Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмяніліся беларусы за 20 гадоў


Страйк студэнтаў БДУ, 26 кастрычніка 2020

За 20 гадоў кардынальна памянялася адукацыйная структура насельніцтва, доля асобаў з пачатковай адукацыяй зьменшылася ў 7 разоў, доля людзей з вышэйшай адукацыяй амаль падвоілася

Пра тое, што яны зьмяніліся, сьведчаць сёлетнія масавыя пратэсты пасьля выбараў — зьява беспрэцэдэнтная ў найноўшай гісторыі краіны як паводле шматлюднасьці, гэтак і паводле працягласьці. Пра прычыны гэтай зьявы ўжо напісана шмат і яшчэ больш будзе напісана.

Можна адзначаць прычыны палітычныя, культурныя, зьвяртаць увагу на ўнікальны зьбег абставінаў — невядома, ці адбылася б гэтая рэвалюцыя без пандэміі каранавірусу, калі б Лукашэнка летась замест парлямэнцкіх выбараў зладзіў прэзыдэнцкія.

Але таксама сярод прычынаў можна назваць і зьмены сацыяльна-дэмаграфічнай структуры беларускага грамадзтва.

Сьцісла

  • Паміж перапісамі 1999 і 2019 гадоў доля моладзі ў Беларусі зьменшылася на 5 адсоткавых пунктаў, доля старых — прыкладна настолькі ж павялічылася
  • За 20 гадоў кардынальна памянялася адукацыйная структура насельніцтва, доля асобаў з пачатковай адукацыяй зьменшылася ў 7 разоў, доля людзей з вышэйшай адукацыяй — амаль падвоілася
  • Найбольшыя зьмены ў адукацыйнай структуры адбыліся сярод моладзі і сярод самых старых.
  • У 1999 годзе сярод самых старых большасьць мела толькі пачатковую адукацыю. Падчас леташняга перапісу сярод самых старых гэтая доля зьменшылася да 11%, а доля асобаў з вышэйшай адукацыяй сярод іх вырасла за 20 гадоў утрая. Таксама ўтрая вырасла доля высокаадукаваных сярод моладзі 20–29 гадоў.

Праілюструем сацыяльна-дэмаграфічныя зьмены на дадзеных трох перапісаў, якія былі праведзеныя ў незалежнай Беларусі. Першы прайшоў у 1999 годзе, праз 5 гадоў пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, трэці — летась, менш як за год да сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Графік 1. Зьмены ўзроставай структуры насельніцтва

* крыніца: Белстат

Кірунак зьменаў відавочны — зьмяншэньне долі дзяцей і моладзі, павелічэньне долі асобаў найстарэйшага ўзросту.

Агулам за 20 гадоў доля моладзі (15–29 гадоў) у насельніцтве краіны зьменшылася з 21,6% да 16,1% — прыкладна на 5 адсоткавых пунктаў. Адпаведна, доля дзьвюх найстарэйшых узроставых кагортаў (60 гадоў і болей) павялічылася з 18,2% да 22,7% — прыкладна таксама на 5 пунктаў.

Зьмены заўважныя, але не кардынальныя. Хоць відавочна, што беларускі выпадак — гэта ня выпадак арабскіх краінаў, рэвалюцыі ў якіх многія дасьледчыкі тлумачылі «моладзевай бурбалкай», велізарнай доляй моладзі ў насельніцтве гэтых краінаў. У Беларусі гэтая доля не велізарная, і яна зьмяншаецца.

Але ў чым адбыліся сапраўды рэвалюцыйныя зьмены, дык гэта ў адукацыі.

Графік 2. Зьмены адукацыйнай структуры насельніцтва

* крыніца: Белстат

** На графіку прыводзяцца дадзеныя перапісаў па насельніцтве ўзросту 15 гадоў і старэйшым

Доля асобаў з пачатковай адукацыяй сярод падлеткаў і дарослых за 20 гадоў зьменшылася ў 7 (!) разоў. Магчыма, у 1999 годзе гарадзкая, прасунутая публіка проста не ўсьведамляла, што 14% іх дарослых суайчыньнікаў маюць адукацыю, не вышэйшую за дзьве-тры клясы. І гэта былі ня дзеці, якім яшчэ вучыцца, гэта былі сталыя людзі, якія больш вучыцца ня будуць.

Адначасна з 1999 па 2019 год амаль удвая вырасла доля асобаў з вышэйшай адукацыяй. Гэтая адукацыйная група расла за гэтыя гады найбольш імкліва ў параўнаньні зь іншымі. Таксама даволі інтэнсіўны рост дэманстравала група зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, а група з базавай адукацыяй — істотнае зьмяншэньне.

Цікава, як мянялася ад перапісу да перапісу сувязь паміж адукацыяй і ўзростам.

Графік 3. Зьмены адукацыйнай структуры ўзроставых групаў

* крыніца: Белстат https://www.belstat.gov.by/

**На гэтым графіку, як і на папярэднім, прыводзяцца дадзеныя перапісаў па насельніцтве ўзросту 15 гадоў і старэйшым

На графіку 3 асабліва ўражваюць долі людзей з пачатковай адукацыяй сярод кагортаў самых старых узростаў у 1999 годзе — 42% сярод людзей узросту 60–69 гадоў і нават 60% сярод асобаў узросту 70 гадоў і старэйшых. Зразумела, што ў год першых у Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў, за 5 гадоў да перапісу 1999 году, гэтыя долі былі яшчэ вышэйшыя. Але на графіку 3 бачна, як істотна яны скараціліся за 20 гадоў.

Яшчэ адна асаблівасьць — гэта імклівы, у тры разы, рост долі асобаў з вышэйшай адукацыяй як сярод моладзі 20–29 гадоў, гэтак і сярод самых старых — 70 гадоў і старэйшых.

Зразумела, узровень адукацыі не вызначае палітычныя погляды і грамадзкую пазыцыю. Але ён, безумоўна, істотна на іх уплывае.

Так, у Беларусі няма «моладзевай бурбалкі». Але нават з улікам скарачэньня долі моладзі навідавоку выбухападобны рост колькасьці высокаадукаванай моладзі. І адначасна — такі ж імклівы рост долі высокаадукаваных старых.

Прынамсі часткова гэтым тлумачыцца нечаканы выбух грамадзка-палітычнай энэргіі, які адбываецца зараз у Беларусі. Ён тлумачыцца ня толькі гэтым, але і гэтым не ў апошнюю чаргу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG