Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«COVID ні з чым ня зблытаеш». Як пачалася другая хваля


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі заявіла, што краіна ўступіла ў другую хвалю эпідэміі каранавірусу.

Пасьля таго як у ліпені-жніўні захворвальнасьць «яўна» зьнізілася, ад пачатку верасьня зафіксаваны «даволі ўстойлівы трэнд» яе падвышэньня.

Паводле выканаўцы абавязкаў міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, беларускія мэдыкі сустракаюць другую хвалю «даволі спакойна», але спадзяюцца на супрацьэпідэміялягічныя захады, сярод якіх — сацыяльнае дыстанцыяваньне і масачны рэжым.

Паводле афіцыйных дадзеных, прырост хворых на COVID-19 павялічваецца. На 8 кастрычніка ён склаў 477 чалавек.

Пра выпадкі каранавірусу часьцей пачалі расказваць і ў сацыяльных сетках.

Сярод хворых і вядомая журналістка Любоў Лунёва. Свабода пагутарыла зь ёй.

Любоў Лунёва
Любоў Лунёва

Курс лекаваньня журналістка праходзіць дома, яе наведваюць лекары. Яна падпісала паперу пра адказнасьць за парушэньне рэжыму самаізаляцыі цягам двух тыдняў, можа хадзіць у бліжэйшую краму. У паперы гаворыцца, што захаваньне рэжыму могуць правяраць міліцыянты, але яны пакуль не наведваліся.

Дзе Любоў падхапіла вірус, яна ня ведае. Як журналістка працавала на пратэставых акцыях.

«Спачатку зьявіўся сухі кашаль, а я заўважыла падчас апошніх акцый, што амапаўцы ўвесь час кашлялі. Увесь час была ў натоўпе людзей, калі выходзілі вязьні з Акрэсьціна, людзі ўжо перасталі насіць маскі ў тым жа транспарце».

Любоў пайшла ў паліклініку, калі перастала ўспрымаць пахі і смак.

«Упершыню адчула сябе „бурацінай“, калі заўважыла, што магу ўзяць цыбуліну і спакойна яе грызьці, як яблык. Тое ж самае, калі п’еш гарбату ці каву, гэта ўспрымаецца як звычайная вада».

У паліклініцы зрабілі аналіз і памералі ўзровень кіслароду. Потым лекары прыйшлі дадому і паведамілі, што аналіз станоўчы.

«Мне ўжо было вельмі кепска, была высокая тэмпэратура. COVID ні з чым ня зблытаеш, гэта зусім іншае адчуваньне. Гэта вельмі цяжкая галава, нібыта нешта ёсьць унутры і гудзе, ажно баляць вушы. Цяжка дыхаць, хаця ўзровень кіслароду больш-менш нармальны. Пачалі балець калені і проста ўсе косткі, пякельны боль, раней ніколі такога не было. Лекары кажуць, што я ня першая з такімі сымптомамі і што ў першую хвалю яны з такім не сутыкаліся. Таксама зьявілася бяссоньніца, цяжка чытаць», — кажа журналістка.

Паводле Любові, калі яна прымала абязбольвальныя прэпараты ад болю ў нагах, то яны не дапамагалі.

«Такое адчуваньне, што вірус у цябе залез і спрабуе сабе падпарадкаваць тваё цела».

Любові Лунёвай не рабілі КТ, бо ў паліклініцы № 34 такога апарата няма. Ёй зрабілі рэнтген, і лекары кажуць, што здымкі нічога асаблівага не паказалі.

«Але людзі мне ўжо пішуць у фэйсбуку, што рэнтген часам і не паказвае, трэба рабіць КТ. Лекары з паліклінікі прыходзяць, слухаюць лёгкія. Двойчы ўжо зьбіраліся шпіталізаваць, але я папрасіла, каб застацца дома. Тэмпэратура доўгі час трымаецца, і лекары мяркуюць, што гэта таксама ня вельмі добры паказчык».

Хворая прымае парацэтамол і моцныя антыбіётыкі.

«Я так разумею, што ў шпіталь трапляюць тыя, каму патрэбныя апараты ШВЛ. Тым больш там усё забіта. Мне расказала сяброўка, што яе сваячку прывезьлі ў шпіталь а восьмай вечара — і да яе чарга ў прыёмны пакой дайшла толькі а трэцяй гадзіне ночы. Вельмі шмат хворых, і мэдыкі кажуць, што другая хваля больш агрэсіўная, чым першая, шмат хворых маладых, трапляюць у цяжкім стане.У сяброўкі сьвёкар трапіў у шпіталь, у яго 50% кіслароду і тромбы ў лёгкіх. А ён яшчэ не стары чалавек. Шмат маіх знаёмых цяпер з COVID, вірус пачаў касіць».

Любоў Лунёва жыве адна, у кватэры ёсьць кот Генрых. Хварэе сын, які жыве на асобнай кватэры.

«Гэта яшчэ толькі пачатак хвалі, а ўжо вунь што робіцца. У першую хвалю былі праблемы зь лекамі, а цяпер, калі такія грошы ўкідваюцца ў сілавікоў, невядома, ці хопіць у дзяржавы на ўсё грошай. Таму трэба неяк бараніць сябе».

«COVID усюды, і мы неяк зь ім павінны жыць»

У Юліі Антух захварэла на каранавірус маці. Юлія расказала Свабодзе, што маці спачатку паклалі ў хірургічнае аддзяленьне 3-й менскай лякарні, дзе рабілі апэрацыю. Паводле Юліі, маці выпісалі з тэмпэратурай, хоць лекары сказалі, што яна была здаровая.

«Калі я зь імі размаўляла і пыталася, як маці быць пасьля апэрацыі і з кавідам, яны адказалі, што COVID усюды і мы неяк зь ім павінны жыць».

Цяпер маці зноў паклалі ў лякарню, але ўжо ў пульманалёгію.

«Яна паступіла ў пульманалёгію ў панядзелак, і, як сказалі ёй, яна заняла апошняе месца, ёй пашанцавала. Зь ёй у палаце цяпер ляжаць у асноўным пажылыя. Мама сказала, што ў палаце ляжаць 3 чалавекі, якія да гэтага ляжалі ў іншых аддзяленьнях лякарні. Адтуль яны трапілі ў пульманалёгію. Сёньня і ўчора ні разу не прыбіралі ў палаце, ня мылі падлогу, не прыбіралі пыл».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG