Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы высокапастаўлены супрацоўнік МУС Юры Гушча: Байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, яму проста ставяць задачу


Ілюстрацыйнае фота. Байцы АМАП затрымліваюць мірнага пратэстоўца
Ілюстрацыйнае фота. Байцы АМАП затрымліваюць мірнага пратэстоўца

Падпалкоўнік Юры Гушча, які ў свой час працаваў у цэнтральным апараце МУС, аналізуе прычыны брутальнасьці дзеяньняў сілавікоў 9–12 жніўня, тлумачыць асаблівасьці выхаваньня байцоў АМАПу і заяўляе, што Лукашэнка будзе расчараваны «вернасьцю» сілавікоў.

Сьцісла:

  • Я пераацаніў кіраўніцтва МУС і «перачалавечыў» некаторых яго прадстаўнікоў.
  • Тое, што адбылося на вуліцах нашых гарадоў 9–12 жніўня, — не нарадзілася за апошнія некалькі гадоў, яно высьпявала, як фурункул, цягам доўгага часу.
  • У параўнаньні з пачаткам 1994 году колькасьць наяўных сілаў АМАП узрасла ў 4 разы — з 350 чалавек да амаль што 1500. Колькасьць унутраных войскаў — у 5 разоў.
  • Байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, супастаўляць і разьбірацца. Яму проста ставяць задачу, аддаюць загад — а яго справа загад дакладна выконваць.
  • Няма паняцьця — «добры» ці «кепскі» супрацоўнік, існуе паняцьце — «законныя» ці «незаконныя» дзеяньні.

— Юры, вы апошнія тыдні перад выбарамі шмат пісалі ў сацыяльных сетках пра стан сілавых структураў у Беларусі, і гэтыя вашыя допісы былі вельмі папулярныя. Раскажыце трошкі пра сябе: кім вы цяпер працуеце, кім працавалі раней у сілавых структурах, чаму сышлі адтуль.

Юры Гушча
Юры Гушча

— Я і цяпер актыўна пра гэта пішу, бо лічу ўсё зьвязанае зь сілавымі структурамі надзвычай актуальнай і вострай тэмай, асабліва апошнім часам.

Сам я дваццаць гадоў аддаў сыстэме МУС, прычым пачынаў служыць у самых «нізах», як кажуць, у «акопах» — гэта Цэнтральны раён Гомля, у той момант, калі там дзейнічала так званая «банда Марозава». Прайшоў усе ступені службовай лесьвіцы, скончыўшы службу падпалкоўнікам у цэнтральным апараце МУС Рэспублікі Беларусь. Маёй спэцыялізацыяй было выяўленьне і раскрыцьцё эканамічных і карупцыйных злачынстваў у стратэгічных галінах эканомікі, у тым ліку ў фінансавай сыстэме.

Сышоў я ў лістападзе 2013 году на ўласнае жаданьне. Здарылася гэта таму, што пасьля заканчэньня ад’юнктуры Акадэміі МУС у верасьні 2013 году я зразумеў, што вычарпаў сябе ў якасьці супрацоўніка органаў унутраных справаў і мае жыцьцёвыя прынцыпы сталі вельмі слаба спалучацца з тым становішчам у міліцыі, якое сфармавалася на працягу трох апошніх гадоў, пакуль я быў у ад’юнктуры і пісаў кандыдацкую дысэртацыю. Асабліва цяжкае ўражаньне на мяне зрабілі падзеі 19–20 сьнежня 2010 і красавіка-чэрвеня 2011 гадоў, пасьля якіх я ўвогуле для сябе ўжо ўсё вырашыў.

Пасьля заканчэньня службы я даволі добра адаптаваўся да цывільнага жыцьця, працаваў кіраўніком прадстаўніцтва буйной расейскай карпарацыі ў Маскве, ачольваў службу эканамічнай бясьпекі банку, і цяпер ужо працяглы час працую як праўны, інвэстыцыйны і падатковы кансультант у шэрагу прыватных кампаніяў, якія да апошняга моманту (маю на ўвазе эпідэмію COVID-19) пасьпяхова дзейнічалі на беларускім і замежных рынках.

— Ведаючы сытуацыю знутры, ці чакалі вы такога ўзроўню зьверстваў і жорсткасьці, які паказалі супрацоўнікі сілавых органаў падчас падзеяў 9–12 жніўня? Чым вы можаце гэта патлумачыць?

— Шчыра прызнаюся: такога я наўрад ці чакаў. Больш за тое, удзень 9 жніўня, знаходзячыся ў аб’яднаным штабе, я ў размове зь «Белсатам» спрабаваў заспакоіць людзей і аргумэнтамі пераканаць, што дзеяньні «сілавікоў» могуць быць агрэсіўнымі і зь ціскам, але ж да шырокамаштабнага ўжываньня зброі і спэцсродкаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама да жорсткага іх катаваньня і ахвяраў — ня дойдзе. Але ж я памыліўся. Я вельмі пераацаніў кіраўніцтва МУС і «перачалавечыў» некаторых яго прадстаўнікоў. На мой вялікі жаль.

Тое, што зрабілі сілы АМАП і асобныя злучэньні ўнутраных войскаў 9–12 жніўня, — гэта, безумоўна, на мой погляд як юрыста, — злачынства без усякіх кампрамісаў. Пераважна ў выглядзе шматлікіх фактаў перавышэньня службовых паўнамоцтваў, якія суправаджаліся гвалтам, катаваньнямі і неабгрунтаваным ужываньнем агнястрэльнай зброі і спэцыяльных сродкаў, што прадугледжана часткай 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу, зьяўляецца цяжкім злачынствам і караецца пазбаўленьнем волі ад трох да дзесяці гадоў. Другая частка пытаньня: чаму так адбылося і чым усё гэта я магу патлумачыць?

Па-першае. Сам факт таго, што сілавікі на вуліцах Менску будуць паводзіць сабе жорстка — нас ужо аднойчы аб гэтым нехта папярэджваў, маўляў «соберем в одном месте и разберемся со всеми сразу». Як могуць «разобраться» — мы памятаем з былых часоў, у тым ліку зь сьнежня 2010 году.

Але ж мы лічылі, што гэтыя дзеяньні будуць мець адмысловыя межы і мець толькі мэту перашкодзіць спробам людзей сабрацца на плошчы ці на вуліцах выключна сталіцы.

Аднак тое, што адбудзецца, — жахліва празьмернае, непрапарцыйнае і неадэкватнае абстаноўцы ўжываньне зброі і спэцсродкаў у маштабе ўсёй краіны, і тое, што гэтыя дзеяньні будуць дакладна сплянаваныя, з халодным сэрцам распрацаваныя з адзінай дакладнай мэтай запалохаць грамадзтва, дэмаралізаваць і пазбавіць яго волі да процідзеяньня ўладам, узбудзіць страх — гэта было цяжка сабе ўявіць.

На думку ініцыятараў, наступальныя і дэманстрацыйна жорсткія дзеяньні сілавікоў мусілі надоўга адбіць у людзей жаданьне мітынгаваць увогуле, «высоўваць нос» на вуліцу.

У выніку атрымалася ўсё цалкам наадварот.

Жахлівыя дзеяньні міліцыянтаў выклікалі ў людзей адваротную рэакцыю, абудзілі гнеў і цяпер выводзяць на вуліцу сотні тысяч беларускіх грамадзян, якія да 9 жніўня нават і ня думалі аб гэтым.

І мы зноў вяртаемся да пытаньня: чаму так адбылося? Адказ адзіны: ініцыятары і вялікія міліцэйскія начальнікі, імкнучыся дасягнуць мэтаў, аб якіх мы казалі раней, дапусьцілі дзьве велізарныя стратэгічныя памылкі. Гэтыя памылкі будуць мець, у тым ліку асабіста для іх, вельмі цяжкія наступствы ў будучыні, перш за ўсё — праўныя. За іх ужо вельмі хутка дорага прыйдзецца заплаціць, прыкметы гэтага праяўляюць сябе ўжо цяпер.

Што гэта за памылкі?

Першая: ініцыятары разгону пратэстаў моцна памыліліся ў колькасьці пратэстоўцаў, да якіх можна будзе ўжыць самы жорсткі і бязьлітасны варыянт дзеяньняў сілавікоў, а таксама — у працягласьці падзеяў. Прагназавалі, што агульная колькасьць «адшчапенцаў» і «майданутых» складзе сама больш 500–1000 чалавек, якія паспрабуюць, карыстаючыся слэнгам сілавікоў, «дестабилизировать обстановку» цягам двух дзён, 9 і 10 жніўня. Менавіта пад такі сцэнар і разьлічвалі сілы, сродкі і выпрацоўвалі тактыку дзеяньняў. Паводле іхных папярэдніх разьлікаў, ужо 11 жніўня ўсё мусіла сьціхнуць і абстаноўка ў Менску ператварыцца ў «магільны спакой».

Але ж тая колькасьць людзей, іх апантанасьць у адстойваньні сваіх правоў, зь якою прыйшлося сустрэцца АМАПу і «спэцам 3214», абвергла ўсе ўяўленьні апошніх аб сытуацыі і моцна шакавала іх саміх. Ні міліцыя, ні АМАП, ні войскі не былі падрыхтаваныя да таго, што толькі ў першыя дні давядзецца затрымаць 5000 чалавек і што пратэсты ў іх гарачай стадыі ня скончацца ня толькі 10-га, але ж ані 11-га, ані ў наступныя дні.

Уявіце сабе: вы — вялікі міліцэйскі начальнік АМАПу, які разьлічвае, што менавіта 9 жніўня ўдасца цалкам з усімі «разабрацца». Такі загад вы атрымалі «зь вярхоў» пад сваю пэрсанальную адказнасьць строгага выкананьня.

Аднак вам гэта не ўдалося ня толькі 9-га, але ж і на наступны дзень. Больш за тое, 10 жніўня, нягледзячы на поўную мабілізацыю і «бразганьне зброяй» каля стэлы «Менск — горад-герой», сытуацыя стала абвастрацца, пачалі праглядацца прыкметы жорсткага супраціву з боку пратэстоўцаў — а ваш АМАП ужо выбіваецца зь сілаў, рэзэрваў няма, падмяніць выбылых і стомленых байцоў няма кім, а затрыманых проста ўжо няма куды «пакаваць»: усе ізалятары перапоўненыя.

А тут яшчэ зь «вярхоў» на вас ціснуць, каб хутчэй усё «заканчвалі і зачышчалі тэрыторыю».

Што ў такой сытуацыі вы будзеце рабіць з улікам таго, што вы заўсёды былі аматарам «простых рашэньняў»?! Правільна: вы аддаяце падначаленым каманду: «Действовать максимально жестко. На устрашение. Всех „мочить“. Полная зачистка».

Вось у гэтым і была другая велізарная, фатальная для ініцыятараў і выканаўцаў у асобах кіраўніцтва МУС, стратэгічная памылка. Спушчаныя «з ланцуга» і атрымаўшы «карт-блянш», сілавікі пачалі бязьлітасна і жорстка крышыць усё, што траплялася на іх шляху. У імкненьні навесьці жах і адпомсьціць за спробы супраціву яны пайшлі ў «спальныя» раёны... Пачалі лютаваць у месцах затрыманьня людзей у РУУСах і на Акрэсьціна. Невядомыя супрацоўнікі сілавых спэцпадразьдзяленьняў пераапрануліся ў форму ДПС ДАІ і пачалі паказальныя экзэкуцыі з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі супраць аўтамабілістаў і матацыклістаў. Для сілавых акцыяў сталі браць машыны «хуткай дапамогі». Людзей пачалі проста катаваць.

Вынікі мы ведаем і скаланаемся да сёньняшняга дня.

Па-другое, яшчэ адной непрыемнай нечаканасьцю для міліцэйскага высокага начальства было тое, што адначасова зь Менскам падняліся ўсе абласныя цэнтры, а таксама буйныя і дробныя гарады, у якіх, дарэчы, супрацьстаяньне стала найбольш жорсткім. А начальства тым часам разьлічвала, што толькі Менскам усё і абмяжуецца, таму загадзя мэтанакіравана сьцягнула ў сталіцу дадатковыя рэзэрвы з рэгіёнаў, дзеючы паводле «мэтадычак» 2010 году, аслабіўшы пазыцыі на месцах. Таму, сутыкнуўшыся зь мітынговай актыўнасьцю насельніцтва ў рэгіёнах, якая не саступала вастрынёю сталічнай, а ў нейкім сэнсе нават перасягала яе (Берасьце, Пінск, Жабінка), цэнтравыя і мясцовыя міліцэйскія босы вельмі разгубіліся і напалохаліся.

Асэнсоўваючы, што сілаў на месцах можа бракаваць (а іх насамрэч па ўсёй краіне ня так і шмат увогуле, і я аб гэтым неаднаразова пісаў у сваіх артыкулах), яны і ў рэгіёнах зь перапуду аддалі каманду: «Всех „мочить по-жёсткому“».

І вось тут даў вынік кумулятыўны эфэкт.

На простых людзей гэта зрабіла самае страшнае ўражаньне і шок, і ў наступныя суботу і нядзелю яны ня тое што не супакоіліся, але ж у адным толькі Менску сабраліся больш за 200 тысяч абураных і разгневаных грамадзян, якія крычалі: «Не забудзем, не даруем!» і «Трыбунал!».

Наступным тыднем колькасьць людзей яшчэ павялічылася і дасягнула, па розных ацэнках, амаль аднаго мільёна ўва ўсёй краіне. Народ адышоў ад шоку, угнявіўся, і цяпер сытуацыя для ўладаў выйшла з-пад кантролю на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Скажу больш: я ўскладаю адказнасьць за прынесеныя ахвяры, за зьбітых і зьнявечаных людзей і за тыя жудасьці, што адбыліся, менавіта на дзяржаўныя органы, якія былі абавязаныя забясьпечыць грамадзкі парадак і грамадзкую бясьпеку. Менавіта праз мэтанакіраваныя дэструкцыйныя, а часам правакацыйныя дзеяньні асобных іх прадстаўнікоў і адбыліся тыя жахлівыя падзеі, якія мы цяпер абмяркоўваем. Бо як растлумачыць, што ва ўмовах поўнай адсутнасьці «сілаў правапарадку» ў месцах масавага збору грамадзян 16 і 23 жніўня, калі, паводле розных ацэнак, у адзін момант зьбіраліся ад 150 да 300 тысяч чалавек, не адбылося ніводнага інцыдэнту і не было прычынена нікому аніякай шкоды?

— Я, так атрымалася, таксама быў на Акрэсьціна — і там, і пасьля вызваленьня шмат думаў аб прычынах такіх паводзінаў сілавікоў. Думаю, тут важную ролю адыгрывае, па-першае, калектыўная адказнасьць і «салідарнасьць», па-другое, ідэалёгія бітвы, вайны, падзелу на сваіх і чужых. А ў такім выпадку супраць «чужых» усе сродкі дапушчальныя... Якое ваша тлумачэньне?

— Тое, што адбылося на вуліцах нашых гарадоў 9–12 жніўня, — наглядная дэманстрацыя таго, што створана рэжымам Лукашэнкі за апошнія 26 гадоў знаходжаньня ва ўладзе, што ён узрасьціў і на што ўвесь час абапіраўся. Гэта не нарадзілася за апошнія некалькі гадоў — яно высьпявала як фурункул цягам доўгага часу, і гэтая скула адпаведным часам ускрылася мінулымі тыднямі, паказаўшы ўсім сваё жахлівае зьмесьціва. Карані гэтага ідуць з агульнай накіраванасьці рэжыму, які абапіраецца на сілавы блёк і арыентаваны вырашаць складаныя пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця дзяржавы выключна мэтадамі ціску і гвалту.

У параўнаньні з пачаткам 1994 году колькасьць наяўных сілаў АМАП узрасла ў 4 разы — з 350 чалавек да амаль што 1500. Колькасьць унутраных войскаў — у 5 разоў. Так, напрыклад, 1-я асобная брыгада апэратыўнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС, больш вядомая як вайсковая частка 3214, у 1993–1994 гадах колькасна ўяўляла сабой усяго адзін спэцбатальён з разьмяшчэньнем у старым вайсковым гарадку Белпалку на вуліцы Грушаўскай.

Асобна трэба згадаць спэцыфіку кадравай палітыкі і «тэхналёгіі» кадравага камплектаваньня і выхаваньня ў тым жа АМАПе.

АМАП яшчэ ў савецкія часы быў задуманы і выкарыстоўваўся як эфэктыўны інструмэнт для вырашэньня спэцыфічных задач — барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і асабліва небясьпечнымі крымінальнымі групоўкамі і бандамі, сілавога захопу асабліва небясьпечных злачынцаў, ліквідацыі бунтаў у калёніях і турмах. АМАП звычайна накіраваны дзейнічаць жорстка і брутальна. Па-іншаму ён ня можа, гэта супярэчыць яго сутнасьці.

Таму і сыстэма баявой, спэцыяльнай і маральна-псыхалягічнай падрыхтоўкі — адпаведная, заснаваная на жорсткасьці, грубай сіле пры давядзеньні дзеяньняў байца да суровага аўтаматызму ў яе ўжываньні. Баец АМАПу павінен думаць толькі ў рамках даведзенага яму загаду і ніяк інакш. Пры гэтым загад павінен быць просты, прымітыўны: падысьці, схапіць, заблякаваць, захапіць, раззброіць і абясшкодзіць. Так байцоў і рыхтуюць. Баец АМАПу апрыёры пазбаўлены сантымэнтаў. Для яго «вораг» і «чужы» — той, на каго пакажуць яго камандзіры.

Таму выкарыстоўваць АМАП ва ўмовах сутыкненьня з простымі грамадзянамі ва ўмовах масавых мерапрыемстваў ці мірных пратэставых акцыяў — цалкам няправільна, а ў нашай сытуацыі стала злачынным. АМАП проста не прызначаны для такіх мэтаў, а мэтады яго звычайнай «паўсядзённай» работы, абсалютна натуральныя для яго спэцыфікі, здольныя шакаваць і надоўга маральна і фізычна траўмаваць кожнага звычайнага грамадзяніна.

— Калі я стаяў на каленях галавой уніз на Акрэсьціна, то слухаў усе тыя размовы, якія сілавікі заводзілі з затрыманымі. Амаль у кожнай першай размове гучала пытаньне: «Колькі вам заплацілі за тое, што вы выйшлі на вуліцу?» Я думаў, такое засталося недзе ў мінулым, але гэта існуе надалей. Як прамываюць мазгі супрацоўнікам гэтых структураў? Ці яны проста хочуць у гэта верыць, каб апраўдваць свае дзеяньні?

— Тут таксама няма нічога складанага, адказ на гэтае пытаньне вынікае з папярэдняга.

Тыя «пытаньні», якія байцы АМАП задавалі затрыманым мірным людзям, проста заклалі ў галовы байцоў іх камандзіры. Тут няма ніякай кансьпіралёгіі — маўляў, мазгі былі старанна загадзя «прамытыя». Паверце, там ня трэба нічога «прамываць»: байцу проста дастаткова паставіць задачу і давесьці «ўводную» аб умовах яе выкананьня.

Байцы АМАП вядуць сябе менавіта так, як ім загадалі, як іх праінструктавалі і арыентавалі. Я ўжо казаў: байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, супастаўляць і разьбірацца. Яму проста ставяць задачу, аддаюць загад — а ягоная справа загад дакладна выконваць. У гэтым беларускі АМАП нічым не адрозьніваецца ад сваіх амэрыканскіх ці эўрапейскіх аналягаў.

Зь іншага боку, калі казаць справядліва і шчыра (а гэта важна!), калі, напрыклад, заўтра АМАПу будзе пастаўлена задача сапраўды ваяваць за народ і Беларусь з сапраўдным (а ня ўяўным) ворагам — яны выканаюць сваю задачу, не шкадуючы сваіх жыцьцяў. Гэта суровая, але ж праўда.

Баец АМАПу, як і ў цэлым увесь АМАП, — гэта сілавы інструмэнт, які 9–14 жніўня апынуўся ў не зусім чыстых руках і быў спушчаны на мірных людзей з выразна бруднымі мэтамі. Таму адказнасьць за тыя жудасьці, што нарабіў АМАП, павінны несьці найперш тыя, хто аддаў яму каманду «фас» на народ і ўвёў у зман наконт мэтаў і аб’ектаў спэцапэрацыі супраць яго.

Але ж гэта не скасоўвае пэрсанальнай адказнасьці канкрэтных байцоў АМАП і падразьдзяленьня ў цэлым за тое, што адбылося 9–12 жніўня. І гэта важна ўсьведамляць.

Што датычыць сапраўднай матывацыі супрацоўнікаў сьлепа выконваць загады кіраўніцтва — гэта асобная складаная актуальная тэма, якая заслугоўвае сур’ёзнай гутаркі.

— Ці можна сказаць, што пэўныя сілавыя структуры прынялі філязофію нейкай арганізацыі, якой усё дазволена дзеля «вялікай мэты» (абароны існай улады) і якая фактычна стаіць па-над законам?

— Так, дакладна можна. Гэта мы зараз і назіраем.

Але ж праўная, грамадзкая і гістарычная адказнасьць за гэта будзе немінучай у будучай свабоднай Беларусі. Тут дастаткова згадаць вялікі гістарычны досьвед суседніх з намі народаў, якія знаходзіліся прыкладна ў тых самых умовах, як цяпер мы, і прайшлі праз тыя ж праблемы. Наконт гэтага раю вывучыць досьвед польскага спэцпадразьдзяленьня ZOMO (поўны аналяг АМАПу), таксама румынскай Securitate, ці нямецкай Stasi. Будзе цікава пераканацца, як шмат у нас агульнага.

— Калі кажуць, што там ёсьць «добрыя» і ёсьць «кепскія», то ў мяне ўзьнікае пытаньне, што мусіў зрабіць «добры» супрацоўнік праваахоўных структураў у такой сытуацыі. А ён мусіў, паводле ўсіх законаў, зрабіць усе захады, каб спыніць правапарушэньне, якое творыцца на ягоных вачах (зьбіцьцё затрыманых). Ці — калі ня можа спыніць, то потым напісаць рапарт, што ён бачыў парушэньне закону і правоў грамадзян. Ці ня так?

— Няма паняцьця «добры» ці «кепскі» супрацоўнік.

Існуе паняцьце «законныя» ці «незаконныя» дзеяньні супрацоўніка, а таксама «прафэсійныя» яны ці «непрафэсійныя». Гэта — асноўныя крытэры, вельмі простыя і зразумелыя.

Ува ўсіх выпадках кожны супрацоўнік павінен дзейнічаць згодна з заканадаўствам (не выключэньне і падзеі 9–12 жніўня). Гэта, па-першае, артыкулы 22–25, якія рэглямэнтуюць правы і абавязкі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, а таксама артыкулы 26–30 Закону «Аб органах унутраных спраў», якія строга акрэсьліваюць умовы і межы ўжываньня імі фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі. А па-другое, я ўжо не кажу пра нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія дакладна і ясна апісваюць паўнамоцтвы і межы дзеяньняў супрацоўнікаў у адносінах да грамадзян у адміністрацыйным працэсе зь іх удзелам, у тым ліку затрыманьня, асабістага надгляду (таксама агляду зьместу іхных тэлефонаў), дастаўленьня і знаходжаньня ў РУУС.

На жаль, абсалютна ўсе гэтыя нормы і праўныя прадпісаньні былі груба і цынічна парушаныя — у тым ліку тымі, хто павінен забясьпечваць іх строгае выкананьне.

Аналягічна кожны супрацоўнік, які паважае сябе і гонар свайго мундзіра, быў абавязаны наяўнымі ў яго распараджэньні сродкамі спыніць незаконныя гвалтоўныя (а пагатоў злачынныя) дзеяньні сваіх калег у адносінах да затрыманых. Аднак у СМІ адзначалі выпадкі, калі асобныя супрацоўнікі менскіх РУУС самі шалелі ў прысутнасьці байцоў АМАПу і катавалі затрыманых. Калі такія факты пацьвердзяцца, я ўпэўнены, што гэтыя службовыя асобы павінны панесьці самае строгае пакараньне.

— Словы АМАПаўцаў Лукашэнку «Мы з вамі да канца!» (прынамсі аднаго зь іх, магчыма, камандзіра) — як іх варта ацаніць? Па-першае, паказальна, што яны загаварылі пра «канец». Па-другое, ці стануць гэтыя ды іншыя структуры, па-вашаму, сапраўды абараняць аднаго чалавека да апошняга, ці, калі адбудуцца палітычныя перамены, яны іх спакойна ўспрымуць і пачнуць працаваць на новую ўладу?

— Магу вельмі расчараваць Лукашэнку. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі тыя, хто кляўся ў вернасьці, — першымі і здраджвалі. Што тычыцца становішча, у якім апынуўся гэты грамадзянін, то я б вельмі асьцярожна ставіўся да падобных абяцанак. Калі супраць цябе ўжо выступіў Бог рукамі і сіламі народу — наўрад ці можна ўскладаць надзею на нейкую купку ўзброеных людзей, адданых табе настолькі, наколькі ты ў стане іх карміць, і толькі таму, што яны «атрымліваюць ежу» з тваіх, як ты лічыш, рук.

Умоўна, заўтра іх можа «пакарміць» хтосьці іншы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG