўні прэзыдэнта і ягоных службаў, беспрэцэдэнтна.


Пра галасаваньне ў амбасадзе Беларусі ў Маскве

Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве
Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве

Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі. Я прагаласавала ў беларускай амбасадзе ў Маскве 6 жніўня датэрмінова. Упершыню я так галасавала. Галасаваньне было такое заціснутае. Я амаль 20 гадоў жыву ў Маскве, і беларуская амбасада была заўсёды кавалкам маёй роднай беларускай зямлі, мяне там заўсёды цёпла віталі, і я абсалютна не зразумела абстаноўку ў амбасадзе, калі я галасавала. Са мной нават баяліся павітацца па-чалавечы. Мне не дазволілі зрабіць фота ля урны, калі я апускала бюлетэнь. Я неяк мізэрна прагаласавала, зусім сьвята не адчула. Галасаваньне было арганізавана такім чынам, што большая частка беларусаў у Маскве не змаглі прагаласаваць.

Пра Сьвятлану Ціханоўскую

Я галасавала за Сьвятлану Ціханоўскую, гэта значыць — я галасавала супраць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, супраць яго рэжыму. Тое, што робіць Сьвятлана Ціханоўская, вартае вялікай павагі. Пачынаючы зь яе гераічнага ўчынку, калі яна падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам на прэзыдэнта. Яна не пабаялася, яна ратавала свайго мужа, які абсалютна незаконна сядзіць у турме. Я думаю, што Аляксандар Лукашэнка крыху недаацаніў Сьвятлану Ціханоўскую. Ён проста не падумаў, што большая частка беларускага насельніцтва стамілася жыць у прыгнечаным стане, у агрэсіі, злосьці, немагчымасьці рэалізавацца і выказаць сваю дмку, немагчымасьці жыць, тварыць, дыхаць нармальна. Усе галасавалі за новае жыцьцё. Людзі галасавалі наперш за перамены, а значыць, за Сьвятлану Ціханоўскую. І цяпер на самым высокім ўзроўні яе вітаюць, і зь ёй кантактуюць як з прадстаўніцай беларускага народу, якога ня чуе Аляксандар Лукашэнка. Гэта цудоўна.

Пра Аляксандра Лукашэнку

Лукашэнка самаізаляваўся, ізаляваў Беларусь, ізаляваў і зьняволіў беларускі народ. Ён яго прысвоіў. Чамусьці вырашыў, што Беларусь і беларускі народ — ягоная ўласнасьць. Мне хацелася б да яго зьвярнуцца: Аляксандар Рыгоравіч, вы ўсяго толькі прэзыдэнт, а мы — уся Беларусь. Мы народ, вы павінны як мінімум нас пачуць і пабачыць. Па ўсёй Беларусі людзі выходзяць на мірныя акцыі пратэсту, найперш яны выходзяць супраць агрэсіі і тэрору. Людзі хочуць толькі аднаго — годна жыць у сваёй краіне і адчуваць сябе абароненымі.


Пра беларускіх жанчын

Лукашэнка недаацаніў беларускіх жанчын. Жанчыны вымушана выйшлі на вуліцы, каб абараніць сваіх мужчын. Ён недаацаніў ролю жанчыны ў гісторыі Беларусі. Мне здаецца, што ён дастаткова легкадумна ставіцца да жанчын, да жаночага духу. На жанчыне трымаецца кожная сям’я. Жанчына-гаспадыня, жанчына-маці, жанчына кіруе сваёй сям’ёй, сваёй маленькай краінай. Калі тысячы жанчын выходзяць на мірныя акцыі, гэта такая сіла! А гэты жаночы віск? Гэта такая зброя. Ніводная дубінка не параўнаецца з жаночым духам. Бо мы, жанчыны, маці, абараняем сваіх дзяцей, будучыню сваіх дзяцей, мы будзе змагацца і біцца. І нам усё роўна, супраць нас будуць дубінкі, газавыя балёнчыкі, атакі. Жанчына абараняе, сям’ю, дзіця, любімага мужчыну, а цяпер яшчэ найвышэйшая пазыцыя — жанчыны абараняюць сваю краіну, яны вымушаныя абараняць сваю Беларусь.


Пра бел-чырвона-белы сьцяг і зьмену сымбаляў

У 1991 годзе мы зьмянілі сьцяг БССР на наш родны гістарычны сьцяг, які напоўнены духам беларускай гісторыі. Калі адбылася зьмена дзяржаўнай сымболікі, мы вярнулі вельмі энэргетычна напоўнены наш герб «Пагоня». Калі я ўпершыню пабачыла бел-чырвона-белы сьцяг над Домам ўраду, у мяне сьлёзы на вачах выступілі. Гэта ўсё ідзе ад продкаў, у гэтым сьцягу і ў нашай Пагоні столькі беларускага духу! Нездарма беларусы ўзялі ў рукі цяпер бел-чырвона-белыя сьцягі і пайшлі. Я заўсёды радавалася. З 1991 году да прыходу Лукашэнкі быў ўзьнёслы дух, росквіт у творчых людзей, цудоўныя творчыя праекты. Я бачыла, як адраджаецца наша Беларусь. Мы прагрэсавалі — і творчая інтэлігенцыя, і бізнэс-супольнасьць.

Прыйшоўшы да ўлады, Аляксандар Рыгоравіч сваім жаданьнем зьняў бел-чырвона-белы сьцяг, мы ўсе былі разгубленыя. Я думаю, што большая частка насельніцтва Беларусі не хацела гэтага. Гэта было супраць нашай волі. Потым ужо бел-чырвона-белы сьцяг асацыяваўся з апазыцыяй. Цяпер зьнішчаюць сьцягі, такое зьверскае стаўленьне да нашай спадчыны, нашай сымболікі, гістарычных каштоўнасьцяў. Напэўна, у Аляксандра Рыгоравіча свае нейкія ўнутраныя канфлікты з гэтым сьцягам. Можа, гэта у яго асацыюецца з рэпрэсіямі, з жорсткасьцю, якая была на працягу ўсіх 26 гадоў да нашай апазыцыі. Мы ведаем, колькі было і цяпер ёсьць палітзьняволеных, колькі людзей былі вымушаныя зьехаць, шмат людзей зьнікла ў Беларусі.

Пра затрыманьне расейскай паліцыяй ля беларускай амбасады ў Маскве

Ля амбасады Беларусі ў Маскве
Ля амбасады Беларусі ў Маскве

Я прыйшла да беларускай амбасады, і мяне затрымала паліцыя. Я пачула ад палкоўніка паліцыі: «Ці вы ведаеце, што ў вас у руках фашысцкі сьцяг?» Я кажу: «Хто вам гэта сказаў? Адкуль у вас гэта? Гэта не фашысцкі сьцяг, гэта такі самы наш родны сьцяг, якім мы ганарымся, як і бел-чырвона-сіні сьцяг Расеі». Сёньня нам ня трэба дзяліць беларусаў паводле сьцягоў, нам усім трэба аб’яднацца, каб спыніць агрэсію і рэпрэсіі з боку Лукашэнкі, улады, заканадаўчай сыстэмы, якая стала абсалютна беззаконная.

Пра песьню «Белая Русь» і парушэньне аўтарскіх правоў аднайменнай партыяй

Песьня «Белая Русь» ужо стала народнай. Яна была напісаная ў 2006 годзе, і я яе падарыла беларускаму народу. Яна ніякага дачыненьня ня мае ні да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, ні да яго рэжыму. Чамусьці яе цяпер асацыююць зь песьняй рэжыму. Ні ў якім разе. Гэту песьню засьпявалі людзі, гэта народная песьня, негалосны другі гімн Беларусі.

Нядаўна я даведалася, што гэтая песьня без майго дазволу стала афіцыйным гімнам партыі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Усе правы на гэтую песьню ў мяне. Песьню напісаў Ігар Цімакоў, кампазытар з Баку. Глябальна яны ня маюць права без майго ведама і дазволу трансьляваць. Да мяне многія людзі зьвяртаюцца і пытаюць, ці магу я забараніць. А чаму я павінна забараняць? Трэба, каб песьня гучала. Хай гучыць і аб’ядноўвае людзей.


Пра творцаў па-за палітыкай

Кажуць, што творчым людзям трэба быць па-за палітыкай. Так і было, я сьпявала свае песьні і была па-за палітыкай. А цяпер я не магу быць па-за палітыкай. Я жанчына і маці. Я не магу пра гэта не гаварыць. Я не магу падтрымліваць тое, што адбываецца. Я ўсяго толькі хачу быць побач са сваім народам і, чым магу, дапамагчы. Вы не ўяўляеце, колькі мне паведамленьняў і лістоў прыходзіць праз мае сацыяльныя сеткі з падзякай за маю пазыцыю.

Пра барацьбу са Злом і воінаў Сьвятла

Усе беларусы, якія выходзяць на маршы — гэта воіны Сьвятла. Якія прыгожыя ў нас маршы, як сьвецяцца вочы, якія натхнёныя твары! Я ганаруся сваім народам. Напэўна, гэтая жорсткая сытуацыя павінна была адбыцца. Мы, беларусы, цярплівыя людзі. Дык як жа нас трэба давесьці, каб мы так паўсталі на барацьбу са Злом. Я бачу прыгожых, эўрапеізаваных беларусаў, якія ідуць патокамі гэтых рэк па праспэктах і змываюць ўсё дрэннае, усю гэтую нечысьць, якая, на жаль, наліпла да беларусаў за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Калі нас малоцяць дубінкамі толькі за тое, што ў нас у руках бел-чырвона-белыя сьцягі... Дык давайце возьмем бел-чырвона-белыя ручнікі, слуцкія паясы... Беларусы ўжо свабодныя. І нам усім, братам і сёстрам, трэба берагчы сябе для новага жыцьця. Нам патрэбны сілы, каб даціснуць і ўрэшце перамагчы Зло і захаваць сябе для новай Беларусі.

Пра тое, чаму расейскія сьпевакі зьняліся ў кліпе ў падтрымку Лукашэнкі

Я ня ведаю ніводнага майго калегі-артыста, я ня ведаю ніводнага чалавека ў сьвеце, у каго засталася хоць кропелька сумленьня, годнасьці і спачуваньня, які б цяпер падтрымліваў рэжым Лукашэнкі, хто б цяпер ня ўстаў на бок беларускага народу. Усе нармальныя, цывілізаваныя людзі з душой і сэрцам сталі на бок беларускага народу. Мы цяпер мала сьпім, сочым за падзеямі, усе ў адзін голас кажуць, што трэба спыніць агрэсію, каб яшчэ больш людзей не пацярпелі. Кожны дзень знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі — гэта яшчэ пакалечаныя жыцьці, лёсы, пакалечанае здароўе людзей. На вялікі жаль.

Як я стаўлюся да сваіх калегаў, які яго падтрымліваюць і бралі ўдзел ў акцыі і выкананьні песьні «Любімую не аддаюць»? Я нікога ня маю права асуджаць. Кожны выбірае свой шлях і гісторыю сам. Не магу асуджаць, але і не падтрымліваю, таму што я ня ведаю ніводнага Чалавека зь вялікай літары, Артыста зь вялікай літары, хто падтрымліваў бы тэрор, агрэсію і гвалт. Увогуле ў сьвеце.
Пра ролю і рэакцыю Пуціна і расейскіх уладаў на падзеі ў Беларусі
Вельмі цяжкая сытуацыя. Мы ўсе чакаем, што Ўладзімір Уладзіміравіч Пуцін усё ж спыніць беззаконьне і спыніць Лукашэнку, як мінімум спыніць яго агрэсію ў дачыненьні да ўласнага народу.

Пра агрэсію былога мужа і выхад з хатняга гвалту

Аляксандар Рыгоравіч узурпаваў беларускі народ, вырашыў, што гэта належыць асабіста яму. І ніяк ня можа адпусьціць «гэтую любімую». Я жыла ў сям’і ў стане агрэсіі і тэрору. Я ведаю, што гэта такое. Цяпер, калі я назіраю за тым, што адбываецца ў Беларусі, у мяне дэжавю пасьля маёй складанай сытуацыі, зь якой я змагла выйсьці, зь цяжкага шлюбу. Бо мяне гэтак жа прыгняталі і прыніжалі. Гэты знакаміты калаж «Любімую не аддаюць», на якой Аляксандап Рыгоравіч з крывавымі рукамі і Беларусь, прыкаваная кайданкамі да батарэі...

Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

У мяне была практычна тая ж сытуацыя. Усё тое, што я перажыла ў сваёй маленькай асабістай гісторыі, фаза ў фазу перажывае наш беларускі народ. Спачатку лёгкая агрэсія, націск, ціск, прыгнёт, а потым, калі не пагаджаесься — колькі ж можна цярпець! — цябе пачынаюць дубасіць. Мая гісторыя сямігадовай даўнасьці выхаду са складанага шлюбу, калі мой муж казаў, што я алькагалічка і наркаманка, дрэнная маці, — усё тое самае цяпер зь беларусамі адбываецца. Праз тое, што цяпер адбываецца зь беларускім народам, у мяне нават адбываецца ачышчэньне маёй гісторыі. Я ніяк не магла зразумець, за што мне нябёсы паслалі гэтага чалавека, які мог зганьбіць маё жыцьцё, лёс, псыхіку, здароўе. Я была ў страшным сьне, у шызафрэнічным воблаку чалавека, зь якім я жыла. І я выйшла з гэтага воблака. І тое самае робіць беларускі народ.

Пра гвалт

Мяне пытаюцца, ці не баюся Аляксандра Рыгоравіча, ягонай агрэсіі. Я кажу: «не, бо я з такім жа псыхатыпам пражыла 11 гадоў свайго жыцьця». І я дакладна пралічваю ўсе крокі Аляксандра Рыгоравіча. Бо я гэта пражыла ў сваёй гісторыі, цяпер усе пражываюць гэта масава. Можа, таму мне так балюча. Я ведаю, што такое гвалт, што такое псыхалягічны гвалт, калі табе не даюць магчымасьці жыць, дыхаць, гаварыць, як ты хочаш. Ты маеш правы жыць, дыхаць, гаварыць толькі так, як хоча гэты чалавек. І самае дзіўнае — ты няўдзячны. Ён кажа, вы няўдзячныя, я для вас столькі зрабіў. Вядома, 26 гадоў быць прэзыдэнтам — гэта ўжо вялікі подзьвіг і праца. Сёньня Аляксандар Рыгоравіч павінен зразумець, што ўсё, час зьмяніўся, стаміліся людзі ад яго.

Пра прыгожых маладых жанчын побач з Лукашэнкам

Усе мы ведаем сымпатыю Аляксанлра Рыгоравіча Лукашэнкі да сымпатычных, прыгожых дзяўчат. Ён заўсёды сябе імі атачаў. Ня толькі з мадэльнага бізнэсу. Заўсёды побач зь ім былі прыгожыя дзяўчаты. На ўсіх прыёмах, банкетах, на ўсіх мерапрыемствах. Напэўна, ён так сябе адчувае больш упэўнена і абаронена. Можа быць, такім чынам ён уздымае нейкую мужчынскую самаацэнку, сваё мужчынскае эга. Асабіста я ня ведаю жорсткіх, крытычных сытуацый у пляне гвалту над дзяўчатамі ці жанчынамі.

Пра заявы мадэльера Варламава аб тым, што дзяўчат Лукашэнку пастаўлялі мадэльныя агенцтвы

Тое, што цяпер гаворыць Варламаў... Я паглядзела гэтыя інтэрвію. Найперш, як мінімум, Варламаў павінен прасіць прабачэньня перада мной, перад Вольгай і Андрэем Смалякамі, перад нашымі вельмі годнымі агенцтвамі «Тамара» і «Агенцтва Нагорнага». Чалавек ня ведае, што гаворыць. Ён павінен адказаць за усю тую бязглузьдзіцу, якую ён цяпер трансьлюе. Мне прыходзіць шмат паведамленьняў з просьбай патлумачыць сытуацыю, а я нават ня ведаю, як гэта камэнтаваць, таму што там няма ані слова праўды. Мае адвакаты сказалі, што рыхтуецца да выхаду ягоная кніга. Пачакаем.

Тут няма чаго абмяркоўваць, Гэта абсалютная хлусьня, пачынаючы з таго, што Вольга Смаляк ніколі не была маёй цёткай, Андрэй Смаляк ніколі не зьяўляўся мастаком Аляксандра Лукашэнкі і тым больш не маляваў голых дзяцей. Вольга Смаляк ніколі не выкладала Аляксандру Рыгоравічу. Там няма ні слова праўды. Ён публічна называе мяне фаварыткай прэзыдэнта, спрабуе зьняважыць мой гонар і годнасьць, а таксама гонар і годнасьць паважаных людзей. Я не буду гаварыць пра ўсе сытуацыі, пра якія расказвае Варламаў, я кажу толькі пра сябе, Андрэя Смаляка, Вольгу Смаляк і два агенцтвы. У агенцтве Нагорнага навучаліся мае дзеці, мая пляменьніца. Аляксандар Варламаў павінен будзе адказаць за кожную сваю фразу і за кожную няпраўду і выбачыцца ня толькі перад намі, але і перад людзьмі, якіх ён уводзіць у зман. І перад журналістамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG