Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Еднасьці гэта не дадасьць». Кіраўнік хору імя Цітовіча пра канцэрты ў Купалаўскім 


Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча
Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча

«Ня ведаю чалавека, які не хацеў бы, каб купалаўцы вярнуліся ў свой дом. Ніхто ня можа іх замяніць. Таму дарэмна ўчынілі такую акцыю. Няхай бы тэатар стаяў і чакаў сваіх дзяцей», — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Міхась Дрынеўскі ставіць пад сумнеў «культурную экспансію» на Купалаўскую сцэну.

Міністэрства культуры выпраўляе яшчэ адзін знакавы калектыў у «творчую камандзіроўку» на сцэну Купалаўскага тэатру. У лістападзе там заплянаваныя выступы Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі імя Генадзя Цітовіча. Кіраўніцтва ансамбля лічыць гэта кепскай ідэяй.

На драматычнай сцэне — танцы, джаз, фальклёр

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і брутальных здушэньняў пратэсту больш за паўсотні актораў і супрацоўнікаў разам з мастацкім кіраўніком і рэжысэрам Мікалаем Пінігіным сышлі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Апошні працоўны дзень Паўла Латушкі
Апошні працоўны дзень Паўла Латушкі

Так яны падтрымалі свайго дырэктара Паўла Латушку, звольненага рашэньнем Міністэрства культуры за выказваньне грамадзянскай пазыцыі. Усе спэктаклі давялося скасаваць, 100-гадовы юбілей галоўная сцэна краіны сустрэла пустой.

Тым часам апальныя артысты запачаткавалі онлайн-праект «Купалаўскі», а чыноўнікі вынайшлі, як «ажывіць» галоўны тэатар краіны — паэкспэрымэнтаваць зь няпрофільнымі праграмамі.

Ад 15 кастрычніка там выступаюць танцоры дзяржаўнага акадэмічнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Культурная супольнасьць заклікала мастацкую кіраўнічку Валянціну Гаявую адмовіцца ад танцаў «на касьцях», але пазыцыю выказалі толькі музыкі аркестру. Той байкот каштаваў пасады дырыжору Івану Ерамеевічу, а нумары выконваюцца пад фанаграму — такога ў амаль 50-гадовай біяграфіі ансамбля не было.

Харэаграфічны ансамбаль "Харошкі"
Харэаграфічны ансамбаль "Харошкі"

Адпачатку плянавалася 10 канцэртаў да канца месяца, але абмежаваліся паловай. 26 кастрычніка сюды заяжджае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У адміністрацыі пацьвердзілі, што апошні зь дзесяці выступаў заплянаваны на 6 лістапада.

Як і ў выпадку з «Харошкамі», квіткі не прадаюць, у дзяржаўных установах разьмяркуюць запрашальнікі. А ўжо калі адгрыміць аркестар Фінберга, яго месца зойме сьпеўны калектыў імя Цітовіча. Гэта Свабодзе пацьвердзіў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор славутага хору Міхась Дрынеўскі.

Аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга
Аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга

«Так, Купалаўскі ў нашым пляне пазначаны на лістапад. А як будзе — сказаць складана, асабліва з улікам другой хвалі каранавірусу. Адзначу, што ў гэтым выпадку плянаваньне ідзе ад Міністэрства культуры, нам гэта падаецца як факт, бо мы распараджэньнем ураду маем статус дзяржаўнай установы», — удакладняе народны артыст Беларусі.

Паход ня няпрофільную дзею — «абавязалаўка»

Раней Павал Латушка заклікаў патэнцыйныя калектывы-дублёры спыніць «маладушнічаць і дэманстраваць псэўдафілянтропію». Толькі адмова ад выступаў у родным доме купалаўцаў дазволіць ансамблю захаваць прафэсійную рэпутацыю і чалавечае аблічча.

Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі
Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі

Бо першымі, хто вернецца на гэтую сцэну, павінны быць менавіта купалаўцы. Іначай гэта здрада культуры і пацярпеламу народу Беларусі, падсумаваў былы дырэктар.

«Я ня ведаю чалавека, які не хацеў бы, каб купалаўцы вярнуліся, — рэагуе Міхась Дрынеўскі. — Вельмі шкада, што так атрымалася — гэта тэатар № 1, наш нацыянальны здабытак. Ніхто ня можа іх замяніць. У гэтым сэнсе прэтэнзіі трэба выстаўляць міністэрству — даўно варта пайсьці, пагаварыць зь людзьмі. Хай бы людзі вярталіся і займаліся сваёй справай. І для мяне асабіста, і для іншых гэтая акцыя незразумелая — ні то разгон, ні то ігнараваньне. Як ні круці, зусім не апошнія людзі ў мастацтве».

Суразмоўца не хавае, што з маральнага гледзішча ад узваленай місіі пачувае сябе зусім не камфортна — гэта як заявіцца ў дом без дазволу гаспадароў. Такая сабе «творчая камандзіроўка».

«Лепш прыйсьці ў госьці і са шчырай усьмешкай, чым вось так, — гаворыць мастацкі кіраўнік хору імя Цітовіча. — Усе мы людзі і хочам людзьмі звацца. Але пад шыльдай Міністэрства культуры мусіць быць зусім іншы ўзровень культуры, каб разабрацца ў сытуацыі... Гэта мне якраз далі інтэрвію Фінберга паглядзець, дык ён, як кажуць, „цьвіце і пахне“, яго задавальняе, няма праблем. А ўсё нашмат складаней...»

Мінкульт загадаў — стаў «штрайкбрэхерам»

Міхась Дрынеўскі лічыць, што ўлады дарэмна «сталі ў позу», спрабуючы пакараць «наравістых тэатралаў». З аднаго боку, ствараецца выключна імітацыя дзейнасьці, абы не прастойваў будынак, а зь іншага — нават гледачоў на выступы мабілізуюць як «абавязалаўку».

Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча
Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча

«На мой погляд, дарэмна ўчынілі такі дэмарш. Няхай бы тэатар стаяў і чакаў, што называецца, сваіх дзяцей, — працягвае ён. — А цяперашняе рашэньне з маёй унутранай пазыцыяй не супадае, я гэта не баюся казаць. І нашы артысты таксама салідарныя з купалаўцамі, інакш і быць ня можа».

Ці не асьцерагаецца ён, што за выступы на асірацелай купалаўскай сцэне і ягоны калектыў апынецца ў кампаніі «штрайкбрэхераў» разам з «Харошкамі» ды аркестрам Міхаіла Фінберга? Міхась Паўлавіч кажа, што ў гэтым выпадку яму прасьцей за маладзейшых калегаў: у вочы наўрад ці хто скажа, а «інтэрнэтамі» не карыстаецца. Ягоныя мэдыя выглядаюць «па-старыкоўску» — газэты ды тэлеканалы.

«Кожны мае права рабіць уласныя высновы, мабыць, і такое скажуць, — па-філязофску ставіцца ён да магчымых абвінавачаньняў. — Мы дзяржаўныя людзі, існуем у пэўных рамках. Не вырашаем, хто і дзе выступае. Плюс адказнасьць за людзей, калектыў немалы. Але чалавечыя пачуцьці да калегаў былі і застаюцца. Паўтаруся: лепш бы абышліся без такой акцыі. Да таго ж публікі ня будзе, дзеля каго ўсё? Прынамсі еднасьці не дадае. Наадварот, выклікае яшчэ большы раздрай».

Канцэртнага пляну не дасягнуць — згоды таксама

Міхась Дрынеўскі называе 2020 год адным з самых складаных за свае амаль паўстагодзьдзя, аддадзеных Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму хору імя Генадзя Цітовіча. Праз адзін толькі каранавірус тройчы сыходзілі на карантын. А цяпер вось яшчэ выпрабаваньне Купалаўскім.

Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча
Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча

«Падчас першай хвалі каранавірусу два месяцы не працавалі ўвогуле, — кажа ён. — Потым лета, выступаў няма, не сэзон. У верасьні упершыню выехалі на фэстываль фальклёру ў Ляскавічы на Гомельшчыне. Гэта было ў выходныя. А ў панядзелак калега пайшоў на перадапэрацыйнае абсьледаваньне і выявілася, што ён зь вірусам. І нас увесь аўтобус — 65 чалавек — зноў загналі на ізаляцыю. Паўгода проста выкінутыя. У міністэрстве думаюць, што цяпер кампэнсуем страты. Зразумела, што ні пляну ня зробім, ні згоды ў грамадзтве не дадамо».

Нацыянальны акадэмічны народны хор створаны ў 1952 годзе на аснове песеннага калектыву вёскі Вялікае Падлесьсе на Берасьцейшчыне. Натхняльнікам стаў Генадзь Цітовіч — харавы дырыжор, фальклярыст, этнограф, народны артыст СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Міхась Дрынеўскі і ягоны хор
Міхась Дрынеўскі і ягоны хор

Ад 1975 году калектыў узначальвае мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Міхась Дрынеўскі, які пачынаў там хормайстрам. Налета адзначыць 80-гадовы юбілей. Ён народны артыст Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэньне», прафэсар, знаўца народнай музыкі і фальклёру.

За посьпехі ў галіне харавога мастацтва і папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры ў 1983 годзе калектыву прысвоена званьне «акадэмічны», у 1987-м нададзена імя Г. І. Цітовіча, а ў 2002-м статус «нацыянальны». Пастановай Савету міністраў Нацыянальны акадэмічны народны хор атрымаў статус «дзяржаўнай установы культуры».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG