Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зламалі дзьве хрыбеткі, білі па вушах і сьпіне» — 2 верасьня лекара жорстка пабілі пры затрыманьні


Аляксей Беластоцкі

У лякарню хуткай дапамогі проста з судовага працэсу на Акрэсьціна трапіў лекар Аляксей Беластоцкі, які працуе ў 4-й гарадзкой лякарні. У лекара зламаныя дзьве хрыбеткі, чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія абдзірыны, ён дрэнна чуе на адно вуха.

Паводле лекара, гэта наступствы пабіцьця пасьля таго, як 2 верасьня яго затрымалі каля мэтро «Пушкінская» на месцы мэмарыялу памяці забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Два тыдні таму лекар Беластоцкі рабіў складаную апэрацыю зьбітаму пратэстоўцу, а цяпер сам стаў падсудным і пабітым.

«Тады ніколі б не падумаў, што сам апынуся амаль ў такім самым становішчы», — кажа Аляксей Беластоцкі.

«Спыніўся, каб праверыць, ці патрэбна каму мэдычная дапамога»

Аляксей Беластоцкі кажа, што на месцы народнага мэмарыялу, дзе ад стрэлу амапаўца ў грудзі загінуў Аляксандар Тарайкоўскі, апынуўся выпадкова.

«Ехаў на аўтамабілі, каб адведаць тату, павярнуў на скрыжаваньні і ўбачыў натоўп у адным месцы. Падумалася: а раптам каму патрэбная дапамога — у гэтыя дні такое задараецца, на жаль, часта. Спыніўся і пайшоў у натоўп. А там нейкі лейтэнант міліцыі рэзка размаўляе зь людзьмі, загадвае разысьціся, пагражае. Уключыў відэа і папрасіў яго назвацца, як тут падскочыў другі — у цывільным, потым яшчэ чалавек 10, і ў выніку мяне зацягнулі ў бусік. Захінулі завесы ды пачалі біць. Па галаве, руках, у грудзі, куды пападзе. Хутчэй за ўсё біў менавіта лейтэнант, бо другі гэтым часам правяраў мой тэлефон. Але не перакананы, бо нацягнулі на твар майку, каб нічога ня бачыў», — расказаў пра падзеі ў міліцэйскім аўтамабілі Аляксей Беластоцкі.

Паводле далейшых успамінаў лекара, яго білі і ў РУУС, куды прывезьлі ад станцыі мэтро «Пушкінская». Аляксей толькі год жыве ў Менску, кажа, што яшчэ недастаткова арыентуецца ў горадзе, але мяркуе, што гэта было Фрунзэнскае РУУС — тое самае, дзе многіх пратэстоўцаў зьбівалі ў спартовай залі.

Як катавалі ў Фрунзэнскім РУУС

«У аддзеле завялі ў нейкі пакой, кінулі на падлогу, зноў нацягнулі майку на твар і пачалі біць. Білі па вушах. Навошта, не магу сказаць, можа, каб страціў арыентацыю, бо такія ўдары вельмі ўплываюць на ўспрыняцьцё рэчаіснасьці», — расказаў Аляксей. Пра матывы тых, хто яго зьбіваў, лекар нічога ня ведае. «Білі пераважна моўчкі. Толькі раз, падчас апытаньня, нейкі іхны начальнік у цывільным ударыў у грудзі, спытаўшы пры гэтым: «Дагуляўся?».

У РУУС на лекара Беластоцкага склалі два пратаколы — за удзел ў несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаваньне. На абодвух ён пазначыў, што вінаватым сябе не прызнае, і тады яго адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. Быў канец дня, Аляксею стала блага, кружылася галава і балела ва ўсім целе. Лекар прасіў выклікаць яму хуткую дапамогу, але да поўдня наступнага дня ягоную просьбу ігнаравалі. Потым над ім пачаўся адміністрацыйны працэс — судзілі наўпрост на Акрэсьціна, празь відэасувязь з судом. Ён зьвярнуўся да судзьдзі з просьбай пра «хуткую дапамогу». Прыйшла фэльчарка з ізалятару, агледзела яго і пацьвердзіла, што без умяшаньня лекараў не абысьціся.

«Толькі тады да мяне выклікалі „хуткую“ і адвезьлі ў шпіталь. Ляжу тут другі дзень. Лечаць, робяць аналізы, ставяць кропельніцу. Вось гадзіну таму праверылі хрыбетнік і знайшлі, што ў мяне зламаныя дзьве хрыбеткі паясьнічнага аддзелу. То бо лячэньне зацягнецца. Спадзяюся, на Акрэсьціна мяне цяпер забяруць ня хутка, хаця нічога нельга выключаць і цяпер», — мяркуе Аляксей Беластоцкі.

«У пацыента з Акрэсьціна была пашкоджана машонка. Магчыма, білі нагой»

Аляксей кажа, што яшчэ два тыдні таму зусім ня думаў пра пэрспэктыву самому трапіць ў становішча пабітага міліцыянтамі пратэстоўца. Але на дзяжурстве 15 жніўня сустрэў чалавека, які таксама раней такога не дапускаў, а рэчаіснасьць выявілася горшай.

«У лякарню з Акрэсьціна даставілі маладога чалавека. Ён казаў, што быў затрыманы 10 жніўня, выходзіў зь нейкай крамы, не памятаю ўжо, дзе гэта было, але там былі затрыманьні вакол. Хлопец апавядаў пра сукамэрніка, які быў у хатніх пантофлях. На целе майго пацыента я бачыў шмат сінякоў, абдзірынаў, але галоўнай праблемай для яго была траўма машонкі. Не выключаю, што нагамі білі. Адно яечка моцна пашкоджана, а паколькі на Акрэсьціна ніякай дапамогі яму не аказалі, дык частка тканкі амярцьвела і мне давялося яе выдаліць», — расказаў Аляксей. Пра пацыента лекар ведае, што яму 26 гадоў і што дзяцей да таго ён ня меў.

«Ёсьць небясьпека, што ён ўвогуле застанецца безь яечка, бо калі здарыцца запаленьне, дык без ампутацыі не абысьціся», — сказаў пра наступствы траўмы свайго пацыента лекар Аляксей Беластоцкі. Таксама ён зазначыў, што хлопец перажыў наймацнейшы псыхалягічны шок.

Знакі свайго пабіцьця Аляксей засьведчыць з дапамогай экспэртызы. Ён будзе падаваць скаргу на тых міліцыянтаў, якія яго білі пасьля затрыманьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG