Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць за надпіс «Не забудзем» на месцы сьмерці Тарайкоўскага. Як прайшоў першы дзень працэсу


Надпіс «Не забудзем!» каля «Пушкінскай» станцыі, 15 жніўня 2020

Справу разглядае Фрунзэнскі суд. Абвінавачаныя — Марыя Бабовіч і Максім Паўлюшчык.

Ім прад’яўлена абвінавачаньне па двух крымінальных артыкулах — ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218. Грамадзянскі пазоўнік — Гаррамаўтадар Менгарвыканкаму — зьмяніў на судзе патрабаваньні пазову і зьменшыў суму прычыненай шкоды.

Прадстаўніца прадпрыемства сказала, што спачатку сума была заяўленая як меркаваная, а з улікам фактычных затрат па выдаленьні надпісу каля мэтро «Пушкінская» склала ўсяго 211 рублёў 20 капеек.

Спачатку падазраваным прад’яўлялі шкоду больш як на 10 тысяч 178 рублёў, потым зьменшылі да 7 тысяч 500 рублёў.

Абаронцы патлумачылі журналістам, што гэтую новую суму шкоды неўзабаве сплацяць. Яны кажуць, што з улікам памеру шкоды наогул не ўзьнікае крымінальнай адказнасьці па 218 артыкуле, бо шкода маёмасьці складае менш за 40 базавых велічынь і не падпадае пад крымінальную адказнасьць. 211 рублёў — гэта менш за 10 базавых велічынь.

Што да абвінавачаньня па 339 артыкуле, то ўсё таксама «даволі неадназначна», бо калі зыходзіць з прадстаўленага разьліку, то зьнішчэньня маёмасьці фактычна не было — нанесеныя абвінавачанымі надпісы проста змылі. А для кваліфікацыі па гэтым крымінальным артыкуле неабходна пашкоджаньне ці зьнішчэньне маёмасьці, чаго не было.

Паводле адваката, у выніку максымум, што пагражае, — гэта адміністрацыйная адказнасьць па артыкуле 17.1. Ён лічыць, што пракуратура павінна задумацца аб прад’яўленым абвінавачаньні, бо памер шкоды, на які яны спасылаліся, не пацьвердзіўся.

Абаронцы кажуць, што будуць спрабаваць даказаць, што надпісы не былі нанесеныя беспрычынна, што пэўная прычына на гэта была.

Абарона на судзе заявіла хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня. Аднак суд гэтае хадайніцтва адхіліў. Марыя Бабовіч і Максім Паўлюшчык бяруць удзел у працэсе, седзячы ў клетцы пад аховай.

Марыя Бабовіч, на заднім пляне — Максім Паўлюшчык
Марыя Бабовіч, на заднім пляне — Максім Паўлюшчык

«Ён нічога не рабіў, каб яго судзіць»

Сьвятлана Паўлюшчык, якая працуе на «Гарызонце», сказала ў перапынку, што сына затрымлівалі, калі яна ляжала ў бальніцы ў цяжкім стане. У Максіма раней была судзімасьць па арт. 339 (хуліганства), ён адбыў «хімію». У той дзень, па словах маці, яе сын ня меў ніякіх намераў некаму нешта зрабіць дрэннае.

Падчас разгляду хадайніцтва ў судзе Максім заплакаў, калі сказалі, што бацькі ў яго на інваліднасьці, а жонка цяжарная.

«Ён заплакаў, бо баіцца нас згубіць, — кажа маці. — Ён нічога не рабіў, каб яго судзіць, ён проста напісаў пра загінулага, што мы помнім».

Жонка Максіма Вікторыя сказала, што падсудных прызналі палітвязьнямі. Яна лічыць, што за надпісы ў прынцыпе людзей не павінны саджаць.

«Тое, што яны напісалі на плітцы, не зьяўляецца нецэнзурнай лексыкай („Не забудзем“ і на канцы сэрцайка), і людзі не павінны за гэта сядзець. Мы спадзяёмся, што ён выйдзе на волю», — сказала яна.

Яна расказала, што затрыманыя пісалі сіняй водаэмульсійнай фарбай, якая адразу змываецца вадой. Спачатку Гаррамаўтадар налічыў, што трэба замяніць 263 квадратныя мэтры пліткі, і выставіў суму шкоды ў 10 тысяч 178 рублёў. Пасьля затрыманьня Максіма і Марыі фарбы на плітцы ўжо не было.

«У Гаррамаўтадары сказалі, што яны зрабілі замену, але насамрэч ніякай замены пліткі не было, проста надпіс быў зафарбаваны нейкай шэрай фарбай. Потым выставілі шкоду ў памеры 7 тысяч 500 рублёў», — сказала Вікторыя.

Кветкі каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, 17 жніўня 2020
Кветкі каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, 17 жніўня 2020

«Быў знойдзены самы танны спосаб ліквідацыі надпісу»

У судзе дапыталі сьведак. Супрацоўнік міліцыі Яўген Цімафееў сказаў, што зроблены надпіс яго ніяк «не зьняважыў і ня быў цынічны». Моманту нанясеньня надпісу Максімам і Марыяй ён ня бачыў. На месцы знайшлі пакет з бляшанкай з-пад фарбы, але не было пэндзля. Таксама ён сьцьвярджае, што затрыманыя былі пʼяныя і што такую выснову ён зрабіў, пачуўшы «пах з рота». Максім кажа, што быў цьвярозы.

Таксама ў судзе былі дапытаныя сьведкі, прадстаўнікі ўпраўленьня «Цэнтар». Яны заявілі, што першапачатковая сума шкоды, прычыненай надпісам, была вылічана зыходзячы зь меркаванай замены пліткі. Маўляў, спачатку меркавалася, што змыць надпіс ня ўдасца. Аднак потым Гаррамаўтадар вырашыў узяць у арэнду ў прадпрыемства «Гараўтамост» адмысловую ўстаноўку з высокім ціскам, якая надпіс лёгка змыла.

Начальнік упраўленьня «Цэнтар» сказаў, што ня ведае, хто спачатку зафарбаваў надпіс шэрым, і што ўказаньня замалёўваць ён не даваў. Насамрэч гісторыя з надпісам — гэта «шараговая сытуацыя», аднак вопыту па яго ліквідацыі не было.

«Сьмешна сьціраць надпісы шчоткай, — сказаў ён. — Быў знойдзены самы танны спосаб ліквідацыі надпісу».

Паводле Фралова, у выніку трываласьць пліткі не зьмянілася, усё выглядае «шыкоўна», пашкоджаньняў няма.

«Рады, што ўдалося дасягнуць выніку меншымі сіламі», — сказаў ён.

Сума шкоды ў 211 рублёў складаецца з выдаткаў на паліва і арэнду ўстаноўкі.

Судзьдзя і дзяржаўны абвінаваўца пачалі абурацца, чаму Фралоў не паведаміў праваахоўным органам пра новую суму шкоды. Той патлумачыў: не паведаміў, бо ня ведаў, што вінаватых знайшлі. Дзяржаўны абвінаваўца спрабавала таксама дапытацца ў Фралова, ці пашкодзіцца плітка ў будучым, але гэтае пытаньне было зьнятае. Паводле адваката, у дзяржаўнага абвінаваўцы няма ніякіх доказаў прадʼяўленага абвінавачаньня.

Адвакат патлумачыў журналістам, што ў справе крыху супярэчлівая інфармацыя адносна таго, што надпіс быў спачатку зафарбаваны. Калі абарона рыхтавала дасудовую экспэртызу, сьлядоў зафарбоўваньня не было. Ніхто са сьведак ад Гаррамаўтадара не сказаў, хто зафарбаваў надпіс. Але фарба, якой наносіўся надпіс, паводле абвінавачаных, была звычайнай каляровай грунтоўкай. Адвакат кажа, што кроплі, якія засталіся, змываюцца нават вадою. Таму гэты надпіс ня трэба было і зафарбоўваць, яго проста змыла б дажджом.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG