Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі хочуць праўды». Былы ўчастковы звольніўся пасьля выбараў і зьехаў за мяжу


Яўген Асінскі
Яўген Асінскі

Старшы лейтэнант міліцыі, участковы інспэктар Ленінскага РУУС Менску Яўген Асінскі пасьля выбараў напісаў рапарт на звальненьне і 14 жніўня проста ня выйшаў на службу.

«Людзі ня хочуць войнаў і рэвалюцыяў. Людзі хочуць праўды»

У Інстаграме Яўген зрабіў наступны пост:

«Я не абяцаў. Я кляўся перад вамі! Я кляўся абараняць вас, не шкадуючы свайго жыцьця. Вы — мой народ. А я — ваш абаронца. Рабіць шкоду свайму народу — подласьць і нізасьць. Выконваць злачынныя загады — ганебна. Сапраўдныя афіцэры такіх учынкаў не зьдзяйсьняюць».

Цяпер Яўген за мяжой. Ён кажа, што гэта ня ўцёкі, ён проста паехаў вучыцца на іншую спэцыяльнасьць. А перад ад’ездам разьвітаўся з начальнікамі. Абышлося без канфлікту. І з калегамі ў працы разьвітаўся па-сяброўску, хоць не з усімі. Некаторым пры сустрэчы ўжо ня варта падаваць рукі, кажа ён. Пра тое, што адбывалася пасьля выбараў, падчас затрыманьняў пратэстоўцаў, у ізалятарах на Акрэсьціна і ў раённых аддзелах міліцыі, у тым ліку ў сваім Ленінскім, ён даведаўся ня толькі з інтэрнэту, але і на свае вочы.

«Цяпер пераканаўся, што слушна зрабіў, бо глядзіце, як яны спрабуюць схаваць гэтыя факты гвалту, якія адбываліся на Акрэсьціна і ў РУУС. Усе людзі выдатна гэта ведаюць, усе ўсё бачылі, а яны адмаўляюць. Гэта ж ужо кагнітыўны дысананс узьнікае пасьля тых камэнтароў МУС, што быццам нічога не было, і прагляду навінавых парталаў. Але людзі ня хочуць гвалту і агрэсіі, войнаў і рэвалюцыяў, людзі хочуць праўды», — кажа Яўген Асінскі.

Былы міліцыянт дзеліцца асьцярогамі, што зь яміны, у якую беларуская міліцыя сама сябе загнала, выбрацца ёй будзе вельмі складана. Бо трэба тэрмінова разьбірацца з фактамі бесчалавечнага абыходжаньня з грамадзянамі, караць вінаватых, а такога намеру ў кіраўнікоў ён ня бачыць.

«Караеў разумны чалавек, было бачна, што ён умее кіраваць, але з той прычыны, што ўлада належыць іншаму, яму не далі зрабіць таго, што ён плянаваў для падвышэньня прэстыжу міліцыі. Баюся, ужо і не дадуць», — кажа Яўген Асінскі пра міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. Але заўчасна Яўген Асінскі асуджаць сваіх былых кіраўнікоў не бярэцца: «Ня ўсё ад іх залежыць».

«Перад сябрамі і сваякамі ўжо было сорамна, што я там»

Зь міліцыяй Яўген Асінскі зьвязаны 8 гадоў, зь іх 5 гадоў вучыўся ў Акадэміі міліцыі на вочным бясплатным аддзяленьні. Па кантракце яму трэба столькі ж часу адпрацаваць у міліцыі. Служыў участковым у Серабранцы. Зь пяці год пасьпеў адслужыць толькі тры, а значыць, парушыў кантракт, за неадпрацаваныя 2 гады прыйдзецца вярнуць грошы. Яўген да гэтага гатовы, але кажа, што інакш паступіць ня мог.

«Зразумейце, як я далей буду часткаю сыстэмы, якая творыць такія жахлівыя рэчы? Перад сябрамі і сваякамі ўжо было сорамна, што я там».

Раніцай 9 жніўня Яўген прагаласаваў у сябе на месцы жыхарства. Не пытаюся, за каго, а ён сам ня кажа, толькі заўважае, што афіцыйнаму выніку выбараў ня даў веры адразу, як толькі яго пачуў. Бо бачыў актыўнасьць людзей перад выбарамі і на ўчастку і бачыў тое, што рабіла ўлада, каб гэтай актыўнасьці перашкодзіць.

«Вядома, людзі мелі падставы абурыцца. Спачатку частку прэтэндэнтаў пасадзілі, потым не пусьцілі незалежных назіральнікаў, потым гэтыя дзіўныя афіцыйныя лічбы — я ім таксама адразу не паверыў», — кажа Яўген.

Яўген згадвае, як пасьля абеду 9 жніўня падчас дзяжурства ў РУУС да яго прывялі затрыманых грамадзян, зь якімі трэба было праводзіць разбор і складаць на іх адміністрацыйныя пратаколы. Але, разабраўшыся ў справах некаторых, пратаколы складаць ён адмовіўся.

Гэтак адбылося з Вольгай Л., якую затрымалі ў мікрараёне Лошыца на выбарчым участку. Нарад міліцыі на маладую жанчыну выклікала старшыня выбарчай камісіі — маўляў, яна перашкаджала сваімі заўвагамі. Але ў момант затрыманьня жанчына проста стаяла на школьным двары, нікому не замінала. Як высьветліў старшы лейтэнант, раней таксама хуліганства ў яе дзеяньнях заўважана не было.

«Адмовіўся складаць на яе пратакол, але яе з РУУС усё роўна ня выпусьцілі. Калі зразумеў, што больш зрабіць нічога не магу, хоць пазваніў яе мужу, той прынёс рэчы і ежу для ізалятару, а я іх ёй перадаў», — згадвае Яўген.

Вольга Л. у размове з карэспандэнтам Свабоды пацьвердзіла гэта і дадала, што Яўген быў не адзіны міліцыянт у Ленінскім РУУС, хто не пабаяўся пайсьці насуперак загаду начальства фабрыкаваць на яе адміністрацыйную справу. Але гэта не дапамагло.

«У выніку мяне проста завезьлі на Акрэсьціна, а там ужо ўляпілі 5 содняў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — што я была каля стэлы. Можаце ўявіць, якая розьніца? Мяне затрымалі ў 15.00 у Лошыцы, але, аказваецца, я была ў 21.00 каля стэлы!» — абураецца Вольга.

«Правасудзьдзе пераможа»

Размаўляем з былым старшым лейтэнантам пра сумленьне і гонар, безь якіх, як і без прафэсіяналізму, ня можа быць міліцэйскай службы. Пытаюся ў Яўгена Асінскага, які 5 гадоў адвучыўся ў Акадэміі МУС: ці чуў ён падчас вучобы пра былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку? З усіх беларускіх міністраў-сілавікоў ён адзіны, хто бясьсьледна зьнік і, паводле закону, дагэтуль знаходзіцца ў вышуку. Дык ці згадваюць хоць ягонае імя курсантам акадэміі?

Яўген адказвае, што ведае гісторыю Юрыя Захаранкі, але вучоба ў міліцэйскай акадэміі да тых ведаў ня мае дачыненьня.

«Ведаю пра яго зь відэасюжэтаў ды тэкстаў у інтэрнэце. Мяркую, гэта быў сумленны і справядлівы чалавек, які не баяўся казаць праўду. Мне, праўда, невядома, якім ён быў кіраўніком, хаця калі стаў міністрам, дык, відаць, недарэмна прызначылі. Але за 8 гадоў службы ў міліцыі пра Захаранку ня чуў ніколі, у тым ліку ў акадэміі нам пра яго ані слова не казалі», — расказвае былы ўчастковы Яўген Асінскі.

Што думае Яўген пра сваіх калегаў, якія бралі ўдзел у катаваньнях і зьдзеках з затрыманых? Ці рэальна будзе некалі ўсіх прыцягнуць да адказнасьці і асудзіць?

«Калі яны могуць з гэтым жыць, хай жывуць. Я ня суд, судзіць іх не бяруся. Хтосьці ставіцца да ўлады разумна, а хтосьці гэтак. Яму зносіць дах, што нібыта яму ўсё дазволена. Тое, што я бачыў у навінах, — гэта былі сапраўдныя катаваньні. Але згадаем час да выбараў. Усё ж у большасьці выпадкаў міліцыянты рабілі і цяпер робяць сваю справу сумленна, таму не скажу, што гэта ў нас такая сыстэма, якая прымушае ўсіх быць садыстамі. Не. Гэта асобныя людзі, зь якімі прыйдзецца разьбірацца незалежна ад таго, якія яны маюць пасады і калі да гэтага прыйдзе час. І, думаю, што да іх, правасудзьдзе пераможа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG