Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не здаёмся, але закон парушаць ня можам». Ці далучыцца «Нафтан» да агульнанацыянальнага страйку?


З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да Вольгі Брыцікавай, супрацоўніцы «Нафтану», якая стала сябрам ініцыятыўнай групы за правядзеньне страйку.

«Са страйкам у нас туга. Баставаць мы ня можам, бо гэта адназначна выкліча крымінальны перасьлед. Гэта трактуюць як парушэньне прамысловай бясьпекі, бо „Нафтан“ і „Палімір“ — прадпрыемствы з высокай клясай небясьпекі. Мы неяк захрасьлі ў спробах даказаць кіраўніцтву, што мы існуём — людзі, якія выказваюць пратэст. Пакуль знаходзімся на гэтай стадыі: не здаёмся, працуем, але парушаць закон ня можам сабе дазволіць», — сказала карэспандэнту Свабоды Вольга Брыцікава.

У мінулую пятніцу, 28 жніўня, адбылася сустрэча пашыранай ініцыятыўнай групы пратэстоўцаў з кіраўніцтвам «Нафтану», вынікам якой стала рашэньне аб кансультацыі юрыстаў, паведаміла Вольга Брыцікава. Паводле яе, сёньня, 31 жніўня, юрысты прадпрыемства і юрысты ініцыятыўнай групы пачалі кансультацыі, каб прыйсьці да кансэнсусу.

«Магчыма, сёньня-заўтра будзе вынік гэтых кансультацый. Пытаньне ў тым, што наступствам спыненьня абодвух заводаў можа стаць і экалягічная катастрофа для абодвух нашых гарадоў, Наваполацку і Полацку, ды і ўсёй краіны. Гэта ня тое, што спыніць канвэер, хаця і канвэер спыніць цяжка. Мы добра разумеем, што тут кляса небясьпекі зусім іншая, — сказала Вольга Брыцікава і паўтарыла: — Мы не здаёмся».

На заводах «Нафтан» і «Палімір», якія ўваходзяць у аб’яднаньне «Нафтан», працуе больш за 10 тысяч чалавек. Колькі зь іх гатовыя страйкаваць, дамагаючыся новых выбараў? Вольга Брыцікава мяркуе, што работнікаў, ня згодных з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, «ня сотні, а тысячы», але нават прыблізную колькасьць тых , хто пратэстуе, жанчына назваць не ўзялася.

«Намі была зроблена спроба сабраць подпісы. Яшчэ нават не за тое, каб баставаць, а толькі выказаць свае патрабаваньні. Сабралі шмат, але калектыў адразу зазнаў рознага кшталту ціск, і нехта спалохаўся. Потым пра гэтыя подпісы нам сказалі, што гэта ня подпісы працаўнікоў „Нафтану“ і „Паліміру“... Карацей, працэс ужо падобны на бясконцую Цэнтральную выбарчую камісію, якая не жадае нічога заўважаць. Усё цяжка. Мэтадычкі ж няма, як трэба дзейнічаць, каб арганізаваць страйк. Ідзе карэктаваньне на кожным этапе, на кожным этапе сустракаем процідзеяньне, але на кожны шлягбаўм, напэўна, можна знайсьці аб’язны шлях. Цяпер адбываецца гэтак. Але калі пра колькасьць прыхільнікаў, то, думаю, гаворка пра тысячы чалавек», — сказала Вольга Брыцікава.

На пытаньне пра імаверны ціск на яе Вольга адказала гэтак: «Гледзячы што лічыць ціскам. Прыходжу на працу і працую. А ўсё астатняе? Напэўна, на мяне таксама мусяць рэагаваць, так? Без рэакцыі немагчыма. Але я працую і не спыняюся па-за працай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG