Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пачынае «разьбірацца». З народам


Менск, 1 верасьня 2020 г.
Менск, 1 верасьня 2020 г.

Кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структураў сьведчаць пра ўзмацненьне рэпрэсіяў.

Нягледзячы на рэзка адмоўнае ўспрыманьне дзеяньняў сілавікоў пасьля выбараў як беларускім грамадзтвам, так і міжнароднай супольнасьцю (словы «сьвет здрыгануўся» ня будуць перабольшаньнем), Аляксандар Лукашэнка, мяркуючы па сёньняшніх прызначэньнях, палічыў іх недастаткова жорсткімі.

Найперш гэта тычыцца былога сакратара Савету бясьпекі Раўкова, які паводле пасады мусіў каардынаваць дзейнасьць сілавікоў.

Мне даводзілася размаўляць з чалавекам, які добра ведае Раўкова яшчэ да прызначэньня яго міністрам абароны (і пры гэтым не падзяляе ягонай палітычнай пазыцыі, што сьведчыць на карысьць аб’ектыўнасьці ацэнкі). Ён характарызуе Раўкова як чалавека разважлівага і ня здольнага ісьці на неапраўдана жорсткія крокі.

Выглядае, у жніўні Раўкоў праявіў сябе менавіта такім: хаця ў фэйсбуку і пасылаў апазыцыянэраў у эміграцыю, але ў «рэале» належнай жорсткасьці да іх ня выявіў. «Недакаардынаваў», калі трансфармаваць пажаданьні, адрасаваныя Лукашэнкам ягонаму наступніку, генэралу Вакульчыку.

На пасадзе старшыні КДБ Вакульчык праявіў сябе, трэба думаць, адпаведна жаданьням галоўнага патрона. Ёсьць сьведчаньні, што сярод тых, хто на Акрэсьціна даваў загады АМАПаўцам бязьлітасна біць людзей, былі афіцэры КДБ.

Ну і добра вядома, як дзейнічалі чэкісты ў Менску і ў рэгіёнах да галасаваньня, у часе галасаваньня і пасьля яго.

(У дужках прыгадаю, што казаў мне ў 1992 годзе першы старшыня КДБ незалежнай Беларусі генэрал-палкоўнік Эдуард Шыркоўскі, — што чэкісты ня менш за нас, БНФаўцаў, перажываюць трагедыі ахвяраў Курапатаў, што з палітычным вышукам скончана раз і назаўсёды, што чэкісты за новую Беларусь, за дэмакратычную праўную дзяржаву... Тыя хлопцы, якія служылі ў ахове Шушкевіча, сапраўды былі такімі. Але дзе яны цяпер?).

Пасаду ж кіраўніка КДБ зойме генэрал Тэртэль, які вяртаецца з крэсла шэфа Камітэту дзяржаўнага кантролю ў «роднае» ведамства, дзе яшчэ тры месяцы таму ён быў намесьнікам старшыні.

Тэртэля ацэньваюць як кіраўніка жорсткага, схільнага да сілавых і рэпрэсіўных мэтадаў. Паводле замежных дыпляматаў, якія былі на сустрэчы зь Тэртэлем у МЗС у чэрвені, тлумачачы арышт Бабарыкі, ён размаўляў зь імі як сьледчы з падазраванымі.

Выглядае, забітых і закатаваных, зьнявечаных і зьняважаных — недастаткова. Выглядае, рэпліка Лукашэнкі, кінутая ў бок пратэстоўцаў «Мы зь імі разьбярэмся!» — не эмоцыі, а праява асэнсаванай стратэгіі. І сапраўды: у апошнія дні брутальныя затрыманьні аднавіліся і набіраюць сілу.

Толькі вось «разьбірацца» давядзецца цяпер ня з сотнямі, а з сотнямі тысяч. Калі не зь мільёнамі. А гэта ўжо не «апазыцыя», а народ.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG