Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ расказалі, як спэцслужбы Беларусі вэрбуюць украінцаў для шпіянажу на сваю карысьць


Беларуска-ўкраінскі памежны пераход
Беларуска-ўкраінскі памежны пераход

Служба бясьпекі Ўкраіны сьцьвярджае, што выявіла факты, калі спэцслужбы Беларусі спрабавалі «разгайдаць» украінскіх праварадыкалаў для дыскрэдытацыі Ўкраіны на міжнароднай арэне.

Суд у Валынскай вобласьці разгледзеў чарговую справу аб вэрбаваньні ўкраінца спэцслужбамі Беларусі для здабыцьця інфармацыі пра арганізацыю аховы мяжы ў памежным зь Беларусьсю Ратнаўскім раёне.

У матэрыялах крымінальнай справы адзначана, што ў лютым-сакавіку 2019 году прадстаўнік упраўленьня КДБ у Берасьці завэрбаваў ураджэнца сяла Самары Ратненскага раёну Валынскай вобласьці, які ў гэты час пасьля разводу з жонкай апынуўся ў Берасьці.

Сьледчыя маюць прозьвішча супрацоўніка беларускага КДБ, але яго не разгалошваюць у інтарэсах сьледзтва. У матэрыялах справы адзначаецца, што ўкраінец нібыта пісьмова пацьвердзіў згоду супрацоўнічаць зь беларускімі спэцслужбамі, але пасьля вяртаньня ва Ўкраіну добраахвотна паведаміў Службе бясьпекі Ўкраіны пра факт вэрбаваньня і невыкананьне атрыманага заданьня. На гэтай падставе суд вызваліў украінца ад крымінальнай адказнасьці.

Што кажуць у СБУ аб працы спэцслужбаў Беларусі

Як паведамілі Свабодзе ў прэс-цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны, спэцыяльныя службы Беларусі не спыняюць вэрбавальныя захады і ў 2020 годзе.

«Гэтая дзейнасьць сканцэнтраваная на ўкраінска-беларускім памежжы і праводзіцца ў асяродзьдзі кантрабандыстаў і асобаў, якія траплялі ў кампрамэтацыйныя сытуацыі на тэрыторыі Беларусі. Такія сытуацыі часта штучна ствараюць беларускія праваахоўнікі», — сказаў прадстаўнік прэс-цэнтру СБУ.

Апроч таго, паводле суразмоўніка Свабоды, спэцыяльныя службы Беларусі з мэтай далейшага вэрбаваньня заўсёды вывучаюць грамадзян Украіны, якія наведваюць Беларусь у складзе афіцыйных дэлегацыяў, дзеля бізнэс-кантактаў або наведваньня сваякоў.

«Сярод беларускіх праваахоўнікаў распаўсюджанай практыкай робіцца захоп і перацягваньне на тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх грамадзян, якія знаходзяцца на нэўтральнай тэрыторыі паміж нашымі дзяржавамі. Надалей такія сытуацыі выкарыстоўваюцца для апытаньня і ў асобных выпадках вэрбаваньня ўкраінцаў», — патлумачыў прадстаўнік прэс-цэнтру СБУ.

«Ад траўня на тэрыторыі Ўкраіны выяўлены шэраг фактаў падбухторваньня агентамі спэцслужбаў Беларусі ўкраінскага праварадыкальнага асяродзьдзя да дзеяньняў, якія могуць выкарыстоўвацца беларускім бокам для дыскрэдытацыі Ўкраіны на міжнароднай арэне», — дадалі ў Службе бясьпекі Ўкраіны.

Каго яшчэ вэрбавалі?

З 2016 году стала вядома прынамсі пра сем заяваў аб вэрбаваньні ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і яшчэ пра некалькі — расейскімі і польскімі органамі выведкі. У адным выпадку завэрбаваны ў Беларусі грамадзянін Украіны нават назваў імя свайго беларускага куратара.

Пасьля першых аналягічных гісторыяў у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюць «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных справаў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

У студзені 2020 году стала вядома, што ва Ўкраіне ўпершыню завялі крымінальную справу на супрацоўніка апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, які нібыта займаўся вэрбаваньнем украінскіх грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG