Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні мэр гораду выйшаў на перамовы з тысячамі дэманстрантаў. ФОТА


Каля дзесяці тысяч чалавек сабраліся на плошчы Леніна ў Горадні перад будынкамі гарвыканкаму і аблвыканкаму. Да іх выйшлі прадстаўнікі ўлады.

Людзі запатрабавалі вызваленьня палітвязьняў і прызнаньня вынікаў выбараў несапраўднымі. Гарадзенцы склалі адпаведную пэтыцыю і перадалі яе ў гарвыканкам.

Людзі патрабуюць вызваленьня ўсіх зьняволеных і правядзеньня новых сумленных выбараў без Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Мечыслаў Гой адзначыў, што ён такі ж чалавек, як і іншыя. Ён паабяцаў, што ўсіх затрыманых гарадзенцаў вызваляць да 18:00 14 жніўня, акрамя некалькіх чалавек, якімі займаецца сьледчы камітэт, зоймуцца кожным выпадкам, калі людзей зьбілі. Ён паабяцаў, што неўзабаве агучыць вынікі галасаваньня па Горадні. Ён паведаміў, што на ўчасткі паступіла каля 900 скаргаў наконт парушэньняў на выбарах.

Намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Аляксандар Шастайла паведаміў, што ўжо ідзе расьсьледаваньне выпадкаў гвалту ў дачыненьні да мірных грамадзян. Ён заявіў, што загад затрымліваць і зьбіваць людзей аддало УУС Горадзенскага аблвыканкаму, бо такая сытуацыя склалася на вуліцах. Заведзена крымінальная справа па факце арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён паабяцаў, што на вуліцах Горадні больш ня будзе супрацоўнікаў АМАПу.

Гарадзенцы склалі пэтыцыю, дзе патрабуюць, каб старшыня Горадзенскага гарвыканкаму і аблвыканкаму прызналі выбары несапраўднымі. Да таго ж патрабуюць адразу вызваліць усіх затрыманых падчас мірных акцыяў, прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі, прызнаць пераможцай выбараў Сьвятлану Ціханоўскую, каб прызначыць новыя выбары. Таксама патрабуюць, каб пракуратура правяла праверку правапарушэньняў падчас падліку галасоў на выбарах, а чальцоў выбарчых камісіяў, якія фальсыфікавалі вынікі выбараў, пакараць.

Горадзенская актывістка Алена Шаламіцкая заклікала людзей не сыходзіць з плошчы, пакуль ня выпусьцяць усіх зьняволеных за мірныя акцыі і палітзьняволеных.

Людзі працягваюць стаяць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG