Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча


Ягор Марціновіч, архіўнае фота

Вечарам 12 жніўня галоўны рэдактар «Нашай нівы» знайшоўся: выданьне паведаміла, што яго вызвалілі з турмы ў Жодзіне, вязуць у Менск машынай Міністэрства ўнутраных справаў.

«Наша ніва» падзякавала прэс-службе МУС і прэс-сакратарцы Вользе Чамаданавай.

Незадоўга да таго нават жонка ня ведала, дзе Марціновіч

«У ноч на 11 жніўня Ягор працаваў як журналіст каля гандлёвага цэнтру „Рыга“, — казала Свабодзе жонка Марціновіча, журналістка Tut.by Адар’я Гуштын. — А я ў той час працавала каля мэтро „Пушкінская“, на Прытыцкага. Мой тэлефон быў адключаны, але пазьней, калі скончыліся асноўныя падзеі, удалося яму перадаць, дзе я, і ён паехаў мяне забіраць. Было каля 2 гадзін ночы. Але, імаверна, па дарозе Ягора затрымалі, ад яго прыйшла СМС „SOS“, а потым прыйшло паведамленьне, што ён або ў Партызанскім РУУС, або на Акрэсьціна, ня можа вызначыць. І ўсё, з таго часу пэўна пра яго нічога ня ведаю».

Паводле журналісткі, прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава 11 жніўня пацьвердзіла, што Ягор Марціновіч затрыманы, але сказала, што сама дакладна ня ведае, дзе ён.

«Хутка будзе дома», — сказала сёньня апоўдні карэспандэнту Свабоды Вольга Чамаданава пра Ягора Марціновіча, але не назвала месца, дзе трымаюць галоўнага рэдактара «Нашай нівы».

«Я чую гэтае „хутка“ другі дзень. А яго ўсё няма. Крыніцы, зь якімі я зьвязалася ў пошуках мужа, мяркуюць, што ён быў моцна зьбіты і яго проста ня хочуць паказваць ў такім стане», — сказала Адар’я Гуштын. Журналістка зьбіраецца пісаць заяву ў міліцыю аб зьнікненьніі мужа і скаргу ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі. На гэты момант Адар’я Гуштын змагла знайсьці аўтамабіль, на якім езьдзіў яе муж 11 жніўня.

«Аўтамабіль знайшоўся каля праспэкту Пушкіна, незамкнёны, на аварыйных сыгналах. Няма ягоных дакумэнтаў і журналісцкага пасьведчаньня, можа, пасьпеў узяць», — сказала Адар’я Гуштын.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG