Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Гродна Азот» заявіў, што страйку ня будзе


Работнікі «Гродна Азот»
Работнікі «Гродна Азот»

Генэральны дырэктар найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства Беларусі «Гродна Азот» Ігар Бабыр заявіў, што страйкаваць ягоныя работнікі ня будуць.

Паводле Бабыра, вынікаў галасаваньня па пытаньні страйку не падводзілі. Ён нават ня ведае, хто гэтым займаўся. Па інфармацыі гендырэктара, большая частка калектыву супраць страйку. Некаторыя падразьдзяленьні адмовіліся галасаваць.

Дырэктар «Гродна Азот» Ігар Бабыр
Дырэктар «Гродна Азот» Ігар Бабыр

Некалькі дзён таму зьнікла сувязь зь лідэрам страйкаму «Гродна Азот» Юрыем Рававым, зьявіліся чуткі, што яго могуць звольніць, хоць ён плянаваў сысьці ў адпачынак.

Увечары 24 жніўня, паводле зьвестак з Памежнага камітэту, якія пераказаў журналістам Ігар Бабыр, Юры Рававы зьехаў у Польшчу.

Ён патлумачыў, што ў Рававога быў прагул, і зь ім абыдуцца паводле закону. Ці звольняць Рававога, Бабыр наўпрост не адказаў.

На прадпрыемстве 26 жніўня пачалася сустрэча працоўнага калектыву «Гродна Азот» з новым старшынём аблвыканкаму Ўладзімерам Каранікам аб працы прадпрыемства. Незалежных журналістаў на сустрэчу не пусьцілі, парадак дня не абвясьцілі.

Ігар Бабыр і Ўладзімер Каранік
Ігар Бабыр і Ўладзімер Каранік

Што да супрацоўнікаў «Гродна Азот», затрыманых напярэдадні за тое, што яны ішлі па горадзе, Бабыр адказаў, што кіраўніцтва прадпрыемства будзе далучацца да сытуацыі па неабходнасьці.

«Давайце дачакаемся суду, тады вы ўбачыце нашую працу», — адказаў Ігар Бабыр.

Старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік прабыў на «Гродна Азот» 3 гадзіны.

«Я прыехаў пагаварыць з калектывам, абмеркаваць пэрспэктывы разьвіцьця», — паведаміў Уладзімер Каранік, калі выйшаў з прадпрыемства.

Ад іншых камэнтароў ён адмовіўся.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG