Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне за дзень разбурылася ўсё». Тэлевядоўца Андрэй Макаёнак расказаў, чаму пакінуў БТ


Андрэй Макаёнак
Андрэй Макаёнак

У эфіры тэлеканалу «Настоящее время» вядоўца тэлеканалу «Беларусь-1» Андрэй Макаёнак патлумачыў, чаму ён прыняў такое рашэньне.

— Я вельмі доўгі час пазыцыянаваў сябе і зьяўляўся чалавекам, які займаўся гумарам. Гумар для мяне — усё. І вы ведаеце, я працаваў на нашай тэлевізіі з разуменьнем таго, што я там нешта мяняю, што я ўношу туды нейкі струмень таго, што можа быць гумар. І я выходзіў на тэлевізію заўсёды з надзеяй, што я буду дарыць людзям усьмешкі і рабіць жарты.

— Весялосьць, дабрыню.

— Так. Абсалютна дакладна. І калі здарылася такое, што спачатку мой калега прэтэнцыёзна выказаўся пра тое, што ўсё, што адбываецца, — гэта справа карупцыянэраў і гэтак далей, я сышоў з праграмы пад назвай «Макаёнка, 9». Таму што яна стала палітычнай у нейкі момант, не забаўляльнай. Як толькі зьявіўся палітычны погляд ў галоўнага яе вядоўцы, яна стала палітычнай. Таму я вырашыў: «Так, яна больш не забаўляльная, таму мяне там больш ня будзе».

І я ўвесь гэты час, з моманту пачатку перадвыбарнай кампаніі да гэтага моманту, які сёньня, выходзіў у эфір з жаданьнем даказаць людзям, што ў гэтай сытуацыі, якая падзяліла людзей на два лягеры, усё роўна можна заставацца чалавекам, чалавекам пазытыўным. Я спрабаваў глядзець на гэта з усьмешкай, я спрабаваў весьці праграму з усьмешкай. Але цяпер я зразумеў, што ўсьмешкі, якія ўзьнікаюць у гэты момант з майго боку, яны здаюцца блюзьнерскімі, яны здаюцца не натхненьнем, а зьдзекам зь людзей, якія пацярпелі ў нейкай сытуацыі. Усё роўна, знаходзяцца па той бок або па гэты барыкад, для іх усьмешка — гэта не натхненьне, наадварот, гэта нейкая гісторыя, якая нас неяк прыдушвае.

І менавіта ў гэты момант я вырашыў, што, хутчэй за ўсё, маё знаходжаньне ў эфіры ў якасьці коміка, у якасьці гумарыста, у якасьці чалавека, які робіць нешта пазытыўнае, яно пакуль недарэчнае. Гэта значыць, да таго часу, пакуль сытуацыя не нармалізуецца, няма месца маім гумарыстычным праявам, хутчэй за ўсё, трэба мець нейкую выразную пазыцыю, якая будзе альбо туды, альбо туды.

— А вы яе, дарэчы выбралі? І калі выбралі, неабавязкова яе называць у нашым эфіры, мне проста цікава, ёсьць яна ў вас ці не.

— Сваю пазыцыю?

— Так.

— Вы ведаеце, мая пазыцыя заключаецца ў тым, што, як сьпяваў Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі, «я заўсёды за тых, хто перамагае». Гэта калі казаць у пляне гумарыстычнага кантэксту. А калі так, я, як чалавек, у якога сябры таксама ходзяць на пратэсты, у якога ёсьць блізкія, сваякі і які...

— Вы разумееце прыроду гэтых пратэстаў? Мне цікава, вы ж чалавек дасьціпны.

— Так, я вам зараз адкажу на першае пытаньне са свайго боку. Я вам скажу, што першапачаткова, калі я працаваў у гэтым усім, разумеючы, што я знаходжуся першапачаткова ў прадзяржаўным варыянце, я быў за тое, што давайце мы хаця б нэўтральна паспрабуем гэта асьвятляць.

А потым, калі ўжо атрымалася так, што мае сябры, знаходзячыся там, пачалі ад гэтага таксама пакутаваць, я падумаў: «А ці хацеў бы я, каб я апынуўся таксама там зь нейкімі прастрэленымі рукамі, з траўмамі і гэтак далей, выказваючы проста свой пункт гледжаньня, не зьвяртаючыся да нейкіх радыкальных мэтадаў пратэсту?»

Я зразумеў, што, напэўна, не хацеў бы. Я зразумеў, што сёньня, напэўна, цяпер лепей быць са сваёй думкай дзесьці наводдаль, чым людзей неяк спрабаваць наштурхнуць на нейкую вэрсію.

— Я вас разумею. Па-першае, гэта адказнасьць вялікая, ніхто б цяпер на сябе яе, напэўна, ня ўзяў. Што вы будзеце рабіць далей і што, як вам здаецца, беларусам і Беларусі рабіць далей у гэтай сытуацыі?

— Шчыра кажучы, я зараз сяджу, перада мной бутэлька віскі стаіць, якую я яшчэ не адкрыў, таму што ў мяне сёньня за дзень разбурылася ўсё. У мяне за дзень абрынулася мая кар’ера на тэлевізіі, мая карʼера на радыё. Я вёў прэзыдэнцкія мерапрыемствы, у якіх я адчуваў шчырую радасьць ад зносін і з Аляксандрам Рыгоравічам, і зь яго набліжанымі людзьмі, якіх я па-чалавечы вельмі моцна палюбіў, якія мне былі вельмі прыемныя. І да гэтага часу, напэўна, гэта так і ёсьць.

І цяпер я разумею, што, блін, што мне рабіць далей, я ня ведаю. Вы ведаеце, яно неяк так бурыцца ўсё непрыкметна. Здаецца, што гэта ўсё не са мной. Я гляджу гэтыя навіны, мне здаецца, гэта дзесьці на Кіпры, што гэта радыкальныя нейкія кіпрыёты, якія ваююць супраць мусульман або хрысьціян, яны вось зараз пасварыліся, а гэта ўсё не са мной, гэта не ў маёй краіне. А калі я разумею, што гэта кранула мяне, я думаю: «Блін, што рабіць?» Я шчыра ня ведаю.

А што тычыцца будучыні Беларусі, я веру, што рана ці позна [усё скончыцца]. Шчыра, самае-самае галоўнае для мяне — гэта адсутнасьць гэтых ахвяр, пра якія пішуць нашыя паблікі, пра якія вы ведаеце таксама. Як толькі ў гэтым усім пачынаюць гінуць людзі, гэта перастае быць пратэстам, гэта перастае быць чымсьці волевыяўляльным, гэта пачынае быць грамадзянскай вайной.

І калі я бачу, што мае сябры там жа, і калі я бачу, што, у прынцыпе, я таксама мог бы там быць, і ад гэтага можна загінуць, для мяне гэта ўжо ня сьмешна, для мяне гэта страшна. І я шчыра жадаю, каб гэта скончылася проста.

Усё роўна, у які бок, галоўнае — каб скончылася.

— Навошта столькі сілы ўжываецца на вуліцы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, як вам здаецца?

— На мой погляд, гэта страх. Я думаю, што ў гэтым выпадку людзі, якія выходзяць туды, па той бок, вы маеце на ўвазе супрацоўнікаў праваахоўных органаў, шчыра кажучы, я ведаю, у мяне ёсьць людзі, якія працуюць на тым баку.

— Так, гэта вельмі цікава.

— І яны кажуць, што яны таксама знаходзяцца ў нечалавечых умовах, што яны знаходзяцца ў гэтых аўтобусах, у гэтых казармах, яны сьпяць па чатыры гадзіны, яны першапачаткова ўжо радыкальна настроены супраць таго, што адбываецца. І плюс яшчэ, разумееце, калі вас патрымаць без сну і потым накіраваць, сказаць, што гэта празь іх вы ня сьпіце, гэта празь іх вы пакутуеце, вы будзеце таксама нацкаваныя.

Мне іх шчыра шкада. Шчыра кажучы, я разумею ўсіх гэтых хлопцаў, якія стаяць у шаломах. Ну разумею, у правільным сэнсе слова я разумею, што зь імі адбываецца, я іх не ўхваляю, але я іх разумею. І шчыра кажучы, я проста ў такім лёгкім шоку, я думаю, што да таго часу, пакуль людзі ваююць, яны не разумеюць, за што яны ваююць. Яны думаюць, што альбо іх цяпер паваляць, альбо яны паваляць тых, хто супраць іх на барыкадах. І вось да таго часу, пакуль у іх будзе ў галаве такое мысьленьне, да таго часу гэта ўсё будзе працягвацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG