Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пацьвердзіў курс на раскол грамадзтва


Менск, марш у Курапаты, лістапад 2020
Менск, марш у Курапаты, лістапад 2020

Пасьля 9–12 жніўня, калі некалькі чалавек былі забітыя і сотні зазналі нялюдзкія катаваньні, цяжка ўявіць, каб беларускае грамадзтва гатовае было пайсьці на нейкі дыялёг з Лукашэнкам, акрамя як пра спосаб ягонай адстаўкі.

Тэарэтычна можна дапусьціць, што які-небудзь іншы палітык у падобнай сытуацыі паспрабаваў бы — у выглядзе апошняга шанцу — наладзіць нейкі дыялёг. Хаця б у інтарэсах уласнага міжнароднага іміджу. Пачаць хаця б адну крымінальную справу супраць гвалтоўных дзеяньняў сілавікоў, пасадзіць за адзін стол кіраўнікоў адміністрацыі і прэзыдыюм Каардынацыйнай рады, правесьці ў прамым тэлеэфіры хаця б адну дыскусію зь лідэркай выбарчай кампаніі Сьвятланай Ціханоўскай.

І калі з крымінальнай справай супраць нейкага АМАПаўца засьцярога Лукашэнкі цалкам апраўданая (гэта гарантавана абрынула б падтрымку сілавымі структурамі — «Ён здаў яго, здасьць і ўсіх нас»), дык дыскусія зь Ціханоўскай не пагражала Лукашэнку нічым: ён здольны «задушыць» агрэсіўнай дэмагогіяй любога апанэнта, псыхалягічна зьнішчыць яго (за вельмі рэдкімі выключэньнямі — і шаноўная Сьвятлана, хай не крыўдуюць на мяне яе прыхільнікі, да іх не адносіцца).

Але Лукашэнка не дазволіў пачаць такую крымінальную справу, Ціханоўскую выціснуў за мяжу, а прэзыдыюм КР пасадзіў не за стол перамоваў, а за краты.

І прычына тут ня толькі ў страху. Лукашэнка арганічна няздольны да кампрамісу, бо ўспрымае яго як праяву слабасьці.

Цяпер ён падпісаў указ пра абвяшчэньне 2021 году «годам народнай еднасьці» і прапанаваў «перагарнуць старонку».

Такую ж прапанову («перагарнуць старонку») зрабіў ён у жніўні і кіраўніцы пракрамлёўскага тэлеканалу RT, якая ўзьняла тэму катаваньняў падначаленых ёй журналістаў на Акрэсьціна. У выпадку з RT прапанова спрацавала: расейскіх журналістаў вызвалілі і ня сталі перасьледаваць юрыдычна, тэлеканал выступае ў ролі адваката рэжыму Лукашэнкі.

Цяперашнія словы Лукашэнкі пра «перагортваньне старонкі», адрасаваныя ўжо беларускаму грамадзтву, супалі з сустрэчай з генэральным пракурорам, падчас якой ня толькі былі пацьверджаныя ранейшыя рэпрэсіўныя мэтады ў дачыненьні да апанэнтаў, але і абмяркоўваліся новыя.

«Перагортваньне старонкі» не спыніла перакваліфікацыі адміністрацыйных спраў за ўдзел у масавых акцыях у крымінальныя, што дазваляе арыштоўваць і судзіць людзей і пасьля заканчэньня двухмесячнага тэрміну даўнасьці.

З кожным днём рэпрэсіі ахопліваюць усё больш шырокае кола і даўно перакрочылі мяжу здаровага сэнсу. Людзей затрымліваюць і асуджаюць за допісы ў сацсетках. Цяпер нават сьнегавік у бел-чырвона-белай расфарбоўцы разглядаецца як пікет і цягне за сабой адміністрацыйную адказнасьць. Усё гэта, між іншым, супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду сходаў і выказваньня меркаваньняў.

Барацьба з нацыянальнай сымболікай увогуле набыла татальны характар і пацьвярджае, што ніякага, нават мінімальнага кампрамісу з патрыятычнымі сіламі ня будзе.

Не кампраміс і ня пошук згоды — а насаджэньне варажнечы і эскаляцыя супрацьстаяньня былі і застаюцца адметнай рысай палітычнага стылю Лукашэнкі, бо толькі ў сытуацыі канфлікту Лукашэнка адчувае сябе камфортна.

І ён стварае канфлікты няспынна. Яны патрэбныя яму, як паветра.

Яшчэ на самым пачатку кіраваньня краінай, заявіўшы ў інаўгурацыйнай прамове пра грамадзянскую згоду і нацыянальную еднасьць, Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, які раскалоў грамадзтва на дзесяцігодзьдзі.

Зь першых дзён прэзыдэнцтва ён не падаў ніводнага прыкладу паразуменьня з палітычнымі апанэнтамі. Толькі канфлікт, толькі супрацьстаяньне, толькі стаўка на сілу. Гэта тычылася крытычнай да яго парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, дэпутатаў якой зьбілі ў залі парлямэнту. Гэта тычылася і спачатку ляяльнага да прэзыдэнта Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які ён у выніку разагнаў, а таксама былых кіраўнікоў і членаў ягонага ўраду Чыгіра і Лявонава, якіх ён пасадзіў.

Я адмыслова прыгадваю 1990-я, бо пра гэта могуць ня ведаць тыя, хто зацікавіўся палітыкай толькі ў 2020 годзе. Бо цяперашнія рэпрэсіі — праява палітычнага амплюа Лукашэнкі.

І ён ніколі ня быў інакшы — вось што важна.

«Знойдзем і пакараем усіх!» — гэта ўжо да цяперашніх апанэнтаў, сярод якіх нямала і ўчорашніх ягоных прыхільнікаў. Можна меркаваць, што Лукашэнка кіруецца пачуцьцем банальнай і нізкай помсты да ўсіх, хто асьмеліўся супраць яго выступіць.

Ці, дакладней, асьмеліўся яго не любіць.

Альбо — разьлюбіць, што яшчэ горш.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG