Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такога не было ў гісторыі Беларусі ніколі — ужо 12 тысяч затрыманых»,​ — кіраўнік «Вясны»


Belarus - awarding of human rights activist Ales Bialacki (Bialiatski)
Belarus - awarding of human rights activist Ales Bialacki (Bialiatski)

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі расказаў вядоўцу «Настоящего времени» Ягору Максімаву пра рэпрэсіі ў Беларусі і працу праваабаронцаў у гэтых умовах.

— Калі казаць пра пратэст ад самага пачатку, ад прэзыдэнцкіх выбараў, колькі людзей застаюцца ў сьледчых ізалятарах? Ці яны да гэтага часу перапоўненыя, як гэта было ў першыя дні?

— Пад адміністратыўным арыштам знаходзяцца некалькі соцень чалавек. Зразумела, што гэтая лічба ўвесь час мяняецца, таму што даюць розныя тэрміны — каму 5, каму 8, каму 15 сутак. І некалькі соцень чалавек цяпер знаходзяцца як у Менску, так і ў іншых гарадах Беларусі, таму што ідзе вельмі моцны прэсінг на мясцовых актывістаў, на тых людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыях, якіх вылічалі па фатаздымках і асудзілі за апошні тыдзень.

Таксама вялікая колькасьць людзей была выпушчаная з пратаколамі на руках, таксама некалькі соцень чалавек будуць яшчэ судзіць. Таму і прыёмнік-разьмеркавальнік у Менску, і турма ў Жодзіне, дзе таксама ўтрымліваюць адміністрацыйна арыштаваных, даволі моцна напоўненыя. Калі ня будзе хапаць месцаў, то зноў жа, напэўна, частку людзей будуць выпускаць з пратаколамі на руках.

Наогул колькасьць людзей, якія прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманьні альбо проста затрыманьні, цяпер зашкальвае. Такога, на самай справе, не было ў гісторыі Беларусі ніколі. Перад днём выбараў прайшлі прыкладна 1700 чалавек праз затрыманьні. Пасьля 9 жніўня — ужо пад 12 тысяч. Мы проста маем нейкія калясальныя лічбы людзей, але людзі не здаюцца, людзі працягваюць супраціўляцца, і гэтая лічба не канчатковая.

— Гэта звыклы маштаб для Беларусі ці гэта нешта небывалае ў гісторыі краіны?

— Гэта неверагодны маштаб. Звычайна нават у гады прэзыдэнцкіх выбараў, у 2006 годзе ці ў 2010-м, у нас за год было да 3 тысяч людзей, якія цярпелі рэпрэсіі. Але цяпер зразумела, што тут пайшлі лічбы зусім іншага парадку. І што самае непрыемнае і самае небясьпечнае — гэта крымінальныя справы. Цяпер каля 300 чалавек з палітычных матываў сядзяць у СІЗА або знаходзяцца пад падпіскай. Гэта значыць, што людзі знаходзяцца ў крымінальнай справе, але ў той жа час знаходзяцца дома.

На мінулым тыдні і наша калега з праваабарончага цэнтру «Вясна» Марыя Рабкова таксама была арыштаваная, яе абвінавачваюць у фінансаваньні масавых беспарадкаў. Гэта поўны абсурд. Яна каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны». Гэта абсалютна чыстая, 100% -я праваабарончая праца. Але, тым ня менш, гэтыя рэпрэсіі закранулі ўжо і праваабаронцаў.

— Гэта розныя крымінальныя справы, ці, як у Расеі, ёсьць адна вялікая справа і па ёй дзясяткі чалавек арыштаваныя?

— Тут розныя справы будуць. Некаторыя групавыя, некаторыя адзіночныя. Але ўжо зразумела, што гэта сотні асобных справаў. Дарэчы, у Маладэчне адна такая крымінальная справа ўжо пачалася на мінулым тыдні, там судзяць двух чалавек, якіх абвінавачваюць у тым, што яны аказалі супраціў АМАПу ў той час, калі амапавец выхапіў баявы пісталет. Такі выпадак быў вядомы ў чэрвені, падчас выбарчай кампаніі. Цяпер час прыйшоў да суду. З гэтых двух абвінавачаных аднаго ўзялі пад варту проста падчас суду, другі пакуль на волі. Сам працэс ідзе. Але нас чакаюць бліжэйшыя месяцы дзясяткі такіх працэсаў, калі ўлады ня зьменяць свайго стаўленьня да акцый і да актывістаў, якія ўдзельнічалі ў гэтых акцыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG