Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінец, нібыта завэрбаваны ў Беларусі, здаўся ў СБУ і назваў імя куратара


Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Украіны, абвінавачаны ў «дзяржаўнай здрадзе і дапамозе прадстаўнікам замежнай дзяржавы ў правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць украінскай дзяржавы», пазьбег крымінальнай адказнасьці, бо добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі.

Справу, заведзеную паводле артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб дзяржаўнай здрадзе, калегія судзьдзяў Ратнаўскага раённага суду Валынскай вобласьці разглядала 7 жніўня. Абвінавачанаму грамадзяніну пагражала пазбаўленьне волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, украінца ў другой палове кастрычніка 2017 году нібыта завэрбаваў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. (прозьвішча называецца ў судовай пастанове).

Гэта адбылося ў Кобрыні, дзе ў той час знаходзіўся грамадзянін Украіны. Ён сьцьвярджае, што пагадзіўся на супрацу ў вуснай і пісьмовай форме, паабяцаўшы зьбіраць інфармацыю пра сыстэму аховы дзяржаўнай мяжы Ўкраіны і асабісты склад памежных падразьдзяленьняў на памежным участку Ратнаўскага раёну Валынскай вобласьці.

На апошняй сустрэчы, якая адбылася сёлета 22 сакавіка, Уладзіслаў Л. нібыта паставіў перад украінцам яшчэ адно заданьне — сабраць і перадаць яму інфармацыю аб асабістым складзе супрацоўнікаў мясцовага тэрытарыяльнага падразьдзяленьня ўпраўленьня СБУ ў Валынскай вобласьці.

Неўзабаве пасьля гэтай сустрэчы ўкраінец вырашыў зьвярнуцца ў СБУ і паведаміць аб сваім вэрбаваньні. Дзякуючы гэтаму яму ўдалося пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці — ён пераканаў суд у тым, што не перадаваў вэрбавальніку сакрэтнай інфармацыі.

У Камітэце дзяржкантролю Беларусі пацьвердзілі, што такі супрацоўнік у іх ёсьць, але ад камэнтару, ці мог ён вэрбаваць украінскіх грамадзян, адмовіліся. З самім супрацоўнікам КДК, які нібыта вэрбаваў украінца, зьвязацца не ўдалося.

Гэта чацьвёрты вядомы выпадак, калі ўкраінцаў нібыта вэрбавалі беларускія спэцслужбы, і першы, калі называецца імя меркаванага вэрбавальніка.

Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG