Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму міліцыя патрабуе здымаць маскі ў разгар пандэміі


Марш пэнсіянэраў у Менску 5 кастрычніка. Ілюстрацыйнае фота.
Марш пэнсіянэраў у Менску 5 кастрычніка. Ілюстрацыйнае фота.

Выглядае, што Лукашэнка жадае нам масава хварэць на каранавірус. Здаецца, яшчэ крыху, і ён будзе жадаць усім нам сьмерці, каб мы перасталі нарэшце яму замінаць у ягонай альтэрнатыўнай рэальнасьці.

Аказваецца, пратэставыя акцыі — галоўная прычына цяперашняга росту выпадкаў захворваньня на каранавірус у Беларусі, і Лукашэнка з гэтай нагоды кажа: «Хочуць хадзіць і хварэць — хай хварэюць».

Але ж вось незадача — МУС рэгулярна справаздачыцца, што на акцыях пратэсту зусім няшмат людзей, а дзяржаўныя СМІ рапартуюць, што пратэсты здуваюцца. Гэта нейкія пратэсты Шродынгера атрымліваюцца — іх няма, калі трэба паказаць, што беларусы нібыта любяць Лукашэнку і ўвогуле радуюцца гвалту амапаўцаў, але яны рэзка зьяўляюцца, калі трэба кагосьці абвінаваціць у распаўсюдзе каранавірусу.

Зрэшты, каранавірус у Беларусі паводзіць сябе прыблізна гэтак жа сама. Ён такі страшны, што перадачы арыштаваным можна перадаваць толькі раз на тыдзень, але сілавікі ўпарта забываюць пра ягоную небясьпеку, калі патрабуюць ад удзельнікаў пратэставых маршаў перастаць карыстацца мэдычнымі маскамі і ўвогуле перастаць закрываць твар (відавочна, гэта робіцца, каб прасьцей ідэнтыфікаваць людзей).

Работнікі ізалятара на Акрэсьціна ня думаюць пра каранавірус, калі для транспартаваньня запіхваюць шмат чалавек у цесныя адсекі аўтазакаў, але супрацоўнікі турмы ў Жодзіне сустракаюць арыштаваных крыкам: «Дзе вашы маскі?». COVID-19 не дазваляе сабраць камісію, каб даць акрэдытацыю міжнародным журналістам, але не замінае яе адбіраць у тых, у каго яна ўжо была.

І так ва ўсім. Улады Беларусі проста выкарыстоўваюць пандэмію каранавірусу на сваю карысьць: не пускаюць адвакатаў да арыштаваных, праводзяць суды праз skype, не даючы нават маці ўбачыць сваіх затрыманых дзяцей. Чарговым разам абсурднасьць сытуацыі вырасла да непрыстойна высокіх паказчыкаў учора на судзе над юрысткай і грамадзянскай актывісткай Марынай Дубінай. Судзьдзя Шабуня папрасіла ўсіх, хто бяз масак, выйсьці з залі суду, але на ёй самой у гэты момант маскі не было.

Так і працуе ўся сыстэма — не клапоцячыся нават аб тым, каб яе дзеяньні выглядалі лягічна. А расплачваемся за гэта мы — людзі, якіх закідваюць у аўтазакі і саджаюць на суткі, людзі, якія захворваюць на гэтых сутках на каранавірус, людзі, якіх наўмысна ставяць у небясьпечнае становішча проста таму, што ўлады могуць сабе гэта дазволіць.

На саміх жа пратэставых акцыях людзі збольшага стараюцца трымаць дыстанцыю. Гэта ня шчыльныя натоўпы, дзе людзі наступаюць адзін аднаму на пальцы, — удзельнікі і ўдзельніцы стараюцца трымацца на адлегласьці і ўсё часьцей закрываюць твары маскамі. Людзі ня хочуць хварэць, і гэта відавочна.

Дый сам Лукашэнка яшчэ ў жніўні папракаў пратэстоўцаў у тым, што яны ня носяць маскі. Магчыма, тады ён разьлічваў, што пратэст хутка заціхне, і таму абраў такую тактыку. Цяпер жа яму зразумела, што ніхто не зьбіраецца спыняцца, і ён разумее, што людзей прасьцей перазаражаць (а некаторых такім чынам і забіць), чым запужаць і прымусіць сядзець дома праз страх. Менавіта таму ён кажа «хай хварэюць», а міліцыянты на маршы патрабуюць, каб людзі адкрылі твары.

Што цікава, на маршы ў падтрымку Лукашэнкі сёмага кастрычніка ніхто такога не патрабаваў. Людзі на гэтых маршах — раўнейшыя, ім можна і твары закрываць, і лёзунгі выкрыкваць, і сьцягамі махаць. І яны зусім не вінаватыя ў распаўсюдзе каранавірусу, адрозна ад удзельніц і ўдзельнікаў пратэставых акцый.

Аказваецца, нават каранавірус у Беларусі мае палітычныя прэфэрэнцыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG