Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моцныя і ўпэўненыя так не мітусяцца. Чаму ўлады скасавалі мітынг у падтрымку Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка на мітынгу 16 жніўня ў Менску на плошчы Незалежнасьці.

Спроба арганізацыі мэгамітынгу, а потым яго адмена сьведчаць пра няўпэўненасьць, слабасьць існага рэжыму. Моцныя і ўпэўненыя так не мітусяцца.

Сьцісла

  • Чвэрць стагодзьдзя ў Беларусі дзейнічаў мэханізм дэмабілізацыі народнай падтрымкі. У такой падтрымцы не было патрэбы.
  • Толькі калі ў 2020 годзе народ выйшаў на вуліцу, улады апамяталіся. І пачалі выводзіць на вуліцу сваіх прыхільнікаў. Атрымалася дрэнна.
  • Усе разумеюць, што гэта — імітацыя народнай падтрымкі.
  • Магчыма, мітынг скасавалі, бо ўлады палічылі магчымую колькасьць удзельнікаў праўладнага мітынгу і прыйшлі да высновы, што іх будзе менш, чым на альтэрнатыўнай акцыі праціўнікаў Лукашэнкі. І гэта магло мець адмоўны эфэкт.
  • Кансьпіралягічная вэрсія. Магчыма, адмена праўладнага мітынгу зьвязаная з учорашнім візытам у Менск дырэктара Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна. Імаверна, ён заклікаў Лукашэнку рабіць захады, каб разрадзіць палітычную атмасфэру ў краіне, а не ствараць дадатковыя падставы для абвастрэньня канфлікту.

Апошні раз перад цяперашнім крызісам кіроўны рэжым зьбіраў мітынгі ў сваю падтрымку ў 1996 годзе. Гэта быў пэрыяд плебісцытарнай дэмакратыі, калі Лукашэнка апэляваў да народу цераз галаву намэнклятуры і ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Тады ён змагаўся з апанэнтамі за ўсталяваньне аўтарытарнага рэжыму, і яму патрэбная была падтрымка грамадзтва. Таму быў уключаны мэханізм палітычнай мабілізацыі прыхільнікаў у выглядзе мітынгаў.

Пасьля таго як жаданае было дасягнута, патрэба Лукашэнкі ў публічнай грамадзкай падтрымцы зьнікла. Асноўнай апорай стаў дзяржаўны апарат. Быў уключаны мэханізм дэмабілізацыі. Улады штучна стваралі атмасфэру дэпалітызацыі, атамізацыі грамадзтва. Усе выбары ўлады імкнуліся правесьці па-за палітычнай роўніцай, як тэхнічную працэдуру. Апошнім часам нават яўка грамадзянаў на ўчасткі для галасаваньня не была патрэбная, выбарчая машына сама давала патрэбны вынік. Насельніцтву дасылаўся мэсыдж: палітыка — не для народу, у краіне ёсьць толькі адзін палітык, ён усё і вырашыць.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году Лукашэнка таксама ня бачыў неабходнасьці мабілізаваць свой электарат. Былі толькі два кволыя пікеты ў Менску. Стаўка звыкла рабілася на бездакорную працу дзяржаўнага апарату, выбарчай машыны і АМАПу.

І толькі калі народ выйшаў на вуліцу, улада апамяталася. І пачала рабіць тое, чаго ня толькі не рабілі чвэрць стагодзьдзя, але і з чым змагаліся. То бок уключыла рэжым мабілізацыі сваіх прыхільнікаў. Атрымалася непераканаўча. Колькасьць людзей, якіх улады маглі загнаць на праўладныя мітынгі, была несувымерная з колькасьцю добраахвотных удзельнікаў пратэсту. Вядома, што калі інструмэнт доўгі час не ўжываецца, то ён іржавее.

І самае галоўнае. Вось пракурор Менску Алег Лаўрухін у эфіры тэлеканалу СТБ 18 кастрычніка заявіў, што праўладныя мітынгі не падпадаюць пад дзеяньне закону «Аб масавых мерапрыемствах», бо яны арганізуюцца з ініцыятывы дзяржаўных органаў. Ніякага асаблівага сакрэту ён не адкрыў, аднак прызнаньне адметнае.

То бок праўладныя мітынгі праводзяць улады, мабілізуючы супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату і часткова бюджэтнікаў для падтрымкі самой улады. То бок самі для сябе. І абвяшчаюць гэта нейкай народнай акцыяй.

Значыць, ідзецца пра суцэльную імітацыю народнай падтрымкі. Прычым усе разумеюць, што гэта імітацыя. Гэта разумее тая антылукашэнкаўская большасьць, якая выходзіць на акцыі пратэсту. Гэта добра разумее намэнклятура, якая сама іх арганізуе.

Тады навошта і для каго ладзіцца гэтая імітацыя?

Тут варта зазначыць, што ўся дзяржаўная сыстэма цалкам заснаваная на імітацыі. У Беларусі няма нармальнага парлямэнту, мясцовых саветаў, Канстытуцыйнага суду, судовай сыстэмы, прафсаюзаў, выбараў і шмат чаго іншага. Ёсьць толькі іх сурагаты. Для такой сыстэмы імітацыя — норма.

Думаю, плянаваны мітынг меў стварыць патрэбную карціну для двух адрасатаў. Найперш для тых людзей, якія атрымліваюць інфармацыю з БТ. І для самога Лукашэнкі. Мусіць, яго атачэньне імкнецца стварыць ілюзію, што ён яшчэ мае падтрымку народу.

Чаму ж скасавалі заплянаваны на нядзелю мэгамітынг? Зразумела, спасылку на каранавірус ніхто не ўспрымае ўсур’ёз. Бо калі плянавалі мітынг, то хіба ўлады нічога ня ведалі пра небясьпеку пандэміі? Думаю, існуе некалькі прычын, якія не супярэчаць адна адной.

Магчыма, улады палічылі імаверную колькасьць удзельнікаў праўладнага мітынгу і прыйшлі да высновы, што іх будзе менш, чым на альтэрнатыўнай акцыі праціўнікаў Лукашэнкі. І гэта магло мець адмоўны эфэкт.

Прымусовая мабілізацыя людзей пад пагрозай звальненьня з працы магла выклікаць канфлікты ў некаторых працоўных калектывах. Шмат работнікаў адмаўляліся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. То бок мітынг мог выклікаць дадатковую канфліктагеннасьць у грамадзтве, што на тле наэлектрызаванай сытуацыі стала б дадатковым чыньнікам незадавальненьня рэжымам.

Дзьве масавыя акцыі ў адным горадзе маглі б выклікаць сутыкненьні між іх удзельнікамі.

Акрамя таго, у калёну пад чырвона-зялёнымі сьцягамі маглі пранікнуць людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і сапсаваць усю гульню. Заклікі гэта зрабіць ужо гучалі ў сацыяльных сетках.

Нешта падобнае адбылося ў Румыніі ў 1989 годзе. Тагачасны дыктатар Нікалае Чаўшэску сабраў мітынг у сваю падтрымку. Але хутка мітынгоўцы пачалі крычаць антыўрадавыя лёзунгі, і Чаўшэску мусіў уцякаць. Небясьпека паўтарэньня той гісторыі, магчыма, спыніла ініцыятараў праўладнага мітынгу.

З увагі на тое, што праўладны мітынг прайшоў бы пад аховай міліцыі, разганяць, хапаць, біць удзельнікаў альтэрнатыўнай акцыі пратэсту выглядала б вельмі непрыгожа. Гэта зьвязвала АМАПу рукі. А так цяпер рукі разьвязаныя.

Нарэшце, зусім кансьпіралягічная вэрсія. Магчыма, адмена праўладнага мітынгу зьвязаная з учорашнім візытам у Менск дырэктара Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна. Імаверна, ён прывёз Лукашэнку пасланьне ад Пуціна, і, магчыма, зьмест яго быў прыкладна такі: трэба рабіць захады, каб разрадзіць палітычную атмасфэру ў краіне, шукаць згоды, а не ствараць дадатковыя падставы для росту палітычнага напружаньня, абвастрэньня канфлікту.

У кожным разе спачатку спроба арганізацыі мэгамітынгу, а потым яго адмена сьведчаць пра няўпэўненасьць, слабасьць існага рэжыму. Моцныя і ўпэўненыя так не мітусяцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG