Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан ці ўсё ж не? Як СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны расказваюць пра падзеі


Сотні тысяч чалавек на маршы пратэсту 16 жніўня ў Менску
Сотні тысяч чалавек на маршы пратэсту 16 жніўня ў Менску

Тэлеканал «Настоящее время» (праект Радыё Свабода / Свабодная Эўропа) прааналізаваў, як мэдыя трох краін пішуць пра падзеі ў Беларусі.

  • «Тое, што адбываецца ў апошнія дні ў Беларусі. Ці ёсьць шанец, што гэта ператворыцца ў нешта накшталт украінскага Майдану?» (Zaxid.net, Украіна)
  • «Усе гэтыя сцэнары беларускія пісаліся на ўзор украінскіх падзеяў» («Россия 24», Расея).
  • «Той жа сцэнар, які пракруцілі ва Ўкраіне тады, добра прасочваецца ўжо цяпер у нашай краіне» («Беларусь 1», Беларусь).

Беларусь (дзяржаўныя СМІ): спроба каляровай рэвалюцыі

У беларускіх СМІ вызначэньня «Майдан» унікаюць. Незалежныя мэдыя імкнуцца не падаграваць радыкалізацыі пратэсту, на дзяржаўных тэлеканалах проста баяцца прызнаць, што падобнае можа здарыцца ў краіне, — бо яшчэ шэсьць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка заяўляў: такога, як ва Ўкраіне, ён ніколі не дапусціць. Таму, пэрыядычна ўспамінаючы прыклад суседзяў, на дзяржтэлеканалах гавораць пра каляровыя рэвалюцыі ў агульным (пра лялькаводаў, падбухторнікаў, мэтадычкі і сакральныя ахвяры).

  • «Мы назіраем спробу пракруціць чарговы сцэнар каляровай рэвалюцыі на постсавецкай прасторы» («Беларусь 1», Беларусь).
  • «Тэхналёгіі каляровых рэвалюцыяў» (АНТ, Беларусь).
  • «У цяперашняй беларускай сытуацыі наўпрост замяшаныя вонкавыя сілы» («Беларусь 1», Беларусь).
  • «Ёсьць праграма, ёсьць рэжысэры» (АНТ, Беларусь).
  • «Пэўным сілам можа быць выгадна падбухторваць да страйку» (ОНТ, Беларусь).
  • «Страйкі — гэта мэтад расхістаць ўладу ў Беларусі, гэта перш за ўсё. Гэта другі пункт мэтадычкі каляровых рэвалюцыяў» (СТВ, Беларусь).
  • «На акцыях нас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса» (ОНТ, Беларусь).

Расея: зноў Майдан

Значна вальней з цэтлікам «Майдан» абыходзяцца на фэдэральных тэлеканалах Расеі. З самага пачатку вулічных пратэстаў кажуць пра дэжавю, пра агульныя сцэнары і славутыя заходнія мэтадычкі.

«Усё выбухала, грукатала. Адчуваньне было, што знаходзісься на вуліцы Інстытуцкай або Грушэўскага ў Кіеве. Вядома, паралеляў з Майданам напрошваецца вельмі шмат» («Звезда», Расея).
«Супраць праваахоўнікаў выкарыстоўваліся ну тыя ж самыя мэтады, як і на кіеўскім Майдане» («Россия 1», Расея).
«Вось усё ідзе пакуль што паводле сцэнара кіеўскага Майдану. Усё абсалютна» (Першы канал, Расея).
«Паводле абсалютна заходніх мэтадычак» («Россия 1», Расея).
«Літаральна па мэтадычцы Джына Шарпа» («Звезда», Расея).

Украіна: падобна, але не Майдан

На падабенства пратэстаў зьвяртаюць увагу і ва Ўкраіне.

  • «Людзі з пабітымі тварамі, ліецца кроў — як гэта было на Майдане, на вуліцы Грушэўскага» («Еспресо», Украіна).
  • «Улады... звозяць бюджэтнікаў і арганізоўваюць пастановачныя акцыі ў падтрымку Лукашэнкі.... Гэта ў іх такі мясцовы анты-Майдан. Паралелі напрошваюцца самі сабой» (24 канал, Украіна).

Вельмі падобна на Майдан, але ўсё-такі ня ён — прыходзяць да высновы большасьць мэдыя. Занадта ўжо адрозьніваюцца беларусы ад украінцаў.

  • «Пастаянна гучыць параўнаньне з Майданам. Ну нельга. Мы настолькі розныя краіны. Зусім розныя» (5 канал, Украіна).
  • «У чым розьніца паміж Украінай і Беларусьсю. У нас пратэсты — быў Майдан, а ў іх цяпер, у Беларусі, пратэсты перарасьлі ў страйкі. У нас страйкаў не было. Прынамсі гэта» («НАШ», Украіна).
  • «Пытаньне ў тым, што менавіта лічыць Майданам. Калі казаць пра стварэньне нейкай нацыянальнай ідэі, пра пошук нацыянальнай ідэнтычнасьці, як гэта было ў нас, пра нейкі геапалітычны выбар у бок Эўропы, то, зразумела, гэта зусім іншая гісторыя» (Zaxid.net, Украіна).

Майданам беларускія пратэсты называюць толькі тыя ўкраінскія СМІ, што, падобна як расейскія, лічаць народную незадаволенасьць зусім ненатуральнай і арганізаванай звонку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG