Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International — уладам Беларусі: Неадкладна вызваліце Марфу Рабкову і ўсіх палітвязьняў


Amnesty International рашуча заяўляе, што ўлады Беларусі мусяць неадкладна і безумоўна вызваліць праваабаронцу Марфу Рабкову і ўсіх затрыманых у якасьці падазраваных у крымінальных злачынствах паводле ілжывых абвінавачаньняў і выключна за ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека.

Улады таксама павінны неадкладна спыніць адвольныя арышты, незаконнае пазбаўленьне волі і ўтрыманьне зьняволеных гадзінамі і нават днямі бяз сувязі — што ўлады шырока выкарыстоўваюць супраць сваіх апанэнтаў апошнімі тыднямі.

Amnesty International лічыць, што Марфа Рабкова стала ахвярай перасьледу выключна за сваю працу дзеля абароны правоў чалавека і зьяўляецца вязьнем сумленьня.

Затрыманьне праваабаронцы Марфы Рабковай адбываецца ў кантэксьце рэзкага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Падчас выбарчай кампаніі і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня прайшлі масавыя мірныя акцыі пратэсту, у тым ліку супраць афіцыйных вынікаў галасаваньня. Увесь гэты час улады праводзілі эскаляцыйную кампанію супраць апазыцыі і ўсіх нязгодных. Тысячы людзей былі адвольна затрыманыя, пераважная большасьць з іх — мірныя дэманстранты альбо мінакі, а шмат каго выкралі людзі ў масках і ў цывільным адзеньні.

Паводле незьлічоных сьведчаньняў зь першых вуснаў, шырока даступных фота- і відэаматэрыялаў і мэдычных дакумэнтаў, многія, калі ня ўсе, затрыманыя зазналі катаваньні ды іншае жорсткае абыходжаньне. Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна ў Менску, дзе знаходзіцца Марфа Рабкова, стаў сынонімам практыкі жорсткага зьбіцьця, сэксуальнага гвалту і іншых бесчалавечных альбо прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня. Падобна Марфе Рабковай, дзясяткі вядомых актывістаў палітычнай і грамадзянскай супольнасьці ды іхных паплечнікаў былі затрыманыя паводле надуманых абвінавачаньняў, а пасьля ўзятыя пад варту як падазраваныя ў крымінальных злачынствах.

Усіх іх неабходна неадкладна вызваліць і спыніць усе астатнія парушэньні правоў чалавека, у тым ліку разгоны мірных сходаў, масавыя затрыманьні і шырока распаўсюджанае жорсткае абыходжаньне і катаваньні затрыманых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG