Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейца, які пафарбаваў валасы ў белы і чырвоны колеры, арыштавалі на 15 дзён за адзіночны пікет


Андрэй Прыстаўка.

Андрэй Прыстаўка бліжэйшыя 15 содняў правядзе ў ізалятары за адзіночны пікет. За 2020 год яго затрымлівалі 7 разоў.

Як паведамляе «Брэсцкая газета», Андрэя Прыстаўку затрымалі 24 сьнежня, калі ён выйшаў на адзіночны пікет са штандарам (бел-чырвона-белы сьцяг з гербам «Пагоня») і стаў насупраць аддзяленьня міліцыі ў мікрараёне Паўднёвы. Два дні ён правёў у ІЧУ, потым адбыўся суд і справу накіравалі на дапрацоўку.

Раніцай 28 сьнежня Прыстаўку зноў затрымалі і адвезьлі ў суд, які пакараў мужчыну 15 днямі адміністрацыйнага арышту. Пры гэтым судзьдзя пастанавіў зьнішчыць сьцяг.

Андрэй Прыстаўка пасьля выхаду з 15 сутак разам зь іншым вядомым берасьцейскім пратэстоўцам, ужо памерлым Раманам Рашэцкім. Фота з фэйсбуку Андрэя Прыстаўкі.
Андрэй Прыстаўка пасьля выхаду з 15 сутак разам зь іншым вядомым берасьцейскім пратэстоўцам, ужо памерлым Раманам Рашэцкім. Фота з фэйсбуку Андрэя Прыстаўкі.

Прафэсіяй Андрэй Прыстаўка — інжынэр-праграміст. Упершыню пратэставаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2011 годзе, калі выйшаў на маўклівую акцыю. Тады берасьцеец упершыню апынуўся ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасьця. Пасьля гэтага была шматгадовая паўза, але ў 2020-м пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага з паплечнікамі Прыстаўка пачаў удзельнічаць у пратэстах зноў, але да гэтага пайшоў валянтэрам у штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

У кастрычніку, выйшаўшы з ІЧУ пасьля 15 дзён арышту, Прыстаўка пафарбаваў валасы і бараду ў колеры нацыянальнага сьцяга і з таго часу ходзіць менавіта так.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG