Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмовілася ад паставак электраэнэргіі зь Беларусі ў 2021 годзе


Беларуская АЭС ў лістападзе 2020 году пачала даваць электраэнэргію ў сеткі.
Беларуская АЭС ў лістападзе 2020 году пачала даваць электраэнэргію ў сеткі.

Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны падрыхтавала праект прагнознага балянсу электрычнай энэргіі на 2021 год, у якім не прадугледжана паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.

Аб’яднаная энэргетычная сыстэма Ўкраіны будзе генэраваць электрычнасьць на сваіх атамных, гідра- і цеплаэлектрастанцыях, а таксама сонечную і ветравую энэргію на альтэрнатыўных магутнасьцях. Паводле папярэдніх плянаў, Украіна мае намер захаваць імпарт электраэнэргіі зь іншых эўрапейскіх краін, у тым ліку са Славаччыны і Вугоршчыны.

Дакладныя абʼёмы стануць вядомыя пасьля публікацыі зацьверджанага энэргабалянсу.

«Прагнозны балянс падрыхтаваны своечасова, і ў ім максымальна ўлічаныя прапановы энэргетычных кампаній, графікі рамонтаў энэргаблёкаў атамных і цеплавых электрастанцый, чаканыя аб’ёмы вытворчасьці абʼектамі аднаўляльнай энэргетыкі, якая патрабуе яшчэ дадатковага балянсаваньня», — заявіла выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Ўкраіны Вольга Буславец.

Паводле яе, прагнозны балянс на 2021 год не прадугледжвае паставак электраэнэргіі з Расеі і Беларусі, а таксама продажу ў гэтыя краіны ўкраінскай электраэнэргіі.

Раней Беларусь была сярод найбуйнейшых пастаўшчыкоў электраэнэргіі ва Ўкраіну

Летась Украіна плянавала закупіць у 2020 годзе ў Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі і зьвязвала гэтыя пляны з запускам Беларускай АЭС. Пры гэтым у Кіеве падкрэсьлівалі, што такія пастаўкі будуць ажыцьцяўляцца выключна на ўнутраны рынак, а не для далейшага рээкспарту.


Тады ж бакі заявілі пра намер пабудаваць новыя электрасеткі. Найперш — між украінскай Ровеншчынай і беларускай Берасьцейшчынай. Плянавалі таксама мадэрнізаваць паветраныя лініі электраперадачы, якія ўжо існуюць: Мазыр — Чарнобыльская АЭС і Гомель — Чарнігаў.

У 2019 годзе Беларусь уваходзіла ў пералік найбуйнейшых пастаўшчыкоў электраэнэргіі ва Ўкраіну.

Але сёлета ў красавіку пастаўкі спыніліся спачатку на час карантыну, а потым іх забаранілі зусім. Украіна зьвязвала аднаўленьне куплі ў Беларусі электраэнэргіі з адкрыцьцём беларускага рынку для ўкраінскай энэргіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG