Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 дзён пратэсту: што дае людзям сілы не спыняцца


Пратэстны марш у Горадні, 27 верасьня
Пратэстны марш у Горадні, 27 верасьня

Сёмы па ліку нядзельны Марш пратэсту прадэманстраваў, што людзей не спыняюць ні гвалт, ні надвор’е, ні стома, ні якія іншыя прычыны. Адбыўся своеасаблівы псыхалягічны пералом, пратэстоўцы канчаткова ўвайшлі ў рытм маратону: на пяцідзясяты дзень супраціву адкрылася другое дыханьне.

Сьцісла:

  • Пратэстоўцы загартаваліся. Яны ведаюць, што рызыкуюць свабодай і здароўем, але ўсё роўна выходзяць на акцыю пратэсту.
  • Лідэр патрэбны, але і безь яго працяглы пратэст прыносіць плён: дэмаралізуе службоўцаў сыстэмы і вымотвае «сілавікоў».
  • Пратэст сам па сабе — сымбаль. Ужо ня важна, больш ці менш у ім ўдзельнікаў: важна, каб ён быў устойлівы, «не зьбіваўся з рытму».

«Маратон»

Напярэдадні сёмага па ліку Маршу, гэтым разам з тэмай народнай інаўгурацыі Сьвятланы Ціханоўскай, БТ радасна анансавала сваім гледачам, што пратэсты сьціхаюць. Дый нават за пару гадзін да пачатку некаторыя незалежныя назіральнікі выказваліся асьцярожна-скептычна. Маўляў, столькі часу людзі ходзяць з рызыкай быць зьбітымі і затрыманымі, надвор’е халаднее, будзе дождж і вецер, міліцыянты ставяць кардоны і засады па ўсім Менску.

Але людзі зноў масава выйшлі. І, мне падаецца, 27 верасьня, на 50-ы дзень пратэстаў і на сёмы агульнабеларускі Марш пратэсту, адбыўся яшчэ адзін псыхалягічны пералом. Стала відавочна, што ні сілы прыроды, ні запужваньне ня спыняць беларускі пратэставы рух. Што людзі гатовыя ісьці да канца, то бок, як мінімум, да новых — празрыстых — выбараў. Беларусы бягуць пратэставы маратон.

Калі ты ідзеш на Марш, то неяк сам сабою ўліваесься ў людзкі паток. А калі сочыш праз інтэрнэт, то людзі матэрыялізуюцца нібы зь ніадкуль. Вось малы разасоблены натоўп, а вось празь дзесяць хвілін — людзкое мора.

Гэтым разам было бачна, што аснову пратэстоўцаў складаюць маладыя людзі 20–35 гадоў. Што праўда, на маршы пратэсту (прынамсі ў Менску) трэба шмат і хутка хадзіць, а часам і бегаць. Людзі за больш як паўтара месяца самі намацалі тактыку, якая дазваляе паказаць сабе і сьвету, што «нас шмат і мы бадзёрыя», і адначасова максымальна выматаць праціўніка, то бок «сілавікоў».

У беларускіх пратэстах няма сымбалічных пунктаў у гарадах, дзе абавязкова трэба сабрацца ці якія трэба абавязкова абараніць. Па вялікім рахунку, пратэстоўцы з аднолькавай эфэктыўнасьцю могуць маршыраваць і па праспэкце Незалежнасьці, і па Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе. Бо сымбаль пратэсту — ня месца, а самі людзі.

«Што даюць тыя пратэсты?»

Падобныя пытаньні задаюць людзі, якія прызвычаіліся да клясычных рэвалюцый узору ХІХ—ХХ стст. Ёсьць лідэр, ёсьць ідэалёгія, ёсьць паўсталыя масы, якія мусяць захапіць масты, вакзалы і тэлеграф. Усё гэта за кароткі час, інакш прыйдзе праціўнік і сам захопіць.

Але ў сучаснай Беларусі ўсё ня так. Беларус раніцай заводзіць дзіця ў садок, пасьля ідзе на ланцуг салідарнасьці, а пасьля прыяжджае на работу. У абед зноў стае ў ланцуг салідарнасьці, тое самае адбываецца перад вячэрай зноў у сваім раёне. Па нядзелях — Марш.

Беларусу не патрэбныя масты, вакзалы і тэлеграф. У беларуса ёсьць Telegram, у якім ён камунікуе з аднадумцамі і дамаўляецца на супольныя дзеяньні. Таму беларускія пратэсты даюць наступнае:

  1. Адцягваюць сілавыя структуры ад кантролю за грамадзтвам, якое тым часам працягвае выбудоўваць гарызантальныя сувязі праз той самы Telegram.
  2. Дэмаралізуюць нізавых «гасударавых людзей», якія бачаць, што ні Лукашэнка, ні высокае начальства ня могуць утаймаваць масавыя пратэсты.
  3. Фізычна і псыхалягічна пратэсты вымотваюць «сілавікоў», што ў момант «Х» дазволіць пратэстам праявіць сябе яшчэ больш масава і красамоўна.

«Сілавікоў» усіх, разам з пашпартнымі сталамі і інспэктарамі па справах непаўналетніх, — некалькі дзясяткаў тысяч па Беларусі. Пратэстоўцаў у пэўны момант па ўсёй краіне было зафіксавана каля паўмільёна. Дадайце, што кожны раз, апроч ядра, выходзяць новыя людзі. То бок гаворка пра мільёны. З улікам тых, хто ня можа рызыкаваць здароўем і свабодай, але падтрымлівае пратэст іншымі дасяжнымі спосабамі.

Адбываецца ратацыя пратэстоўцаў, а вось «сілавікі» знаходзяцца ў штодзённай фізычнай і псыхалягічнай напрузе. Тут і да самых недалёкіх мусіць пачаць даходзіць, што нампаліт хлусіць пра найманых «Захадам» маргіналаў. Што пратэстуе народ.

Цяжка прадбачыць, як менавіта адбудзецца сыход Лукашэнкі ад улады, але тое, што беларусы маральна і фізычна падрыхтаваныя падтрымаць сваю кандыдатуру на лідэрскай пасадзе, відавочна і пацьверджана фэномэнам 50-га дня пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG