Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нехта мае абудзіць сьвет»: прэзыдэнт Польшчы і Сэйм Літвы зьвярнуліся ў ААН і да сусьветных лідэраў з прычыны падзеяў у Беларусі


Анджэй Дуда
Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сувязі з падзеямі ў Беларусі 12 жніўня зьвярнуўся зь лістом у Раду правоў чалавека ААН.

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

Дуда запатрабаваў, каб улады Беларусі спынілі гвалт у дачыненьні да дэманстрантаў, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта, і вызвалілі ўсіх арыштаваных палітычных зьняволеных.

«Гэта будзе першы ліст у абарону народа Беларусі такога маштабу, — падкрэсьліў кіраўнік кабінэта прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі. — Прэзыдэнт напісаў ліст 47 дзяржавам — сябрам Рады правоў чалавека ААН. Гэта заклік ня быць абыякавымі да сытуацыі ў Беларусі і выказацца».

Паводле Шчэрскага, ідзецца «ў першую чаргу аб захаваньні правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у Беларусі», а Дуда «выконвае маральны абавязак Польшчы перад Беларусьсю на міжнароднай арэне».

«Нехта павінен абудзіць сьвет, бо, як бачыце, сьвет ня вельмі цікавіць сытуацыя ў Беларусі, — заўважыў прэс-сакратар прэзыдэнта. — Польшча зьбіраецца абудзіць гэты сьвет».

Літва можа не прызнаць Лукашэнку за прэзыдэнта

Камітэт замежных справаў Сэйму Літвы ў сераду таксама прыняў заяву. У ёй выбары ў Беларусі названыя сфальшаванымі і прапануецца не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку законным лідэрам Беларусі.

«Камітэт замежных справаў Сэйму падкрэсьлівае, што прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 9 жніўня 2020 году, былі сфальсыфікаваныя, — сказана ў заяве. — Камітэт заклікае Сэйм і іншыя адказныя літоўскія інстытуцыі не прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі і прэзыдэнта Лукашэнку ў якасьці законнага лідэра Беларусі».

«Камітэт замежных справаў пацьвердзіў, што мы не прызнаем гэтыя выбары афіцыйнымі і ўпершыню ў гісторыі Літвы кажам, што ня лічым Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі, — падкрэсьліў у сувязі з заявай сябра камітэту Жыгімантас Павілёніс. — Адпаведна мы будзем заклікаць парлямэнты ўсіх іншых дэмакратычыных краін заняць аналягічную пазыцыю і разам з ЭЗ будзем патрабаваць правядзеньня новых выбараў.

У заяве прапануецца правесьці «новыя, празрыстыя і цалкам дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі». Парлямэнцкі камітэт, паводле Павілёніса, прапануе ўраду Літвы разам з ЭЗ ўкласьці сьпіс асобаў, супраць якіх будуць ужытыя індывідуальныя санкцыі, абмежаваць фінансавую і іншую падтрымку дзяржаўным органам Беларусі, а таксама дапамагаць грамадзянам Беларусі, якія змагаюцца за канстытуцыйныя і дэмакратычныя прынцыпы.

Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, Аляксандр Лукашэнка атрымаў перамогу на выбарах прэзыдэнта, набраўшы больш за 80% галасоў, а яго асноўная суперніца Святлана Ціханоўская нібыта атрымала толькі 10% галасоў выбарнікаў. Аднак, паводле паведамленьняў шматлікіх незалежных назіральнікаў, гэтыя вынікі сфальсыфікаваныя. На многіх замежных участках Ціханоўская перамагла з разгромным лікам, такія ж вынікі на ўчастках, дзе былі назіральнікі.

Пасьля абвяшчэньня ЦВК пра перамогу Лукашэнкі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты, якія працягваюцца ўжо чацьвёрты дзень. У Менску і іншых гарадах мірныя пратэсты жорстка душыць АМАП і іншыя сілавікі: для разгону натоўпу ўжываюць гумавыя кулі, сьлезацечны газ і сьвятлашумавыя гранаты.

12 жніўня МУС Беларусі афіцыйна пацьвердзіла, што 11 жніўня ў Берасьці супраць пратэстоўцаў ужылі агнястрэльную зброю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG