Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З найбуйнейшага прадпрыемства Магілёва звольнілі інжынэраў, якіх заўважылі на акцыях пратэсту


Будынак заводакіраўніцтва акцыянэрнага таварыства «Магілёўхімвалакно»
Будынак заводакіраўніцтва акцыянэрнага таварыства «Магілёўхімвалакно»

З найбольшага ў Магілёве прадпрыемства «Магілёўхімвалакно» ў апошні дзень 2020 году звольнілі двух інжынэраў, якіх заўважылі на акцыях пратэсту. Абодва адпрацавалі на вытворчасьці больш за 20 гадоў.

51-гадовы сябра АГП Эдуард Абакановіч працаваў вядучым энэргетыкам, а 45-гадовы беспартыйны Валер Галубцоў — вядучым мэханікам. Яны лічаць звальненьне палітычна матываваным.

Фармальная прычына іхнага звальненьня — неналежнае выкананьне службовых абавязкаў і дысцыплінарнае спагнаньне.

Пра Эдуарда Абакановіча. Сьцісла

  • Скончыў Магілёўскі тэхналягічны інстытут па спэцыяльнасьці «інжынэр аўтаматызацыі».
  • Пачаў працоўную кар’еру на «Хімвалакне» ў жніўні 1992 году сьлесарам кантрольна-вымяральнай апаратуры.
  • Працаваў на розных інжынэрна-тэхнічных пасадах. Вядучым энэргетыкам энэргатэхналягічнага цэху працаваў 5 гадоў.
  • Ад 1999-га — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У прэзыдэнцкую кампанію 2001-га быў адным з кіраўнікоў гарадзкога штабу Сямёна Домаша. Каардынаваў незалежнае назіраньне ў 2000-м і 2001-м, а ў 2003-м вылучаўся ў дэпутаты гарсавету.
  • Быў даверанай асобай апазыцыйных кандыдатаў падчас выбарчых кампаніяў.
  • Жанаты. Мае дарослую дачку.

Абакановіч: «Трапіў у сьпіс нядобранадзейных работнікаў»

Эдуард Абакановіч кажа, што кіраўніцтва прадпрыемства ведала пра ягоную прыналежнасьць да апазыцыйнай арганізацыі. Свае палітычныя погляды ён на працоўным месцы выказваць пазьбягаў, бо іначай яго даўно б звольнілі.

Эдуард Абакановіч
Эдуард Абакановіч

Да праблемаў, тым ня менш, партыец быў гатовы.

Па ягоных словах, гадоў пятнаццаць таму на нарадзе ў генэральнага дырэктара прагучала інфармацыя, што ён нібыта паехаў на сход баевікоў у Кіеў. Гэта была няпраўда, бо ў той жа дзень яго адшукалі на працы, але на тры дні прыставілі спэцслужбіста. Гэтую гісторыю звольнены супрацоўнік называе кур’ёзнай, але яна, кажа ён, ілюструе стаўленьне да яго з боку адміністрацыі.

Абакановіч сьцьвярджае: для звальненьня кіраўніцтва прадпрыемства палічыла дастатковым фатаздымак, дзе яго засьпелі на фоне двух міліцыянтаў. Фота было зробленае 10 жніўня падчас зачысткі сілавікамі цэнтру гораду. Сюды ён прыехаў адведаць маці і выпадкова трапіў у аб’ектыў фотакамэры.

Актывіст даводзіць, што гэтае фота ўпершыню пабачыў пазьней, падчас нефармальнай гутаркі з прадстаўніком адміністрацыі. Яго «папрасілі больш не трапляць на такія фатаздымкі, бо зь ім хочуць працаваць».

Абакановіч лічыць, што яму хоць і ўдалося апраўдацца, але ён застаўся ў «сьпісе нядобранадзейных работнікаў», ад якіх адміністрацыя мелася пазбавіцца.

Пра Валера Галубцова. Сьцісла

  • У 1998 годзе скончыў Магілёўскі тэхналягічны інстытут і ўладкаваўся на «Хімвалакно».
  • Пачаў працоўную кар’еру сьлесарам, затым займаў розныя інжынэрна-тэхнічныя пасады. Вядучым мэханікам у электратэхналягічным цэху працаваў ад 2009 году.
  • Беспартыйны. Да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году трымаўся нэўтральных поглядаў, а пасьля 9 жніўня перагледзеў іх. Сябе апазыцыянэрам ня лічыць. Хоча, каб у краіне ўсё было па справядлівасьці.
  • Жанаты. Мае непаўналетняга сына.

Галубцоў: «Калектыў запалохваюць»

Валер Галубцоў кажа, што 9 жніўня галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую. Увечары пасьля закрыцьця выбарчых участкаў прыйшоў у цэнтар гораду «паглядзець абстаноўку» і стаў сьведкам гвалтоўнай зачысткі сілавікамі. Пабачанае ўразіла. Цягам жніўня ў выходныя зь сябрамі выходзіў у цэнтар «выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю».

Валер Галубцоў
Валер Галубцоў

«Неяк міліцыянты блякавалі плошчу Леніна, і мы апынуліся ў аблозе, — успамінае Валер Галубцоў. — Адзін зь міліцыянтаў здымаў людзей на відэа. На яго трапіў і я...»

На ягоную думку, тыя апэратыўныя здымкі і сталі нагодай для звальненьня. Пры гэтым ён адзначае: адкрытага перасьледу за іншадумства на прадпрыемстве не зазнаваў. Адміністрацыя наклала на яго сумнеўныя дысцыплінарныя спагнаньні. Звальненьне ён успрымае, у тым ліку, і як запалохваньне калектыву.

«Са звальненьнем ня згодныя, яно палітычна матываванае...»

У кастрычніку Абакановічу і Галубцову зрабілі па аднолькавай заўвазе за тое, што пакідалі працоўныя месцы, мінаючы прахадную з электроннай сыстэмай кантролю перасоўваньня работнікаў. Абодва настойваюць, што выходзілі з заводу па службовай неабходнасьці, як і іншыя іхныя калегі, бо гэта было звыклай практыкай. На думку Абакановіча, «заўвага была фармальнай прычэпкай», ужо тады кіраўніцтва задумала спыніць зь ім працоўныя адносіны.

Фармулёўка звальненьня ў працоўнай кніжцы Эдуарда Абакановіча
Фармулёўка звальненьня ў працоўнай кніжцы Эдуарда Абакановіча

Па словах Галубцова, 17 сьнежня ў аднаго з работнікаў цэху на прахадной адбыўся інцыдэнт з аховаю. На наступны дзень яе супрацоўнікі наведаліся з аглядам цэхавых памяшканьняў. У яго адшукалі сьпісаныя дэталі, якія, як ён кажа, захоўваў на выпадак замены падчас рамонту абсталяваньня.

У гаспадарцы Абакановіча наткнуліся на адходы кабэлю, якія ён, як кажа, уключыў у вопіс, але яго абвінавацілі ў несвоечасовай здачы мэталалому.

На абодвух склалі дакладныя начальству, а тое 30 сьнежня прапанавала ім звольніцца, каб «не азмрочваць навагодзьдзе». Па іхных словах, такую прапанову патлумачылі, тым, што згодна з правіламі прадпрыемства ў іх па адным нескасаваным спагнаньні, а яшчэ аднаго дастаткова, каб спыніць працоўныя адносіны з ініцыятывы наймальніка за парушэньне работнікам Працоўнага кодэксу.

Фармулёўка звальненьня ў працоўнай кніжцы Валера Галубцова
Фармулёўка звальненьня ў працоўнай кніжцы Валера Галубцова

Былыя супрацоўнікі кажуць, што звальняцца з уласнай ініцыятывы адмовіліся і 31 сьнежня зьявіліся на працы. Ім зноў прапанавалі звольніцца, і калі яны паўторна адмовіліся, на іх «цягам паўдня» падрыхтавалі загад.

«У аддзеле кадраў мы напісалі, што ня згодныя з загадам, бо лічым звальненьне палітычна матываваным, — адзначае Галубцоў. — Нам адмовіліся выдаць копію загаду».

Абакановіч дадае: у іх забралі пропускі і забаранілі ахове пусьціць у цэх пераапрануцца. Адзежу ім вынесьлі калегі. На ягоную думку, начальства гэтак зрабіла, каб адпомсьціць за фразу аб палітычна матываваным звальненьні.

«Пераапраналіся на прахадной, нібы бадзягі...»

Паводле загаду, працоўныя адносіны спыненыя 31 сьнежня «за невыкананьне без паважных прычын працоўных абавязкаў работнікам, які меў нязьнятае дысцыплінарнае спагнаньне».

Атрымаць камэнтар у адміністрацыі прадпрыемства нам не ўдалося.

Абакановіч і Галубцоў тлумачаць, што пісаць заяву на звальненьне адмаўляліся, бо накладзеныя спагнаньні недастатковыя для спыненьня працоўных адносінаў. Акрамя таго, кожны зь іх адрабіў на прадпрыемстве больш за 20 гадоў, што ня ўлічвалася адміністрацыяй.

«Мы пераапраналіся на прахадной, нібы бадзягі, і такой была падзяка за шматгадовую працу», — абураецца Галубцоў.

Эдуард Абакановіч на «Хімвалакне» быў дружыньнікам. І гэта ня выратавала яго ад звальненьня
Эдуард Абакановіч на «Хімвалакне» быў дружыньнікам. І гэта ня выратавала яго ад звальненьня

Па словах Абакановіча, калі калегі вынесьлі адзежу, ня змог стрымаць сьлёз, разьвітваючыся зь імі. Ён ня ўтойвае, што цяпер у роспачы, бо знайсьці ў Магілёве адэкватную працу будзе складана.

«На „Хімвалакне“ я зарабляў больш за 1000 рублёў, — адзначае ён. — Для Магілёва гэта добрыя грошы. Я не цураюся любой работы, але не выключаю, што давядзецца шукаць працу за мяжою».

Галубцоў спадзяецца знайсьці яе ў Магілёве і гатовы працаваць шараговым рабочым. Ён зьбіраецца высьветліць, наколькі падстава яго звальненьня ўскладніць уладкаваньне на новым месцы і ці ёсьць пэрспэктывы яе скасаваньня ў судовым парадку.

Звольненыя не выключаюць, што будуць судзіцца і за аднаўленьне на прадпрыемстве. Але, на іх погляд, калі ўдасца выйграць спрэчку, ім не дадуць спакойна працаваць і адміністрацыя ўсё роўна знойдзе за што звольніць.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG