Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт прыпыніў праверку гібелі Тарайкоўскага, крымінальнай справы па факце сьмерці няма


Аляксандар Тарайкоўскі. Загінуў падчас разгону пратэстаў 10 жніўня ў Менску.

Сьледчы камітэт прыпыніў праверку гібелі Тарайкоўскага, крымінальнай справы па факце сьмерці няма.

Алена Герман, удава Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў падчас разгону пратэстаў 10 жніўня ў Менску, паведаміла Свабодзе, што ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Менску прыпыніла праверку па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Алена даведалася пра гэта ад адваката.

«У адказе не пазначана, што прыпынілі праверку на тры месяцы. Але згодна з заканадаўствам максымальны тэрмін сапраўды складае тры месяцы», — паведаміла Свабодзе адвакатка Альвіна Мінгазава.

«Гэта было прадказальна, я была ўпэўненая, што крымінальнай справы не завядуць. Але гэта не канчатковая адмова. Што ж, пачакаем яшчэ тры месяцы, будзем падаваць новыя хадайніцтвы, каб крымінальная справа была заведзеная»,— сказала Алена Герман.

Сьледчы камітэт 11 жніўня пачаў праверку па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага і ў яе межах прызначыў судова-мэдычную экспэртызу. Паводле заканадаўства, яна можа працягвацца тры месяцы.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэазапіс, зроблены 10 жніўня 2020 году. На ім зьнятая сьмерць падчас пратэсту чалавека, якога пазналі як Аляксандра Тарайкоўскага.

На запісе відаць, як ён падае і потым ляжыць бяз руху, а спэцназаўцы ідуць проста на яго. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG