Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Маршы суседзяў» затрымалі больш за 400 чалавек

абноўлена

Адно з затрыманьняў у Горадні, 20 лістапада
Адно з затрыманьняў у Горадні, 20 лістапада

У Менску і іншых гарадах Беларусі міліцыя разганяе калёны і затрымлівае пратэстоўцаў, якія ў сваіх мікрараёнах выйшлі на маршы супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.

На 8.00 30 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў прозьвішчы 416 затрыманых у Менску і іншых мясцовасьцях.

У сацыяльных сетках дзеляцца відэа стрэлаў і распыленьня газу супраць пратэстоўцаў у Менску і па-за Менскам, у прыватнасьці ў Бараўлянах.

  • 14 затрыманых зь міліцыі трапілі ў шпіталі.
  • 63 чалавек пасьля затрыманьня адпусьцілі (з пратаколамі ці без — інфармацыі няма).
  • 7 затрыманых былі непаўналетнія, паведаміў БелаПАН.

ГУУС Менгарвыканкаму назвало сваю лічбу затрыманых — «каля 250 грамадзян». Праваабаронцы ж у Менску налічылі 354 затрыманых.

МУС 30 лістапада паведаміла, што за краты да суду пасадзілі 313 чалавек.

Сярод затрыманых

  • нэўроляг Руслан Бадамшын, якога схапілі ва Ўруччы каля 13:30,
  • стаматоляг Аляксей Іваноў, які пры затрыманьні страціў прытомнасьць,
  • рэтнгеноляг, загадчык аддзяленьня РНПЦ дзіцячай хірургіі Ігар Жынь. Яго з пастарунку забрала «хуткая дапамога»,
  • траўматоляг Леанід Глазкін, яго затрымалі паўторна,
  • траўматоляг-артапэд зь Берасьця Юры Чубрык.

Пра затрыманых мэдыкаў паведаміў тэлеграм-канал «Белые халаты. News».

Затрымалі таксама

  • сябру асноўнага складу Каардынацыйнай рады эканаміста Дзьмітрыя Крука,
  • юрыстку Вольгу Смалянку, экспэртку ў сфэры свабоды асацыяцыяў, дырэктарку Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend.

У Берасьці затрымалі журналістаў Станіслава Коршунава і Максіма Хлябца з «Брестской газеты», а таксама пэнсіянэрку Алену Гнаўк, якую ўжо чатыры разы судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Максім Хлябец пра сваё затрыманьне напісаў у твітэры. Усіх іх адпусьцілі з пастарунку, склаўшы пратаколы.

У Менску выйшла больш за 20 калёнаў дэманстрантаў. Людзі выйшлі таксама ў іншых гарадах краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG