Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся першы суд у крымінальнай справе за шэсьце ў Курапаты, дзе 231 падазраваны


Узброеныя сілавікі супраць мірных пратэстоўцаў падчас шэсьця ў Курапаты 1 лістапада 2020 году
Узброеныя сілавікі супраць мірных пратэстоўцаў падчас шэсьця ў Курапаты 1 лістапада 2020 году

Падазраваны Міхаіл Глухоўскі не прызнаў сябе вінаватым.

Суд Першамайскага раёну Менску 4 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу ў дачыненьні 47-гадовага менчука Міхаіла Глухоўскага, піша «Вясна».

Мужчыну абвінавачваюць у перакрыцьці дарогі каля парку Чалюскінцаў 1 лістапада на нядзельным «Маршы супраць гвалту» на Дзяды, калі адбылося шэсьце ва ўрочышча Курапаты. Тады Сьледчы камітэт заявіў, што мае 231 падазраванага ў справе.

Паводле абвінавачаньня, Міхаіл Глухоўскі разам зь іншымі пратэстоўцамі прычыніў шкоду «Менсктрансу» на суму больш як 10 тысяч рублёў. Справу Глухоўскага разглядае судзьдзя Сьвятлана Чараповіч.

Міхаіла Глухоўскага затрымалі 1 лістапада ў 14:40 ва Ўруччы. Яго аштрафавалі за ўдзел у мітынгу 1 лістапада паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП на 405 рублёў. А праз тыдзень зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы. Неўзабаве мужчыну выпусьцілі пад паручальніцтва маці і сына. Пазьней Міхаіла асудзілі ўжо за «Марш партызанаў» 18 кастрычніка на 540 рублёў.

Сьледчыя ў матэрыялах крымінальнай справы напісалі, што падазраюць удзел Глухоўскага ў блякаваньні дарог паблізу дамоў 95А-111 на праспэкце Незалежнасьці. Таксама там сустракаецца фармулёўка «доўга і ўпарта парушаў грамадзкі спакой».

Сьледчы камітэт заявіў, што пратэстоўцы днём 1 лістапада прыпынілі рух 14 аўтобусаў і 10 тралейбусаў у раёне праспэкту Незалежнасьці, вуліц Валгаградзкай, Кедышкі, Лагойскага тракту, Філімонава, Каліноўскага і іншых. Дзяржаўнае абвінавачаньне ў гэтай справе падтрымлівае пракурор Зубко.

Міхаіл Глухоўскі прызнаў сваю віну часткова: ён пацьвердзіў, што браў удзел у мірным маршы, але не прызнаў, што прычыніў шкоду на такую суму. Мужчына патлумачыў у судзе, што выйшаў на шэсьце 1 лістапада, каб выказаць мірны пратэст.

«Я, калі служыў, браў удзел у ваенных дзеяньнях у каўкаскім рэгіёне. На маршы я адчуў шок ад таго, што робіцца на вуліцах майго роднага мірнага гораду».

Працяг суду над Глухоўскім — 14 студзеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG