Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой Беларусі, казаў «служу Расеі!», разбудаваў БПЦ. Чым яшчэ запомніўся мітрапаліт Філарэт


Мітрапаліт Філарэт.

Памёр мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў), ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Летась ён адзначыў 85-гадовы юбілей і перахварэў на каранавірус. Чым ён запомніўся?

Факты зь біяграфіі мітрапаліта Філарэта, які больш за 20 гадоў кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой.

Нарадзіўся ў Маскве

Кірыл Вахрамееў нарадзіўся 21 сакавіка 1935 году ў Маскве, у сям’і службоўцаў. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. У 1959-м быў пастрыжаны ў манаства.

Мітрапаліт Філарэт, 2009 год.
Мітрапаліт Філарэт, 2009 год.

У 1978 годзе яго прызначылі мітрапалітам Менскім і Беларускім, а таксама Патрыяршым экзархам Заходняй Эўропы, а ў 1992-м, калі Беларусь стала незалежнай,— мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі.

Стварыў БПЦ, але не хацеў аўтакефаліі

Найперш у заслугу Філарэту ставяць стварэньне і разбудову Беларускай праваслаўнай царквы. Да яго ў савецкай Беларусі было некалькі япархій у складзе Расейскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Цяпер БПЦ мае сваю разгалінаваную структуру, але па-ранейшаму падпарадкоўваецца Маскве.

Пры гэтым Філарэт заставаўся пасьлядоўным крытыкам аўтакефаліі, адмаўляючы царкоўную самастойнасьць беларускага праваслаўя.

Быў дэпутатам, дапамагаў чарнобыльцам

Філарэт быў актыўным удзельнікам грамадзкага і палітычнага жыцьця ў Беларусі. Выбіраўся народным дэпутатам СССР, а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і незалежнай Беларусі.

Амбасадарка Польшчы Эльжбета Смулкова і мітрапаліт Філарэт. 1994 год
Амбасадарка Польшчы Эльжбета Смулкова і мітрапаліт Філарэт. 1994 год

У Вярхоўным Савеце 12 скліканьня быў старшынёй камісіі дэпутацкай этыкі. Апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

Падтрымліваў Кебіча і Лукашэнку

Заўсёды знаходзіў мову з уладамі. Прыхільна ставіўся да колішняга прэм'ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча, а калі той прайграў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, пачаў падтрымліваць ініцыятывы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Але ня ўсе. Бадай, адзінае, у чым не супадаў зь ім поглядамі, дык гэта ў пытаньні сьмяротнага пакараньня. Затое пагаджаўся, што Беларусі неабходнае інтэрнэт-рэгуляваньне.

Перад выбарамі-1994. Уладыка Філарэт і прэмʼер Кебіч (аўтары Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)
Перад выбарамі-1994. Уладыка Філарэт і прэмʼер Кебіч (аўтары Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

Герой Беларусі, які служыў Расеі

У 2006 годзе атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі званьне і зорку Героя Беларусі.

Сустрэча Лукашэнкі з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы. У цэнтры ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт, Аляксандар Лукашэнка і Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал. 2016 год.
Сустрэча Лукашэнкі з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы. У цэнтры ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт, Аляксандар Лукашэнка і Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал. 2016 год.

Таксама ў ягонай калекцыі адна з найвышэйшых узнагародаў Расейскай Фэдэрацыі, ордэн Аляксандра Неўскага. Падзякаваўшы за давер прэзыдэнту Ўладзіміра Пуціна, падчас уганараваньня Філарэт дадаў: «Служу Расеі!»

Пачэсны экзарх на пэнсіі

25 сьнежня 2013 году Сынод Расейскай праваслаўнай царквы задаволіў прашэньне мітрапаліта Філарэта аб выхадзе на пэнсію ў сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту.

Яго прызначылі ганаровым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, захаваўшы месца на набажэнствах і ў афіцыйных цырымоніях.

Памёр ад каранавірусу

У сьнежні 2020 году стала вядома, што Філарэт захварэў на каранавірус. Паводле некаторых зьвестак, заразіўся падчас сьвяткаваньня ўласнага юбілею, на якім ігнараваліся элемэнтарныя захады засьцярогі. Царква заклікала ўсіх сьвятароў і вернікаў маліцца за ягонае здароўе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG