Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваньні ў Беларусі: верасень-лістапад 2020 году. Новая справаздача


Катаваньні на Акрэсьціна ў жніўні 2020 году

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі падрыхтаваў другую прамежкавую справаздачу, яна тычыцца ўжываньня катаваньняў і негуманнага абыходжаньня ў дачыненьні да затрыманых грамадзян у пэрыяд з верасьня па лістапад 2020 году.

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў — адмысловая інстытуцыя, створаная праваабарончымі арганізацыямі Беларусі і іншых краінаў.

Асноўныя тэндэнцыі ў абыходжаньні з затрыманымі і зьняволенымі, якія былі задакумэнтаваныя ў жніўні 2020 году, не зьмяніліся. Пасьля першапачатковага спаду міліцэйскага гвалту ў канцы жніўня, у верасьні катаваньні ў дачыненьні да затрыманых узмацніліся і не спыняюцца на працягу наступных трох месяцаў.

Трагічнай кульмінацыяй гэтага гвалту стала сьмерць па віне супрацоўнікаў сілавых структураў 31-гадовага менчука Рамана Бандарэнкі 12 лістапада 2020. Ён быў настолькі моцна зьбіты 11 лістапада пры затрыманьні невядомымі асобамі і наступным знаходжаньні ў РУУС, што памёр у рэанімацыі на наступны дзень ад атрыманых траўмаў.

Характэрнымі тэндэнцыямі ў гэты пэрыяд стала мэтанакіраванае ўтойваньне супрацоўнікамі праваахоўных органаў сваёй ідэнтычнасьці. У час выкананьня службовых абавязкаў яны не выкарыстоўваюць форму з ідэнтыфікацыйнай інфармацыяй і знакамі адрозьненьня, некаторыя апранутыя ў грамадзянскую вопратку, не прадстаўляюцца і ня падаюць свае дакумэнты. Твары практычна заўсёды закрытыя маскамі. Часта выкарыстоўваюцца цывільныя машыны без рэгістрацыйных знакаў.

Затрыманьні часта носяць характар выкраданьняў — супрацоўнікі органаў унутраных справаў не дазваляюць затрыманым тэлефанаваць сваім сваякам, каб паведаміць пра сваё месцазнаходжаньне. Акрамя таго, яны не паведамляюць сваякам аб затрыманьні людзей, нягледзячы на адпаведныя просьбы, а часам падаюць непраўдзівыя інфармацыю.

Іншая трывожная тэндэнцыя — гэта мэтанакіраванае і наўмыснае стварэньне негуманных умоваў утрыманьня ў месцах несвабоды для пакараньня затрыманых. Дзяржаўнымі органамі наўмысна не прымаюць ніякіх мераў для абароны затрыманых ад заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй і для ізаляцыі і лячэньня тых, у каго прысутнічаюць сымптомы захворваньня. У такіх умовах — масавых затрыманьняў і адсутнасьці прафіляктычных мераў — месцы пазбаўленьня волі сталі месцамі масавага заражэньня COVID-19.

Камітэтам, у асобе беларускіх праваабарончых арганізацый, у пэрыяд з верасьня па лістапад накіраваныя 11 заяваў аб распачынаньні крымінальных справаў па фактах гвалту, катаваньняў і ўжываньня зброі і выбуховых боепрыпасаў падчас мірных сходаў. Па стане на 1 сьнежня Камітэту невядома аб распачынаньні хаця б адной крымінальнай справы.

Пры гэтым падразьдзяленьні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь актыўна распачынаюць справы ў дачыненьні да пацярпелых нібыта за «удзел у масавых беспарадках» і праводзяць папярэдняе расьсьледаваньне. Дзяржава не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па абароне сваіх грамадзянаў ад катаваньняў і негуманнага абыходжаньня і правядзеньні хуткага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня такіх выпадкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG