Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць завесьці крымінальную справу на сілавікоў за гвалт на «Маршы суседзяў»


«Марш суседзяў», пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту. Менск, 29 лістапада.

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі падаў заяву ва Ўпраўленьне Сьледчага камітэту горада Менска.

Праваабаронцы патрабуюць завесьці крымінальныя справы па фактах прымяненьня гвалту, спэцсродкаў і зброі 29 лістапада на акцыі «Марш суседзяў», паведамляе сайт «Прававой ініцыятывы».

Заяву падпісалі «Прававая ініцыятыва», праваабарончы цэнтар «Прававая дапамога насельніцтву», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», ПСАА «Зьвяно».

Праваабаронцы са спасылкай на телеграм-каналы СМІ і блогераў адзначылі 6 фактаў гвалту, выкарыстаньня спэцсродкаў і зброі ў парушэньне заканадаўства.

Як мінімум аднаго чалавека сілавікі зьбілі да страты прытомнасьці. Пры гэтым, на думку падпісантаў заявы, прымяненьне сілы і спэцыяльных сродкаў ня мела законнай мэты і не ўжывалася для затрыманьня або стрыманьня правапарушэньня, бо ў той момант людзі не парушалі якую-небудзь з нормаў заканадаўства дзяржавы, а рэалізоўвалі права на мірныя сходы і дзеяньням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не супраціўляліся.

Юрысты адзначаюць, што артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» забараняецца прымяняць або выкарыстоўваць зброю пры значнай колькасьці людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець староньнія асобы.

Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу па факце перавышэньня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў (ч. 3 арт. 426 КК).

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі таксама заклікаў сьведак і пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў зьвяртацца да яго дзеля дакумэнтаваньня і далейшага аналізу падзей падчас пратэстаў у краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG