Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзен пратэсту і амаль 400 рэпрэсаваных журналістаў. Як зьмянілася іх праца за гэты час


Журналісты пасьля першых «сутак» на Акрэсьціна, 4 верасьня 2020
Журналісты пасьля першых «сутак» на Акрэсьціна, 4 верасьня 2020

З моманту выбарчай кампаніі сотні журналістаў перажылі арышты, дзясяткі асудзілі на суткі. Як зьмянілася праца за гэты час.

24 журналісты на гэты момант знаходзяцца за кратамі. Сярод іх сталы карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, якога нядаўна пазбавілі акрэдытацыі, а цяпер забралі з дому і асудзілі на 15 сутак. З пачатку выбарчай кампаніі сотні журналістаў затрымлівалі, дзясяткі трапілі за краты за сваю працу. Разьбіраемся, як зьмянілася праца журналістаў за 100 дзён.

Перасьлед і ўзмацненьне рэпрэсіяў

З 9 жніўня адбылося амаль 400 затрыманьняў журналістаў, апавядае прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«61 выпадак гвалту супраць журналістаў, 64 журналісты адбывалі адміністрацыйны арышт. Сытуацыя пагаршаецца. У першыя дні не зьвярталі ўвагу, журналіст ці не. Пасьля быў пэрыяд, калі журналістаў затрымлівалі і выпускалі; потым складалі пратаколы; потым давалі мінімум сутак. Цяпер проста даюць 15 дзён арышту. Цяпер, калі на акцыі затрымліваюць, — гэта проста 100% вынік», — кажа Барыс Гарэцкі.


Журналістаў замежных СМІ, у тым ліку Свабоды, пазбавілі акрэдытацыяў. Толькі 15 лістапада падчас працы затрымалі 23 журналістаў, некаторых зь іх адправілі на Акрэсьціна ў чаканьні суду, некаторых адпусьцілі з РУУСаў.

Умовы працы журналістаў увесь час пагаршаюцца, кажа галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава.

«Умовы працы і так былі не найлепшыя. Працаваць стала складаней са старту выбарчай кампаніі, яшчэ з траўня. Сьпярша нас прывучылі, што журналістаў могуць затрымаць на акцыі і адпусьціць празь некалькі гадзінаў. Пасьля журналістаў пачалі затрымліваць і даваць „суткі“. Гэта проста цынізм і сваволя», — кажа Марына Золатава.

Журналістаў сустракаюць пасьля арышту
Журналістаў сустракаюць пасьля арышту

Грамадзянская журналістыка

У часы перасьледу журналістаў многія людзі пачалі актыўна дапамагаць СМІ: дасылаць відэа і фота таго, што адбываецца навокал. Амаль усе СМІ зрабілі дзеля гэтага адмысловыя чат-боты ў сацыяльных сетках.

«Вялікі дзякуй людзям, якія дапамагаюць калегам. Гэта не празь ляноту журналістаў, а цяпер такія рэаліі працы: выйшаў на вуліцу — затрымалі і пасадзілі. Людзі актыўна запрашаюць журналістаў дахаты, але былі выпадкі, калі менавіта так журналістаў затрымлівалі», — гаворыць Барыс Гарэцкі.

Таксама журналісты гавораць пра павышаны попыт на інфармацыю ў людзей.

«Жнівень быў рэкордным па наведвальнасьці, цяпер крыху ніжэйшая, чым была ў жніўні, але нашмат вышэйшая, чым звычайна. Вялікі попыт на навіны, артыкулы і відэа, якія датычаць падзей, зьвязаных з пратэстамі. Да пазытыўнага боку можна аднесьці, што вельмі актыўна працуе адваротная сувязь. За дзень мы атрымліваем да тысячы паведамленьняў у Telegram. Можна адзначыць і вялікую салідарнасьць журналістаў», — ацэньвае Марына Золатава.

Журналісты Ўладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч пасьля вызваленьня
Журналісты Ўладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч пасьля вызваленьня

Блякаваньне СМІ

З выбараў сайты многіх незалежных СМІ блякуюцца, сярод іх Свабода, «Наша ніва», naviny.by, «Эўрарадыё». Цяпер СМІ больш актыўныя ў сацыяльных сетках, многія ствараюць сайты-«люстэркі» (з альтэрнатыўнымі адрасамі) парталаў.

«Працуем праз „люстэркі“, актыўна задзейнічаем мэсэнджары і сацыяльныя сеткі», — пералічвае выканаўца абавязкаў дырэктара БелаПАН Дзьмітры Наважылаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG