Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на чатырнаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

08:47 22.8.2020

Дзе чытаць Свабоду, абыходзячы блякаваньне

У Беларусі недасяжны сайт Радыё Свабода. Кліенты апэратараў МТС і Белтэлекаму (ByFly) атрымліваюць паведамленьні, што сайт заблякавала Міністэрства інфармацыі на падставе закону аб СМІ. Прапануем спосабы абыходу блякаваньня.​

08:48 22.8.2020

Музычная прагулка з барабанамі і сьцягамі. У Віцебску прайшло шэсьце ў незвычайным фармаце

21 жніўня ў Віцебску адбылася акцыя пратэсту ў незвычайным фармаце. Дэманстранты назвалі яго музычнай прагулкай.

Наперадзе калёны ішлі барабаншчыкі. Побач зь імі людзі несьлі тры сьцягі: афіцыйны, бел-чырвона-белы і сьцяг Віцебску.

Міліцыя папярэджвала, што акцыя несанкцыяваная, але нікога не затрымлівала.

08:49 22.8.2020

Брытанскія экспэрты пра беларускія дылемы Крамля

Сваё бачаньне розных варыянтаў паводзінаў Расеі ў беларускім крызісе выклалі брытанскія палітолягі: супрацоўнік брытанскага Royal United Services Institute Марк Галеоці і супрацоўнік Chatham House Кейр Джайлс. Яны адказалі на пытаньні дасьледнага праекту Wikistrat.

08:49 22.8.2020

Саюз журналістаў Нямеччыны падтрымаў страйкоўцаў беларускай тэлевізіі

«Ад імя больш як 30 тысяч нашых сябраў выражаю салідарнасьць з вамі і натхняю на барацьбу за свабоду СМІ ў вашай краіне мірнымі сродкамі», — заявіў старшыня саюзу Франк Юбэраль.

10:47 22.8.2020

Калі гэта раптам Майдан стаў сымбалем пагромаў для ЭЗ?

«Майдан, які вы так недарэчна згадваеце, — найвышэйшая праява грамадзянскай адказнасьці і чалавечай годнасьці. І яе ахвяры, і мы, яе вядомыя і невядомыя ўдзельнікі, настойваем на гэтым і будзем гэта абараняць. Дарэчы, Майдан нагадаў і самім грамадзянам абʼяднанай Эўропы пра каштоўнасьці і цану, якую за іх даводзіцца плаціць. Майдан — пункт адліку сапраўднай Украіны. А можа — і новай, лепшай Эўропы», — піша Андрэй Весялоўскі з украінскага Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў

10:47 22.8.2020

Чэхія прапануе мэдычную дапамогу і рэабілітацыю пацярпелым ад гвалту ў Беларусі

У Чэхіі нарадзілася ініцыятыва мэдычнай дапамогі беларусам, пацярпелым ад гвалтоўных дзеяньняў і катаваньняў пасьля 9 жніўня. У ініцыятыве ўдзельнічаюць мэдыкі беларускага паходжаньня, якія жывуць і працуюць у Чэхіі.

10:48 22.8.2020

БАЖ запатрабавала разблякаваць сайты і спыніць ціск на прэсу

Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць, што ўлады такім чынам спрабуюць блякаваць інфармацыю пра пасьлявыбарчыя пратэсты ў краіне і жорсткі гвалт супраць пратэстоўцаў. Гэта ўскосная цэнзура, парушэньне правоў журналістаў і грамадзян, заявіла БАЖ. Яна запатрабавала ад уладаў неадкладна спыніць ціск на прэсу, забясьпечыць бесьперабойны выпуск друкаваных выданьняў, разблякаваць доступ да сайтаў. Сайт БАЖ цяпер таксама недаступны зь Беларусі.

10:50 22.8.2020

ААН стараецца дагрукацца да беларускіх уладаў

Афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Ліз Трасэль нагадала афіцыйнаму Менску пра абсалютную забарону катаваньняў і заклікала да незалежнага расьсьледаваньня.

«Мы нагадваем уладам Беларусі пра абсалютную забарону катаваньняў і паўтараем заклік, зроблены на мінулым тыдні Вярхоўным камісарам, да неадкладнага дбайнага незалежнага і бесстароньняга расьсьледаваньня ўсіх сьцьвярджэньняў аб парушэньнях правоў чалавека. У іх лік уваходзіць гібель чатырох чалавек у выніку траўмаў, атрыманых падчас акцый пратэсту», — гаворыцца ў заяве.

У Беларусі афіцыйна пацьверджаная сьмерць падчас пратэстаў двух чалавек, яшчэ адзін памёр праз суткі пасьля затрыманьня.

11:09 22.8.2020

Вядомы мастак Уладзімер Цэсьлер пакінуў Беларусь

Вядомы мастак і дызайнэр Уладзімер Цэсьлер учора зьехаў зь Беларусі, аднак ён застаецца ў складзе Каардынацыйнай рады апазыцыі.

«Пагрозаў не было, але, як толькі я выклаў свой апошні пост са свастыкай, сказалі схавацца. Не казалі, што мне нехта пагражае, але сказалі: „Ты што хочаш, каб цябе закачалі ў асфальт?“ Усе пачалі прапаноўваць дапамогу. І я, не чакаючы, пераехаў цяпер у іншае месца, тут недалёка», — сказаў ён карэспандэнту Свабоды.

Мастак выклаў сэрыю пастоў у «Фэйсбуку», а ў апошнім была выява чырвона-зялёнай свастыкі са старой сымболікі. Сябры параілі яго часова прыбраць.

11:45 22.8.2020

Лукашэнка загадаў абараніць «заходнюю пэрліну Беларусі» Горадню

Супраць Беларусі выкарыстоўваюць сцэнар каляровых рэвалюцый, заявіў Аляксандар Лукашэнка, наведваючы вайсковы палігон пад Горадняй.

На палігоне 6-й асобнай мэханізаванай брыгады міністар абароны Віктар Хрэнін далажыў Лукашэнку пра сытуацыю на горадзенскім тактычным напрамку і ля беларускіх межаў, паведамляе БелТА.

«Як мы і меркавалі, усё ідзе паводле пляну каляровых рэвалюцый з узбуджэньнем унутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне. Арыгінальнасьць і адметнасьць хіба ў тым, што падлучаны зьнешні фактар, што бывае не заўсёды. Звычайна яны раскручваюць унутры, зрынаюць дзейную ўладу. Але паколькі ўлада ў нас на месцы, жорстка супраціўляецца, падключылі зьнешні фактар», — заключыў Лукашэнка.

Ён даручыў міністру абароны і камандуючаму Заходнім апэратыўным камандаваньнем зрабіць усё, каб «абараніць заходнюю пэрліну Беларусі з цэнтрам у Горадні» — аж да самых жорсткіх мераў дзеля тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.

11:45 22.8.2020

Намесьнік дзяржакратара ЗША зьбіраецца ў Вільню і Маскву абмеркаваць падзеі ў Беларусі

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бегун у найбліжэйшай будучыні наведае Літву і Расею. Тэмай перамоваў будзе мірнае вырашэньне крызісу ў Беларусі.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на ананімнага былога высокапастаўленага супрацоўніка Дзярждэпартамэнту ЗША. Паводле гэтай крыніцы, у Вільні Бегун сустрэнецца са Сьвятланай Ціханоўскай. Іншая крыніца паведаміла агенцтву, што Бегун накіруецца ў Маскву, каб не дапусьціць расейскага ўмяшаньня ў беларускі крызіс.

Раней дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заклікаў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які абвясьціў сябе пераможцам выбараў і жорстка душыць мірныя масавыя пратэсты, прыняць міжнародную дапамогу ў перамовах з апазыцыяй. Ён таксама папярэдзіў Расею аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў справы Беларусі.

12:41 22.8.2020

Ціханоўская заявіла, што пры Лукашэнку ў Беларусь ня вернецца і ў новых выбарах браць удзелу не плянуе

Кандыдатка на выбарах прэзыдэта 9 жніўня Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» адказала ны пытаньне, ці гатовая яна абвясьціць сябе абраным прэзыдэнтам Беларусі.

12:42 22.8.2020

Лукашэнка пра Захад: «Цягнуць сюды альтэрнатыўнага прэзыдэнта, выцягваюць нас на перамовы з АБСЭ»

Аляксандар Лукашэнка на палігоне пад Горадняй заявіў, што «апанэнты хочуць разгрупаваць сілы беларускіх вайскоўцаў і праваахоўнікаў, адцягнуць ад унутранай сытуацыі і напружыць на зьнешняй мяжы.

Адначасова з гэтым ідзе актывізацыя «пратэставых настрояў і бандытызму ў грамадзтве», цытуе яго БелТА.

«Яны ўжо цягнуць сюды „альтэрнатыўнага прэзыдэнта“, робяць гэта сур’ёзна, бо сыплюцца заявы заходніх дзяржаў аб фінансаваньні, падтрымцы. Ваенны складнік — перасоўваньне войскаў NATO да межаў. Усё робяць, каб зацягнуць сюды новага прэзыдэнта. Ён зьвяртаецца да заходніх дзяржаў, у гэтым выпадку NATO, з мэтай абароны насельніцтва. Яны ўводзяць войскі — і на Беларусі можна паставіць крыж», — агучыў сваю лёгіку Лукашэнка.

12:42 22.8.2020

«Мір у Беларусі залежыць ад Валянціна Сукалы», — кіраўнік ініцыятыўнай групы Канапацкай

Адзіны орган, які цяпер можа захаваць сытуацыю ў Беларусі ў прававым полі, — гэта Вярхоўны суд, лічыць палітык Ігар Лялькоў, давераная асоба кандыдаткі ў прэзыдэнты Ганны Канапацкай і кіраўнік яе ініцыятыўнай групы.

«Толькі Вярхоўны суд можа задаволіць скаргі кандыдатаў у прэзыдэнты Канапацкай, Дзьмітрыева і Ціханоўскай, прызнаўшы выбары 9 жніўня несапраўднымі», — адзначае Ігар Лялькоў.

Згодна з артыкулам 81 Выбарчага кодэксу Беларусі, наступным крокам павінны стаць паўторныя выбары. І гэта, як вынік, стане выйсьцем зь юрыдычнага тупіка і палітычнага крызісу.

«Іншая справа, ці асьмеліцца на гэта старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала? 78 гадоў чалавеку, ці гатовы ён падумаць пра вечнасьць? Ад яго зараз залежыць мір у Беларусі», — падсумоўвае Ігар Лялькоў.

12:43 22.8.2020

Ні слова пра зьбіцьцё і вайсковую тэхніку. Расейскія журналісты з БТ перакруцілі гісторыю пра пацярпелую ад АМАПу сям’ю з Горадні

Сюжэт пра пацярпелую падчас пратэстаў пяцігадовую дзяўчынку выйшаў у перадачы «Панарама» на дзяржаўным канале «Беларусь-1» 21 жніўня, праз 10 дзён пасьля аварыі. Разьбіраемся, што ў ім ня так.

12:44 22.8.2020

«Не разумею, на якой падставе пачалі страляць». Параненага ў Менску кіроўцу аўтобуса перавялі ў агульную палату

Павал Сібілеў — кіроўца аўтобуса, якога параніла недалёка ад станцыі мэтро «Пушкінская» увечары 10 жніўня. Сілавікі тады спынялі пратэсты, выкарыстоўваючы сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі. Журналісты Tut.by наведалі яго ў вайсковым шпіталі ў Менску.

13:28 22.8.2020

🔊 А вы памятаеце, што Радыё Свабода зноў працуе як радыё?

З 12 жніўня 2020 году Беларуская служба Радыё Свабода часова аднавіла радыёвяшчаньне на сярэдніх хвалях.

Праграмы на беларускай мове, прысьвечаныя актуальным палітычным падзеям у краіне, можна штодня слухаць на частаце 1386 кГц з 21:00 да 22:00 і з 23:00 да поўначы паводле менскага часу.

У эфіры:

  • навіны,
  • прамыя ўключэньні карэспандэнтаў зь месцаў падзеяў у Беларусі,
  • гутаркі з камэнтатарамі.
13:44 22.8.2020

Ці праўда, што ад забастовак Беларусь можа страціць рынкі? Погляд эканамічнага аналітыка

Адгаворваючы рабочых ад страйкаў, улады палохаюць іх тым, што калі працу прыпыніць «Беларуськалій», на рынак прыйдуць канкурэнты, і Беларусь больш ня зможа заняць гэтую нішу. Ці так гэта? Сайт kyky.org запытаўся ў старшага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Ёсуба.

— Не, вядома. Вытворцаў калію ня так шмат. І, нягледзячы на канкурэнтаў, ёсьць высокі попыт з боку Кітаю, Індыі, Бразыліі. Канкуруюць на гэтым рынку часьцей за ўсё цаной. Заключэньню доўгатэрміновых кантрактаў спадарожнічаюць працяглыя перамовы. Напрыклад, папярэдні кантракт Беларусі з Кітаем на пастаўку калію скончыўся ў жніўні 2019 году. І дамовіцца аб новым кантракце мы не маглі да траўня 2020 году. Таму, калі «Беларуськалій» сыдзе на страйк на некалькі дзён, ня думаю, што за гэты час Кітай пасьпее заключыць доўгатэрміновы кантракт зь іншым пастаўшчыком.

Калі ж мы гаворым пра іншыя прадпрыемствы, то ў сярэднім па краіне складзкія запасы ў прамысловасьці — прыкладна 75% ад месячнай вытворчасьці. У розных прадпрыемстваў гэтыя лічбы могуць адрозьнівацца. Напрыклад, на БелАЗе складзкіх рэшткаў вялікагрузных аўтамабіляў — на 7 месяцаў вытворчасьці.

Таму, калі БелАЗ заўтра спыніцца, можна яшчэ шмат месяцаў гандляваць са складу гатовай прадукцыяй, і гэта ня будзе азначаць страту рынкаў.

Думаю, складзкіх запасаў шмат і на МАЗе, і на МТЗ. Таму страта рынкаў пры спыненьні канвэеру — гэта ня болей, чым запалохваньне.

13:44 22.8.2020

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі заклікаў беларусаў знайсьці фармат дыялёгу «без дубінак»

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перакананы, што грамадзтву і ўладам Беларусі неабходна знайсьці «спакойны фармат дыялёгу», паколькі далейшае кровапраліцьце недапушчальнае.

«Як бы там ні было, што б ні адбывалася, улада і грамадзтва павінны знайсьці фармат дыялёгу. Ня важна які, але дакладна не з „дубінкамі“. І нарэшце выйсьці з гэтай складанай сытуацыі, якая працягваецца ў Беларусі», — сказаў Уладзімір Зяленскі у інтэрвію тэлеканалу «Украіна 24».

Прэзыдэнт Украіны таксама дадаў, што вельмі не хацелася б, каб нешта паўплывала на сяброўскія адносіны паміж суседнімі дзяржавамі.

«У нас вельмі добрыя адносіны, ёсьць агульныя сем’і... Самае галоўнае — гэта адносіны паміж народамі, гэта важней, чым адносіны паміж кіраўнікамі. Таму што ўсё часова ў нашым жыцьці. Між уладай, я маю на ўвазе», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

13:47 22.8.2020

Лукашэнка заявіў, што прывёў Ўзброеныя сілы ў поўную баявую гатоўнасьць, упершыню за 25 гадоў

«Мы бачым сур’ёзнае варушэньне войскаў НАТО ў непасрэднай блізкасьці ад нашых межаў на тэрыторыі Польшчы і Літвы», — сказаў Лукашэнка

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG