Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы беларускіх студэнтаў патрабуюць правесьці новыя выбары, заклікаюць выходзіць з БРСМ


Ілюстрацыйнае фота. Моладзь на акцыі «Марш новай Беларусі» ў Менску

Свабода даведалася, ці зьбіраюцца ўнівэрсытэты страйкаваць з 1 верасьня і якія патрабаваньні выстаўляюць уладам.

Студэнты як мінімум 7 унівэрсытэтаў зьбіраюць подпісы пад агульнымі патрабаваньнямі: спыніць гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў, вызваліць палітзьняволеных, прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

«Новыя выбары і дыялёг»

«Мы, студэнты і выпускнікі БДУІР, сочым за палітычнымі падзеямі ў Беларусі і ня хочам заставацца ўбаку. Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь былі праведзеныя з мноствам парушэньняў і спробаў фальсыфікацый, мы не прызнаем іх вынікі», — гаворыцца ў пэтыцыі студэнтаў БДУІР.

Сярод іншага, студэнты БДУІР заклікаюць улады наладзіць дыялёг са Сьвятланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі яе штабу, каб выйсьці з палітычнага крызісу.

«Кіраўніцтва краіны вельмі неахвотна выходзіць на дыялёг, спрабуючы падавіць пратэсты гвалтоўнымі мэтадамі і маргіналізаваць пратэстоўцаў у дзяржаўных СМІ. Мы занепакоеныя тымі сродкамі, якія абрала кіраўніцтва краіны для ўрэгуляваньня канфлікту», — адзначаецца ў пэтыцыі.

У БДУІР пэтыцыю падпісалі ўжо 2213 студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў. Цяпер у гэтай ВНУ арганізаваны страйкавы камітэт, які заклікае студэнтаў масава выходзіць з праўладнай арганізацыі БРСМ.

«Чакаем сустрэчы з рэктарам»

Студэнты БНТУ таксама рыхтуюць пэтыцыю з аналягічнымі патрабаваньнямі, а таксама распаўсюджваюць заявы на выхад з БРСМ. Як паведаміла Свабодзе, адна са студэнтак, «цяпер ня ўсе яшчэ засяліліся ў інтэрнаты, таму пад пэтыцыяй каля паўсотні подпісаў».

«Мы хочам дамагчыся сустрэчы з рэктарам, бо яму выгадней сустрэцца з намі да таго, як мы прынясем пэтыцыю. Мы хочам дамагчыся спыненьня ціску на студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама абяцаньняў, што нікога ня будуць адлічваць за грамадзянскую пазыцыю. Нас ва ўнівэрсытэце вучаць праўдзе і справядлівасьці, дык дзе цяпер гэтая праўда і справядлівасьць?» — кажа студэнтка.

Сваю пэтыцыю падрыхтавалі студэнты і выкладчыкі БДУ. У ёй наступныя патрабаваньні:

  • Адстаўка Лукашэнкі
  • Спыненьне гвалту і прыцягненьне да адказнасьці вінаватых
  • Адстаўка Цэнтральнай выбарчай камісіі
  • Правядзеньне паўторных справядлівых і празрыстых выбараў

Пэтыцыі з аналягічнымі патрабаваньнямі зьявіліся таксама ў БДПУ, МДЛУ, БДЭУ, Унівэрсытэце культуры.

«Падтрымаць патрабаваньні працоўных»

Пад пэтыцыяй МДЛУ ўжо 2440 подпісаў. Студэнты, выпускнікі і выкладчыкі патрабуюць:

  • Спыніць гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў
  • Паведаміць праваахоўнікам пра выпадкі фальсыфікацый
  • Не замоўчваць інфармацыю пра акцыі салідарнасьці і забастоўкі
  • Падтрымаць патрабаваньні працоўных калектываў

Студэнты розных ВНУ пакуль абмяркоўваюць варыянты і фармат далейшых дзеяньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG