Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракоп’еў у Вашынгтоне: «Беларусам не хапае злосьці»


Вадзім Пракоп'еў

Рэстаратар і крытык Лукашэнкі Вадзім Пракопʼеў расказаў Свабодзе, чаму ён пераехаў з Кіева ў Вашынгтон, з кім там сустракаецца і якім чынам у ЗША будзе дамагацца сваёй асноўнай мэты, дзе будзе сустракаць Макея і як будзе адкрываць другі, трэці ці чацьвёрты «фронт».

«Я цяпер знаходжуся ў «вашынгтонскім абкаме»

— Як і чаму вы прыехалі ў ЗША?

— Я буду перамяшчацца па сьвеце толькі з адной мэтай. Калі я змагу больш шкоды прынесьці рэжыму ў Вашынгтоне, значыць, я буду ў Вашынгтоне, калі ў Брусэлі — я буду ў Брусэлі, калі ў Кіеве — буду ў Кіеве. Усё вельмі проста. Мы на вайне. Дзе я больш шкоды змагу прынесьці, там я і буду знаходзіцца.

Я не прасіў ніякага палітычнага прытулку. Пра гэта размова нават не ідзе. Я лічу, што калі ўсё будзе правільна разьвівацца ў Менску, мне і ня трэба будзе ніякага прытулку. У мяне была адкрытая віза, і ў сына таксама.

Я цяпер знаходжуся ў «вашынгтонскім абкаме», як раней жартавалі. І тут у мяне вельмі шмат справаў. Я мала сплю і шмат працую. Я назапашваў гэтыя сувязі апошнія 15 гадоў і думаю, што яны мяне выведуць урэшце на людзей, якія прымаюць рашэньні.

Я кожны дзень тлумачу, дзе ўразьлівыя месцы. Думаю, што надыдзе нейкі момант, калі ўсё гэта акумулюецца ў вельмі істотную пазыцыю. І калі так здарыцца, то абавязкова адсюль трэба нанесьці ўдар. Удар наўпрост санкцыямі па «Беларуськаліі», які ён лічыць сваім прадпрыемствам, разглядае як сваё сямейнае прадпрыемства, як і ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы ў Беларусі. Тут ягонае слабае зьвяно. Я цудоўна разумею, што ён будзе наймаць людзей і сярод амэрыканскіх лабістаў. Грошай на гэта хопіць. Паглядзім, чые лабісты мацнейшыя. Ён — супраць мяне, ягоны Макей — супраць мяне.

«Думаю, я лепш за Макея гавару па-ангельску»

— Якога ўзроўню ў вас кантакты ў Вашынгтоне? Якая ў вас ангельская мова?

— Я па-ангельску гавару як па-расейску. Думаю, лепш за Макея гавару па-ангельску. У мяне кантакты наладжваюцца. Учора на пікеце каля беларускай амбасады я пазнаёміўся з цудоўным чалавекам, легендай фактычна. Гэта Курт Волкер, які быў паслом ЗША ва Ўкраіне ў самыя напружаныя часы. У яго ўсё нармальна з маральным компасам, усё нармальна са сьветапоглядам.

Я цудоўна разумею, што парадак дня фармуецца ў Вашынгтоне ня Майкам Пампэо, яна фармуецца інакш. Там ёсьць так званыя мазгавыя цэнтры, ёсьць ключавыя людзі, да якіх прыслухоўваюцца, ёсьць экспэрты па краінах былога СССР. На жаль, канстатую, што Эўропа нам не дапаможа. Магчыма, і Амэрыка не дапаможа. Я, прынамсі, зраблю ўсё, каб гэта адбылося. Эўропа заняла мяккую пазыцыю, гэта відавочна. Пакуль з нашых хаўрусьнікаў найбольш моцны — Літва.

— Ці маеце кантакты зь беларускай дыяспарай у Вашынгтоне?

— Я ўчора з усімі пазнаёміўся. Яны прапаноўваюць дапамогу, яны самастойна робяць многія рэчы. Ёсьць тэхналягічныя рэчы, ёсьць маральная падтрымка. Учора мы сьпявалі песьні каля беларускай амбасады, быў імправізаваны мітынг. Усе вельмі добрыя і прыемныя людзі, у каго сэрца баліць за Беларусь.

У амэрыканцаў Беларусь дакладна не на першым месцы. Мая задача — перасунуць яе хаця б крыху вышэй у прыярытэты. Увогуле ў іх выбары ў лістападзе, у іх COVID-19, у іх шмат чаго адбываецца, як і мае быць у такой краіне. Я лічу, што з дапамогай інфармацыі, перамоваў, дакладнага пляну (Ціханоўская самастойна, я самастойна) мы даможамся адчувальных захадаў супраць Лукашэнкі і ягоных памагатых.

— Ці будзеце вы працягваць выпускаць відэаролікі?

— Я толькі што скончыў тэкст пісаць. Прачнуўся рана, думак было шмат, падрэдагую крыху і запішу на айфон. Ані фінансавай, ані тэхналягічнай магчымасьці здымаць гэта ў кіношным выглядзе ў мяне няма, дый неабходнасьці такой няма.

— Чым вы займаецеся, акрамя гэтага ўсяго? Шукаеце працу?

— Ніякай іншай мэты ў мяне няма. Ёсьць толькі адна баявая задача — дапамагчы другім фронтам, калі трэба — трэцім ці чацьвёртым фронтам, дапамагчы любым спосабам скараціць агонію. Ніякай іншай задачы ў мяне няма. Ні бізнэсу, ні карʼеры, ні палітычнага прытулку. У мяне толькі адна баявая задача.

— Ці ёсьць у вас сродкі, на якія вы можаце пратрымацца некаторы час?

— Некаторы час магу. Няшмат грошай, але на некаторы час хопіць.

«Куды Макей паедзе, там пабачыць мяне»

— Казалі, што будзеце падарожнічаць па сьвеце туды, куды запатрабуе пастаўленая задача. Куды далей пасьля ЗША?

— Куды Макей паедзе, там пабачыць мяне проста ў сваім гатэлі на рэцэпцыі. Я яго абдыму моцна.

— Як вы ацэньваеце мірны пратэст у Беларусі і рэакцыю ўлады?

— Беларусам не хапае злосьці. Мы настолькі разбэшчаныя былі псыхалягічна рэжымам за апошнія 26 гадоў, што некаторыя з нас могуць даць слабіну, некаторыя з нас, атрымаўшы ботам у твар, магчыма, гатовыя пацалаваць гэты бот. Я спадзяюся, што гэтага ня здарыцца. Я думаю, што мы пераадольваем страх, і гэты стакгольмскі сындром сыходзіць. Мы мацнейшыя кожны дзень. Спадзяюся, што здаровая злосьць і добры ўзровень лютасьці дапамогуць перавесьці апэрацыю ў наступ. Таму што ніякай сілы ў яго няма і быць ня можа. Адны панты.

— Дык вы супраць мірнага пратэсту, які даволі прынцыпова цяпер дэманструюць беларусы?

— Гэта можна назваць мірным пратэстам, ён можа перайсьці ў не такі мірны пратэст. Мірны пратэст, кансалідацыя — гэта цудоўна. Камбінацыя высілкаў, страйкі — выдатна. Акты грамадзянскага непадпарадкаваньня — гэта цудоўна. Каардынацыйная рада — гэта добра, хто б што ні казаў. Хай палохаюць і выклікаць на допыты ў Сьледчы камітэт. Каардынацыйная рада можа павялічыцца і да 1000 чалавек. Ці будуць цягаць на допыты 1000 чалавек?

Сьвятлана Ціханоўская акрыяла ад вельмі цяжкай псыхалягічнай траўмы і робіць сваю працу бліскуча, перавыконвае плян. Лідэры вуліцы, калі такія зьявяцца, будуць неадкладна нэўтралізаваныя. У гэтую гульню мы гуляць ня будзем зь імі. Нам патрэбны націск па сантымэтры, па мілімэтры адваёўваць сабе прастору. Горадня павінна выбраць новага губэрнатара. На кожнай вежы, на кожным плоце, на кожным высотным доме павінен быць наш сьцяг. Страйкамы павінны спарадзіць шмат лідэраў, а не адных, якіх выклікаюць на допыты. Працэс ідзе. Я буду на кожным фронце адкрываць новыя і новыя атакі і рубяжы. Жыве Беларусь!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG