Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ў 90% выпадкаў блефуе». Чаму Лукашэнка ня будзе жорстка разганяць пратэсты


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Грамадзкі дзеяч і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка расказаў вядучаму «Настоящему времени» Цімуру Алеўскаму, чаму Ціханоўская ня будзе кіраваць пратэстамі і чаму, на яго думку, Лукашэнка больш ня будзе жорстка іх душыць.

У Беларусі трэці дзень працягваецца нацыянальны страйк на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, да якога раней заклікала Сьвятлана Ціханоўская.

Грамадзкі дзяяч і цяперашні дарадца Ціханоўскай Францішак Вячорка расказаў «Настоящему времени», чаму Ціханоўская ня будзе кіраваць пратэстамі і чаму Лукашэнка больш ня будзе жорстка іх душыць.

— Сьвятлана Ціханоўская не дае нейкіх канкрэтных даручэньняў сваім прыхільнікаў на вуліцах. Што тады рабіць беларусам цяпер, як трэба правільна разумець яе зварот, як вы думаеце?

— Я думаю, што Сьвятлана Ціханоўская і ня брала ніколі абавязаньня кіраваць пратэстамі. Яе роля спачатку была зусім сымбалічная, потым яна стала лідэрам, які пасылае нейкія імпульсы, натхняе пратэст. І толькі ў апошні тыдзень яна стала палітыкам, які пачаў рабіць палітычныя крокі. Але праблема ў тым, што, як толькі Сьвятлана Ціханоўская пачынае кіраваць гэтымі пратэстамі, тады ўсё групы пратэстоўцаў пачынаюць чакаць яе загадаў. І гэта ня вельмі добра, таму што сэнс і моц гэтага пратэсту менавіта ў яго дэцэнтралізацыі — у тым, што кожны бярэ на сябе частку адказнасьці. Таму яе мэсыджы заўсёды дастаткова агульныя і яна дае кірунак (куды мы рухаемся), яна вызначае дэдлайн (да якой даты якім чынам рыхтавацца), і яна натхняе і падтрымлівае тых, хто праяўляе салідарнасьць, пратэстуе і рызыкуе.

— Ці не здаецца вам, што з апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што мэта Сьвятланы Ціханоўскай у пэўным сэнсе была дасягнутая?

— Галоўнае дасягненьне ў тым, што Лукашэнка страціў кантроль над сытуацыяй і апошні тыдзень ён толькі рэагуе. Спачатку быў прызначаны марш у падтрымку народнага ўльтыматуму на нядзелю, потым Лукашэнка прызначае свой, потым адмяняе. Цяпер страйкі студэнтаў, пратэсты, шахтары, рабочыя, — Лукашэнка кажа, што ўсіх трэба адлічваць, рэпрэсаваць. Гэта значыць, што ён ужо не гэнэруе інфармацыйных падставаў, а толькі адказвае. І ён увесь час кажа: «Я разьбяруся, навяду парадак». Але ён гэтага зрабіць ня можа, і ён сам разумее, што зрабіць ня можа.

— Аляксандар Лукашэнка сёньня некалькі разоў паўтарыў сваю заяву пра пераход некаторых «чырвоных ліній» і пачаў казаць пра антытэрарыстычныя захады ў дачыненьні да пратэстоўцаў, маўляў, «пратэстоўцы — тэрарысты, і мы будзем зь імі абыходзіцца, як з тэрарыстамі». Як трэба ўспрымаць гэта: як сур’ёзную пагрозу, як вам здаецца, ці пакуль яшчэ не?

— Абвінавачаньне сурʼёзнае. Вядома, словы вельмі моцныя, але Лукашэнка ў 90% выпадкаў блефуе. Вядома, ён сам баіцца пераходзіць «чырвоныя лініі». Ён пра іх гаворыцьтак часта, таму што разумее, што яны існуюць.

— Гэта ягоная «чырвоная лінія»?

— Гэта «чырвоная лінія» для яго самога. Ён проста думае, як бы зрабіць так, каб усіх напалохаць і перасаджаць, але пры гэтым каб гэты градус не прыводзіў да кіпеньня. Ён разумее, што, як толькі ён пачынае страляць, адразу ён стварае раскол паміж сілавікамі, таму што цяпер войска і АМАП — гэта дзьве розныя групы. Як толькі сілавікі пачынаюць страляць, ёсьць вялікі рызыка, што асобныя часткі арміі будуць пераходзіць на бок народу.

— Сёньня стала вядома — пра гэта паведаміла пракуратура Беларусі — што завялі 500 крымінальных спраў на людзей на вуліцах. Гэтая інфармацыя павінна людзей напалохаць ці, хутчэй, мабілізуе іх?

— Вядома, ён спрабуе напалохаць людзей крымінальнымі справамі. Але калі каго-небудзь затрымліваюць — учора затрымалі 530 чалавек, — уся сямʼя займаецца вызваленьнем гэтага чалавека, носіць перадачы ў ізалятар, ходзіць у суд.

І яны такім чынам забіваюць хвалю, яны перамяшчаюць фокус. Замест таго, каб далей працягваць страйкі і пратэсты, усе займаюцца вызваленьнем. Тое ж самае з грамадзкімі арганізацыямі, мэдыя. Затрымліваюць карэспандэнта — уся рэдакцыя працуе не на асьвятленьне навінаў, а на вызваленьне свайго карэспандэнта.

Майго сябра Эдуарда Пальчыса, якога мы чакалі ўсе на волі, павінны былі вызваліць. Ён месяц адседзеў на Акрэсьціна. А высьветлілася, што яго першыя тры дні катавалі, яму пагражалі, яго на паліграфе правяралі. І толькі ён павінен быў выйсьці — яго адразу перавялі ў турму, і яму цяпер шыюць крымінальную справа. Сыстэма разумее, што такія людзі зьяўляюцца рухавікамі, натхняльнікамі пратэсту, абуджэньня народу. І іх ізалююць прэвэнтыўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG