Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахоўніку КДБ прысудзілі 10 гадоў турмы за забойства рабочага «Беларуськалію». Яны спрачаліся пра палітыку ў «Одноклассниках»


Леанід Штайда
Леанід Штайда

67-гадовага вартаўніка Салігорскага КДБ, вайсковага пэнсіянэра Леаніда Штайду прызналі вінаватым у забойстве 50-гадовага супрацоўніка «Беларуськалію» Генадзя Кісяля. Штайду прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе «Эўрарадыё».

Вартаўнік КДБ павінен сплаціць сям’і ахвяры каля 154 тысяч рублёў.

Як стала вядома падчас судовага працэсу, нападнік і ахвяра не былі асабіста знаёмыя, але перапісваліся ў сацсетках, дзе спрачаліся пра палітыку. Штайда абараняў уладу Аляксандра Лукашэнкі, Кісель меў іншыя погляды.

У апэратыўных зводках тады паведамлялі: 12 жніўня каля 19-й гадзіны 50-гадовы раварыст на вуліцы Паркавай пасварыўся з 67-гадовым гараджанінам. Падчас бойкі пешаход ударыў раварыста ў шыю садовымі нажніцамі. Пацярпелага даставілі ў лякарню, але выратаваць яму жыцьцё ня здолелі.

Па словах сьведак, пасьля ўдару Штайда кінуўся да машыны, выцягнуў аптэчку і спрабаваў дапамагчы пацярпеламу.

Сын забітага Аляксей Кісель кажа, што старонку бацькі ў «Одноклассниках» пачытаў толькі пасьля трагедыі.

«Там была вельмі вялікая перапіска з абвінавачаным. Не хапіла мне нэрваў нават усё прачытаць, таму што там было вельмі шмат абразьлівых слоў у адрас бацькі з боку абвінавачанага. Ён пісаў яму: „п’яніца, няўдачнік, не служыў, нічога ў жыцьці не дамогся“. Гэта ўсё няпраўда, мой бацька шмат чаго дамогся ў жыцьці, у яго выдатная сямʼя», — расказаў на судзе Аляксей Кісель.

Па словах сына забітага, Штайда пісаў абразьлівыя камэнтары і іншым карыстальнікам сацыяльнай сеткі. Ён падпісаны ў сацсетцы на прарасейскія суполкі і групы афіцэраў.

На судзе Штайда заявіў, што Кісель наўмысна прыехаў да яго, а ў горадзе тады ўжо дзейнічалі «змагары». Па словах абвінавачанага, Кісель напаў на яго, а Штайда абараняўся і ненаўмысна трапіў яму нажніцамі ў шыю.

Судова-мэдычная экспэртыза паказала, што ў крыві забітага было 0,66 праміле алькаголю, Штайда быў цьвярозы.

Але далейшыя высновы экспэртаў абвяргаюць вэрсію Штайды пра тое, што ён абараняўся. Гэтаму супярэчаць, як пісаў Tut.by, і сьляды крыві, знойдзеныя на ровары, і характар раны, і тое, як нажніцы ўвайшлі ў шыю, і сьледчы экспэрымэнт.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў для Штайды сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі — з улікам таго, што Штайда спрабаваў аказаць Кісялю мэдычную дапамогу адразу пасьля ўдару: дастаў з машыны аптэчку, заціскаў рану ручніком.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG