Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць журналістаў, новая харчовая вайна з Расеяй, сьмерць Марадоны. Найважнейшае за 25 лістапада


Ігар Карней пасьля вызваленьня з жодзінскага ізалятара, 25 лістапада

Найважнейшае за 25 лістапада

Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна пачаў разгляд абвінавачаньняў супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ў парушэньні Алімпійскай хартыі.

67-гадовага вартаўніка Салігорскага КДБ, вайсковага пэнсіянэра Леаніда Штайду прызналі вінаватым у забойстве 50-гадовага супрацоўніка «Беларуськалію» Генадзя Кісяля. Штайду прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Зьніклы ўчора журналіст Ігар Ільяш, палітычны аглядальнік тэлеканалу «Белсат», сёньня «знайшоўся» ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Выйшаў на волю шматгадовы журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч. Ён адбываў 15-суткавы арышт на Акрэсьціна і пасьля ў Баранавічах — яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. На судзе Грузьдзіловіч даводзіў, што ён працаваў у гэты дзень па заданьні выданьня «Народная Воля», меў журналісцкае пасьведчаньне і рэдакцыйнае заданьне.

25 лістапада выйшаў на волю журналіст Ігар Карней. Яго затрымалі перад пачаткам маршу 15 лістапада на Пушкінскай, асудзілі на 10 сутак. Тэрмін ён адбываў у Жодзіне. Кажа, што самым цяжкім было 12-гадзіннае стаяньне каля сьцяны ў двары пастарунку.

Беларускія праваабаронцы выступілі з супольнай заявай з нагоды крымінальнага перасьледу трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі палітвязьнямі. Цяпер у сьпісе палітвязьняў — 143 прозьвішчы.

Апошнія месяцы МУС і Сьледчы камітэт паведамляюць пра выпадкі блякаваньня руху чыгуначнага транспарту: на рэйкі хтосьці накладае мэталічны дрот, што вядзе да ўмяшаньня ў сыстэму сыгналізацыі.

«Россельхознадзор» забараніў імпарт у Расею прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў — Барысаўскага мясакамбінату № 1, Берасьцейскага мясакамбінату, прадпрыемства «Коскро» з Горадзенскага раёну і «Юніміт» са Смалявіцкага раёну. Гэта адбылося якраз напярэдадні прыезду ў Менску міністра замежных справаў Расеі Лаўрова.

У сераду 25 лістапада ў легендарнага футбаліста Дыега Марадоны спынілася сэрца. Яму зрабілася дрэнна дома, дзе ён праходзіў рэабілітацыю пасьля апэрацыі на галаўным мозгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG