Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў ў спіс пэрсон нон-грата. ПОЎНЫ СЬПІС

абноўлена

Эдгарс Рынкевічс і Аляксандар Лукашэнка ў Менску, 29 ліпеня 2019

У адпаведнасьці з рашэньнем кабінэта міністраў Латвіі і па ўзгадненьні зь міністэрствамі замежных спраў Эстоніі і Літвы міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэньне аб унясеньні 30 беларускіх чыноўнікаў у сьпіс пэрсонаў нон-грата, паведамляе афіцыйны сайт замежнапалітычнага ведамства Латвіі.

Падобныя рашэньні прынялі МЗС Літвы і Эстоніі.

У «чорны сьпіс» уключаны Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуры, Камітэту дзяржбясьпекі, Сьледчага камітэту, Савету бясьпекі, Камітэту дзяржкантролю і Менскага гарвыканкаму.

Латвія забараніла ўезд гэтым асобам на бестэрміновы пэрыяд, Эстонія — на пяць год.

Чаму краіны Балтыі ўвялі пэрсанальныя санкцыі

Паводле МЗС Латвіі, гэтыя асобы сваімі асабістымі дзеяньнямі арганізоўвалі і падтрымлівалі фальсыфікацыю выбараў прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня 2020 году, а таксама падтрымлівалі гвалтоўнае задушэньне мірных пратэстаў.

Міністар замежных спраў Рынкевічс падкрэсьліў, што Латвія рашуча асуджае фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў і перасьлед журналістаў і актывістаў.

«Нашым рашэньнем у сувязі з гэтым мы даем выразны сыгнал аб тым, што такія дзеяньні непрымальныя і што вінаватыя ў такіх дзеяньнях не вітаюцца ў Латвіі. Мы заклікаем Эўрапейскі зьвяз неадкладна прыняць аналягічныя рашэньні», — заявіў міністар замежных спраў Латвіі.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што гэта толькі «першапачатковая вэрсія сьпісу», і ў далейшым ён будзе папаўняцца. Ён таксама паведаміў, што некаторыя асобы ў сьпісе ў апошнія гады наведвалі Літву. «Пакуль мы гаворым пра абмежаваньні ў перамяшчэньні службовых асоб. Спадар Лукашэнка ў гэтым сьпісе. Праверылі сам сьпіс і ўстанавілі, што тры чалавекі з гэтага сьпісу ў апошнія пяць гадоў наведвалі Літву, адзін з іх — цэлых 15 разоў», — цытуе Наўседу Delfi.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў, што яго ведамства ўжо накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў Літвы прапанову ўнесьці ў сьпіс 118 беларускіх чыноўнікаў. Дакумэнт знаходзіцца на разглядзе.

«Санкцыямі мы паказваем, што вельмі сур’ёзна ставімся да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. У той жа час мы лічым важным не караць народ Беларусі», — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Ўрмас Рэйнсалу. Ён падкрэсьліў, што Эстонія падтрымлівае свабодную волю беларусаў і іх намаганьні па дасягненьні дэмакратычных перамен.

Хто трапіў у «чорны сьпіс»

Вось поўны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Балтыі:

  • Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік дзяржавы Беларусі
  • Віктар Лукашэнка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, сябра Савету бясьпекі Беларусі
  • Ігар Сергеенка, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі
  • Максім Рыжанкоў, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
  • Вольга Чупрыс, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
  • Дзьмітры Круты, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
  • Генадзь Богдан, намесьнік кіраўніка Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта
  • Лідзія Ярмошына, кіраўніца цэнтральнай выбарчай камісіі
  • Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў
  • Алена Дзьмухайла, юрыстка Цэнтральнай выбарчай камісіі
  • Сьвятлана Кацуба, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі
  • Ігар Плышэўскі, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, начальнік упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму
  • Алег Сьліжэўскі, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, міністар юстыцыі
  • Ірына Целікавец, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, супрацоўніца Міністэрства юстыцыі
  • Валеры Вакульчык, старшыня КДБ
  • Іван Тэртэль, старшыня Камітэту дзяржкантролю
  • Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту
  • Аляксандар Канюк, генэральны пракурор
  • Юрый Караеў, міністар унутраных спраў
  • Генадзь Казакевіч, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў
  • Аляксандар Барсукоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў
  • Сяргей Хаменка, намесьнік міністра ўнутраных спраў
  • Юры Назаранка, намесьнік міністра ўнутраных спраў
  • Раман Мельнік, начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
  • Іван Кубракоў, начальнік ГУУС Менгарвыканкаму
  • Алег Шаблыка, намесьнік начальніка Дэпартамэнту аховы МУС
  • Андрэй Раўкоў, кіраўнік Савету бясьпекі Беларусі
  • Аляксей Волкаў, першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Сяргей Аземша, намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Смаль, намесьнік старшыні Сьледчага камітэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG