Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і яго старшыня Алесь Бяляцкі сталі ляўрэатамі «альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміі»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» і яго старшыня Алесь Бяляцкі сталі ляўрэатамі швэдзкай прэміі «За правільны лад жыцьця», якую таксама называюць альтэрнатыўнай Нобэлеўскай.

1 кастрычніка швэдзкі фонд Right Livelihood Award Foundation абвясьціў імёны ляўрэатаў прэміі «За правільны лад жыцьця». Адным зь ляўрэатаў прэміі стаў беларускі праваабаронца, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі і заснаваны ім у 1996 годзе праваабарончы цэнтар «Вясна» — «за рашучую барацьбу за рэалізацыю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі».

Акрамя Бяляцкага, ганаровыя ўзнагароды атрымалі актывістка зь Нікарагуа Лоты Канінгэм Рэн, амэрыканскі юрыст Браян Стывэнсан і іранская абаронца правоў жанчын Насрын Сатудэ​ (Nasrin Sotoudeh).

Не зарэгістраваная ўладамі «Вясна» ўжо больш за 20 гадоў дапамагае беларусам адстойваць свае правы. За час свайго існаваньня праваабаронцы дапамаглі тысячам чалавек, удзельнічалі ў незьлічонай колькасьці адміністрацыйных і крымінальных працэсаў. Адной з галоўных задач арганізацыі зьяўляецца адмена ў Беларусі сьмяротнага пакараньня.

Актывісты «Вясны» неаднаразова зазнавалі перасьлед з боку ўладаў. Цяпер пад крымінальным перасьледам знаходзіцца каардынатарка «Вясны» Марфу Рабкову, якую праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.

У 2011 годзе старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі быў прызнаны вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і асуджаны на 4,5 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Падставай для арышту сталі замежныя банкаўскія рахункі Бяляцкага, сродкі зь якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасьці «Вясны». Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі прысуд палітычна матываваным, а Бяляцкага — палітвязьнем.

Прэмія «За правільны лад жыцьця» (так званая «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія») — ўзнагарода, якая прысуджаецца міжнародным журы і парлямэнтам Швэцыі «за працу над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэньнямі найбольш вострых праблем сучаснасьці», у такіх галінах, як абарона навакольнага асяродзьдзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя. Агульная сума прэміі складае 3 мільёны швэдзкіх крон, у гэтым годзе кожны зь ляўрэатаў атрымае 1 мільён швэдзкіх крон (каля 112 тысяч даляраў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG