Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найпазьней у кастрычніку», — Халезін пра рэйтынг і сыход Лукашэнкі


Мікалай Халезін, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру
Мікалай Халезін, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру расказвае пра рэальны рэйтынг Лукашэнкі паводле дасьледаваньня пад эгідай інстытуту Гэлапа і пра той момант, калі міжнародная супольнасьць прапануе Лукашэнку дапамогу, каб ён мог пакінуць краіну.

Асноўныя тэзісы размовы


Пра ўнікальнасьць беларускага пратэсту

Цяпер адбываецца рэструктурызацыя пратэсту, гэты працэс — самы складаны. Структуры, якія да гэтага працэсу падводзілі, былі зарыентаваныя на іншае, на перамогу на выбарах. Гэтая перамога адбылася. Цяпер мы знаходзімся, па сутнасьці, у рэжыме вайны. Гэта ваенныя дзеяньні. І тут штаб, які займаўся выбарамі, зусім не прыдатны для працы ў такіх умовах. Таму рэструктурызацыя адбываецца дастаткова складана і ня без памылак, што натуральна. Пратэст застаецца існаваць у тым жа рэжыме, як раней, бязь лідэра. Гэта ўнікальнасьць сытуацыі ў Беларусі, дзе існуюць гарызантальныя сувязі, дзе няма вэртыкалі, няма ціску зьверху, дзе ёсьць толькі партнэрскія адносіны, і таму гэты пратэст можа быць доўгім, працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца часу.

Пра Вадзіма Пракоп’ева

У мяне няма ніякага асуджэньня. Кожны мае права дзейнічаць так, які лічыць патрэбным. Мы адзін з адным кантрактаў не падпісвалі. Калі мы кажам пра пэўную рэвалюцыйную сытуацыю, то нават у такой сытуацыі ёсьць сфэры, у якіх найперш важны прафэсіяналізм. Калі мы кажам пра вонкавую палітыку, то не атрымаецца проста раней займацца рэстаранным бізнэсам і быць знаёмым зь некалькімі пасламі і некалькімі чыноўнікамі і думаць, што ты нечага зможаш у гэтай сфэры дамагчыся. Так гэта не працуе, на жаль. Можа, гэта было б ідэальным, калі б кожны з нас расказваў пра свае беды эўрапейцам ці амэрыканцам, а яны прымалі б рашэньні. Так не бывае. Гэта ўсё будуецца на сувязях, якія наладжваюцца гадамі, а ў асобных выпадках дзесяцігодзьдзямі. Гэта складаныя рэчы. Вялікая колькасьць структураў, людзей, якія ў гэтым задзейнічаныя, якія могуць прымаць рашэньні, калі яны разам іх прагаворваюць і прыходзяць да агульнага.

Пра тое, чым не займаецца беларускі Свабодны тэатар

Беларускі свабодны тэатар займаецца пастаноўкамі спэктакляў і тэатральнай дзейнасьцю, ён дакладна не займаецца палітыкай у чыстым выглядзе. Гэтым займаемся мы з Натальляй Калядой. Наташа працавала больш за 10 гадоў на амэрыканскі ўрад, пачынаючы ад вываду ядзерных узбраеньняў і завяршаючы працай у амбасадзе ЗША. Яна мае ўзнагароды Дзярждэпартамэнту за асабістую мужнасьць. Мой бэкграўнд — праца ў журналістыцы, палітычнае кансультаваньне і кантакты з многімі сусьветнымі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі. Тэатар гэтым не займаецца, канечне. Так атрымалася. Я не скажу, што мы ў захапленьні ад гэтай працы, што нам гэта вельмі падабаецца. Але калі ты бачыш, што ў гэты момант гэта робяць лічаныя людзі, а патрэбныя намаганьні сотні чалавек, то, канечне, ты спрабуеш гэтую амбразуру закрыць. Мы працуем і каардынуемся зь вялікай колькасьцю людзей.


Пра «экзыстэнцыяльную паразу» Лукашэнкі

Некалькі дзён таму мне давялося пазнаёміцца з вынікамі сацыялягічных дасьледаваньняў па Беларусі. Гэта не ўдавалася зрабіць доўгі прамежак часу. Цяпер я знайшоў пацьверджаньне сваіх думак лічбамі, а некаторыя рэчы адкрыліся для мяне зусім зь іншага боку. Тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі на вуліцах гарадоў, па ўсёй краіне, — вынік экзыстэнцыяльнай паразы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта ня выпадкі і не сукупнасьць выпадковасьцяў. Гэта экзыстэнцыяльная параза, якая павінна была адбыцца. Яна складаецца з трох фактараў, якія спрацавалі кумулятыўна, якія ўвесь працэс крышталізавалі.

Першы фактар — COVID, які падштурхнуў беларусаў усьвядоміць, што ўлада ня толькі не дапаможа ім у барацьбе з гэтым, але і ўсяляк хавае гэта, а значыць, што на гэтую ўладу спадзявацца нельга. Недавер да ўлады зь лютага па красавік падвоіўся. Другі фактар — татальнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, якое не было зьвязана з пандэміяй. Гэта былі правалы Лукашэнкі ў сфэры эканомікі, якія людзі адчулі на сабе. Такое было і раней, але ў пэрыяд са студзеня беларусы ўсьвядомілі, што татальна з эканомікай усё дрэнна, і цяперашняя ўлада ня ў стане даць рады. Трэці фактар — дзеяньні АМАПу, кроў, зьбіцьцё.

Чаму я ведаю, што Лукашэнка сыдзе? Таму што ён ня ў стане адыграць ніводную з трох пазыцый, па ніводнай нельга вярнуць станоўчую дынаміку. Яна можа толькі пагаршацца.

Пра рэйтынг Лукашэнкі

Я гаварыў з кіраўніком сацыялягічнай службы, якая праводзіла апытаньне. Гэта сацыялягічная служба, якая атрымала сёлета прыз кампаніі Gallup. Паводле гэтага апытаньня, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі — 8,6–8,9 у калідоры 8 працэнтаў. На 15 жніўня. Ён яшчэ ня бегаў з аўтаматам, яшчэ не адзяваў свайго сына ў карнавальныя касьцюмы. Думаю, што было яшчэ зьніжэньне, і сёньня можам гаварыць пра 5–6 працэнтаў. Гэта якраз тое ўстойлівае ядро яго падтрымкі, тыя людзі, якія езьдзяць на мітынгі за грошы. Па факту, гэта яго катастрофа і канец ягонай палітычнай карʼеры.

Пра ролю міжнароднай супольнасьці

Мы перабралі вялікую колькасьць уплывовых сусьветных палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, хто мог бы зь ім весьці перамовы. Першая спроба аказалася няўдалай. Калі зь ім хацела пагаварыць Ангела Мэркель, ён ня ўзяў слухаўку. Больш за тое, патэлефанаваў Пуціну і сказаў, каб той перадаў Мэркель, каб ня лезла не ў свае справы. Нібы Пуцін паштальён такі. Сталі аналізаваць сытуацыю з дапамогай сяброў — псыхолягаў і дактароў, і нам сказалі, што калі хочаце дасягнуць нейкага выніку ў гэтым кірунку, вам трэба дакладна выбраць час. Пытаньне ня ў тым, хто будзе прапаноўваць, а пытаньне — калі. Цяпер ён у рэактыўным стане, мы ўсе бачым, уся краіна бачыць. Чалавек на крыху неадэкватным падʼёме, трымаецца на прэпаратах. І спроба выдаць нам за COVID пабочны эфэкт ад прэпаратаў была сьмешная. Любому спэцыялісту ў мэдыцыне гэта было відавочна.

Сёньня ён ня будзе гаварыць ані з кім. Увогуле ні з кім, падазраю, што нават з Пуціным ня будзе на гэтую тэму гаварыць. У сераду ён ізноў не адказаў на званок кагосьці з кіраўніцтва ЭЗ. Калі гаварыць пра міжнародны мэханізм уключэньня, пра перамоўную групу, якая гатовая разглядаць варыянт яго мірнага сыходу, то мы павінны выбраць той момант, калі гэта адбудзецца. Спад непазьбежны. Вы ня можаце трымаць чалавека на псыхатропных прэпаратах увесь час. У яго адмовіць пячонка, ці ныркі, ці ўсё разам.

Лекары кажуць пра псыхатропныя прэпараты, якімі яго цяпер вялікімі дозамі падтрымліваюць. Ён заўсёды сыходзіў у піке пасьля выбараў на некалькі тыдняў. І ўсе шукалі, дзе Лукашэнка. Яго прыводзілі ў сябе, бо ў яго наступаў моцны спад.

Пра міжнародную перамоўную групу для мірнай перадачы ўлады

Цяпер гэта адбывалася па ходу справы, калі ён моцна пацеў, потым станавіўся бадзёрым, потым ізноў у дзіўным стане, і зноў бадзёры. Пытаньне ў тым, што трэба зразумець, калі будзе гэты час. А да гэтага часу міжнародная супольнасьць павінна падрыхтаваць перамоўную групу зь некалькімі відамі прапановаў пра мірную перадачу ўлады. Я чую крытыку ня першы тыдзень пра тое, што вы прапаноўваеце яму сысьці ад адказнасьці, але хачу патлумачыць, што мая помста ці помста маіх суайчыньнікаў не каштуе жыцьця ніводнага пратэстоўца. Калі ёсьць магчымасьць засунуць яго ў самалёт і адправіць зь Беларусі туды, куды ён захоча — хай ён ляціць, але больш ніхто не павінен загінуць.

Пра працягласьць мірнага пратэсту

На мой погляд, гэта зойме яшчэ верасень. Максымальны тэрмін, як я дапускаю, — верасень-кастрычнік. Больш ён ня вытрымае, ня вытрымае і ягонае атачэньне, ня вытрымаюць ягоныя афіцэры, якім трэба ўвесь час знаходзіцца ў баявой гатоўнасьці, а заробак ён ім плаціць, на ягоны жаль, доўга ня зможа. Бо ўтрымліваць столькі сілавікоў па ўсёй краіне — нерэальная нагрузка, улічваючы, што грошай у краіне няма. Я думаю, што гэта пытаньне двух бліжэйшых месяцаў.


Пра мірных пратэстоўцаў

Магу толькі прыкленчыць перад імі і сказаць, што нам трэба цярпеньня і сіл. І ўсё. І ня кідаць адзін аднаго. Мы павінны адзін у аднаго верыць, што мы ня здрадзім. Толькі так можна прайсьці гэты вельмі страшны і вельмі цяжкі пэрыяд. Я заўсёды разглядаю найгоршае вырашэньне, што магло б адбыцца горшага. Калі ўсё спыніцца, ён будзе помсьціць усім, пачынаючы ад дыджэяў, заканчваючы кіраўнікамі прафсаюзаў. І гэтага дапусьціць нельга. Адначасна нам трэба думаць пра тое, што будзе, калі яго ня стане. Далей нам катэгарычна нельга праваліць краіну ў гэтыя эмоцыі, помсту, разборкі, бо гэта для ўсяго дрэнна будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG