Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі гэта раптам Майдан стаў сымбалем пагромаў для ЭЗ?


Кіеў, Рэвалюцыя годнасьці, лістапад 2013
Кіеў, Рэвалюцыя годнасьці, лістапад 2013

Піша Андрэй Весялоўскі з украінскага Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў

Слова «Майдан» пракралася ў расейскія, а потым у сусьветныя СМІ зь лёгкай рукі племені салаўёвых-скабеевых. Слова-кляймо па-майстэрску прывязалі да Ўкраіны — спачатку сучаснай, потым Украіны наогул. Вось такая існуе ў сьвеце дзяржава — краіна Чарнобылю, краіна майданутых. Дурных. Недарэчных. Крывавых. Гультаяватых — далей дадумайце самі.

Кляйму ня дзівісься, калі яно зыходзіць ад ворага. Ну бо чаго чаго чакаць ад стваральнікаў «крывавых хлопчыкаў» на Данбасе? Але калі сьмецьце не прыбіраюць, яно распаўсюджваецца. Намаганьнямі расейскіх тэлесьметнікаў сьвятая гісторыя Майдану і народу Ўкраіны, які яго стварыў і адстаяў, перафарбоўваецца пад бязладзьдзе, калі не пад крывавае вар’яцтва.

Майдан як увасабленьне крывавых падзеяў, якія руйнуюць мірную і шчасьлівую дзяржаву, нядаўна быў яскрава апісаны ў працяглым тэлевізійным інтэрвію кіраўніка суседняй краіны на поўначы. Стваральнікамі гэтага жаху былі «майданутыя» — мы з вамі, украінцы. Загадзя ведаючы, што падтрымкі на выбарах чакаць ня варта, кіраўнік прыгразіў, што не дазволіць такім жа «майданутым» у Беларусі паўтарыць Майдан.

У гэтым няма нічога дзіўнага: хіба мы ня ведаем, як ужо чвэрць стагодзьдзя ў Беларусі перавыбіраецца ўлада ўсіх узроўняў? Як там зьнікалі апазыцыйныя палітыкі, вымушаныя былі зьяжджаць дысыдэнты? Хіба мы ня бачылі сапраўднага вэрдыкту беларусаў у нядзелю, 17 жніўня, у шматтысячных дэманстрацыях у сталіцы і дзясятках іншых гарадоў і вёсак?

Але нам дзіўна, калі эўрапейская эліта выкарыстоўвае крамлёўска-менскую лексыку. Калі Рэвалюцыя годнасьці, вядомая ва ўсім сьвеце як Майдан, становіцца сымбалем няшчасьця і разбурэньня.

А менавіта пра гэта цяпер паведамляюць францускія, нямецкія і італьянскія СМІ, калі яны выказваюць заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі.

Вось падсумоўваюць тэлефонную размову прэзыдэнтаў Макрона і Пуціна: з Парыжу нібыта просяць не дазволіць паўтарэньня Майдану. А вось Reuters цытуе прэзыдэнта ЭЗ Шарля Мішэля: «Украінскі досьвед вельмі важны. Ніхто ня хоча паўтарэньня таго, што адбылося ва Ўкраіне. Эўрапейскі зьвяз не зацікаўлены ў новым „майдане“, які прывядзе да хаосу ў Беларусі».

Як гэта зразумець, шаноўныя эўрапейскія палітыкі?

«Ніхто» ня хоча бачыць народ, грамадзянскую супольнасьць, якая не трывае беззаконьня? Ня хоча бачыць сотні тысяч людзей, якія патрабуюць паважаць іх выбар сумленнага і справядлівага шляху разьвіцьця?

Альбо можа «ніхто» ня хоча бачыць забойцаў у міліцэйскай форме, якія на загад уладаў расстрэльваюць мірных удзельнікаў пратэстаў? Альбо, можа, ня хоча бачыць расейскія ўзброеныя сілы, якія захопліваюць Крымскі паўвостраў і заводзяць «Грады» на Данбасе, зьбіваюць мірны MH17?

Тады выказвайцеся больш дакладна, спадарове лідэры ЭЗ! Вас слухаюць і чытаюць ня толькі ў Маскве. Ваша пазыцыя — арыентыр для 520 мільёнаў грамадзян Эўрапейскага зьвязу, дый астатняму сьвету яна не абыякавая.

Майдан, які вы так недарэчна згадваеце, — найвышэйшая праява грамадзянскай адказнасьці і чалавечай годнасьці. І яе ахвяры, і мы, яе вядомыя і невядомыя ўдзельнікі, настойваем на гэтым і будзем гэта абараняць. Дарэчы, Майдан нагадаў і самім грамадзянам абʼяднанай Эўропы пра каштоўнасьці і цану, якую за іх даводзіцца плаціць.

Майдан — пункт адліку сапраўднай Украіны. А можа — і новай, лепшай Эўропы.

Андрэй Весялоўскі, Нацыянальны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў Украіны

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG