Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі пракурор пагражае мэдыкам


Врвгмэнт відэазвароту віцебскіх мэдыкаў

Пракурор Віцебску Юры Раманоўскі вынес «афіцыйнае папярэджаньне» кожнаму з шаснаццаці мэдыкаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю ў відэазвароце, выступіўшы супраць фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіяў, за праўду пра сытуацыю з COVID-19.

Пракурор абвінавачвае іх у «дыскрэдытацыі краіны і яе органаў улады», у фармаваньні «нэгатыўнага стаўленьня да грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне», і пагражае крымінальнай адказнасьцю.

Два словы пра гісторыю. «Дыскрэдытацыю краіны» пачаў дэпутат Лукашэнка, які з 1992 году як дэпутат актыўна выказваўся супраць існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы, а потым ужо ў якасьці прэзыдэнта падпісваў дамовы (напрыклад, аб «саюзнай дзяржаве»), якія супярэчылі Канстытуцыі.

Віцебскія мэдыкі «грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне» ў сваім відэазвароце ацанілі яшчэ мякка. Эўрапейскія парлямэнтары, амэрыканскія сэнатары, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі характарызуюць яе як дыктатуру, а дзеяньні сілавых ведамстваў у дачыненьні да грамадзян — як катаваньні.

Увогуле, пракурор вельмі пераборлівы ў ацэнцы парушэньняў.

Віцебскую пракуратуру не цікавіла, калі нішчыліся помнікі архітэктуры (апошні — жылы дом 1930-х гадоў на вуліцы Калініна; ён быў занадта блізка да новага будынку ўпраўленьня КДБ, відаць, перашкаджаў чэкістам).

Не турбавала пракуратуру, калі па Віцебску гойсалі «казакі» і разам з папамі РПЦ агітавалі за «Русь неделимую», ставячы пад сумнеў сувэрэннасьць Беларусі.

Абыякава пракуратура паставілася і да загадаў начальнікаў прыхоўваць сапраўднае становішча з COVID-19.

А гісторыя з аўдыёзапісам ціску кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну на чальцоў выбарчай камісіі, калі ён прымушаў перапісаць лічбы ў пратаколе на карысьць Лукашэнкі (перамагла там, з калясальным адрывам, Ціханоўская) — тут пракуратура выявіла парушэньні? Запіс разышоўся па сьвеце, яго цытавалі ўплывовыя заходнія выданьні і тэлеканалы, і ніякаму віцебскаму акулісту ці хірургу не ўдалося б, пры ўсім жаданьні, гэтак «дыскрэдытаваць» «органы ўлады».

І, нарэшце, брутальныя паводзіны АМАПу і іншых супрацоўнікаў віцебскай міліцыі ў дачыненьні да мірных грамадзянаў, якія выказваюць свае палітычныя погляды і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, — пачынаючы ад затрыманьняў без прад’яўленьня пасьведчаньня супрацоўніка праваахоўных органаў, чаго патрабуе закон, ужываньня лаянкі (адміністрацыйнае парушэньне), да зьбіцьця (крымінальнае парушэньне), утрымліваньня за кратамі ва ўмовах фактычнага катаваньня.

А як патлумачыць поўную абыякавасьць пракуратуры і асабіста спадара Раманоўскага, калі супрацоўнікі АМАПу перасьледуюць людзей за бел-чырвона-белы сьцяг, а фактычна — за іх грамадзянскую пазыцыю? Калі затрымліваюць людзей за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе ўласнай кватэры, кваліфікуючы гэта як пікет.

Ну добра, дапусьцім, пікет. Як колішні сябра Канстытуцыйнай камісіі і дэпутат Вярхоўнага Савету нагадаю, што Асноўны Закон Беларусі ствараўся і прымаўся на падставе агульнасусьветных прынцыпаў — сярод якіх вяршэнства Канстытуцыі над законамі і падзаконнымі актамі. А арт. 35 гарантуе грамадзянам права на сходы, мітынгі і шэсьці.

Тэкст, падпісаны пракурорам, уражвае як зьместам (прававым нігілізмам), гэтак і фармулёўкамі (юрыдычна і стылёва непісьменнымі).

Вось, напрыклад:

«Выяўлена, што зьмест відэароліка паводле свайго характару адлюстроўвае нэгатыўную ацэнку прыманых дзяржаўнымі структурамі Рэспублікі Беларусь рашэньняў».

Ці разумее пракурор Віцебску, што ён напісаў? Фактычна гэтымі словамі спадар Раманоўскі пацьвярджае рэпрэсіўны характар створанай Лукашэнкам сыстэмы.

Што крымінальнага знайшоў ён у тым, што грамадзяне нэгатыўна ацэньваюць рашэньні дзяржаўных структураў?

Спадар Раманоўскі будзе зьдзіўлены і, магчыма, напалоханы, але я адкрыю яму страшнае: «грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэньні дзяржаўных справаў», гэта — цытата з 37-га артыкула Канстытуцыі. Саму Канстытуцыю пракурор можа набыць у кнігарні (у «Глобусе», на рагу Замкавай і Леніна, у чэрвені яна яшчэ прадавалася).

Я думаў, што цытаваная вышэй фраза — вяршыня прававога абсурду, але аказалася, што яшчэ не.

«Удзельнікамі відэазвароту, — канстатуе пракурор, — адзначаецца супрацьпраўнасьць дзеяньняў службовых асобаў дзяржаўных органаў і арганізацый пры адсутнасьці канкрэтных фактаў такіх парушэньняў, пацьверджаных вынікам праверак упаўнаважаных органаў».

Кажучы пра «праверкі ўпаўнаважаных органаў», віцебскі пракурор паўтарае словы пракурора генэральнага, які таксама кажа пра «праверкі» — замест таго каб патлумачыць, чаму ня ўзбуджаная ніводная крымінальная справа па ніводным з зафіксаваных праваабаронцамі больш як 500 фактах катаваньняў (якія ў міжнародным праве кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасьці).

А вось цудоўная фраза: «У часе відэазвароту выкарыстоўваліся сымбалі, якія не зьяўляюцца сымбалямі Рэспублікі Беларусь».

Што гэта за тэрмін — «сымбалі Рэспублікі Беларусь»? Адкуль іх узяў спадар пракурор? Дзе яны зафіксаваныя, у якім нарматыўна-прававым акце?

Няма такога паняцьця. Ёсьць тэрмін — «дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь».

І калі менавіта іх меў пракурор на ўвазе, дык цяперашнія дзяржаўныя сымбалі былі зацьверджаныя ў выніку так званага рэфэрэндуму 1995 году, які быў прызначаны і праведзены з парушэньнямі Канстытуцыі і законаў. На думку былога члена Канстытуцыйнага суду, доктара юрыдычных навук Міхаіла Пастухова, ужо сам факт, што дэпутатаў парлямэнту зьбілі ў працэсе разгляду парлямэнтам пытаньня аб прызначэньні рэфэрэндуму, робіць яго вынікі юрыдычна нулявымі.

Што азначае: бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня дэ-юрэ зьяўляюцца дзяржаўнымі сымбалямі.

Але калі апошняе сьцьверджаньне пракурор можа аспрэчваць, дык таго, што бел-чырвона-белы сьцяг забаронены, ён не дакажа ніякім дакумэнтам.

Няма такіх дакумэнтаў. Не існуе іх у прыродзе. Як бы ні пужаў генпракурор Швед менскіх студэнтаў. А герб «Пагоня» ўвогуле ўнесены ў дзяржаўны рэестар гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

«Папярэджаньне», падпісанае віцебскім пракурорам, не ўнікальнае і паўтарае тое, што адбываецца па ўсёй Беларусі: перасьлед грамадзянаў за выказваньне імі іх палітычных перакананьняў.

Я, канешне, жадаю спадару Раманоўскаму добрага здароўя, але калі яму, ня дай Бог, давядзецца захварэць, падаю яму сьпіс мэдыкаў, да якіх варта зьвяртацца:

Дзьмітры Якімцоў, Яніна Прохавава, Ала Бакшыс, Ганна Іванова, Аляксандар Фісюноў, Расьціслаў Савіцкі, Віктар Вараняеў, Анастасія Александровіч, Кацярына Марэцкая, Алена Мартава, Аляксей Тананенка, Вольга Сварцэвіч, Анатоль Асіпенка, Ганна Гайдаш, Арцём Янкоўскі, Сяргей Кічыгін.

Гэта тыя самыя мэдыкі, якім ён вынес папярэджаньне. У выпадку хваробы яны скажуць Юрыю Раманоўскаму, можа, і непрыемную, але праўду, і будуць лячыць яго сумленна — як і выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю.

Бо тыя, хто кіруецца выключна ўказаньнямі Лукашэнкі, могуць і лячыць яго адпаведна ўказаньням Лукашэнкі — лазьняй, трактарам ды сырам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG