Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута: Генэралам штораз цяжэй аддаваць загады


Менск, Каменная горка, 11 жніўня 2020

Тэлеканал «Настоящее время» падчас шматгадзіннага відэаэфіру, прысьвечанага падзеям у Беларусі, пагаварыў з паліттэхнолягам і публіцыстам Аляксандрам Фядутам пра цяперашнія пратэсты ў Беларусі. Гутарку правёў Цімур Алеўскі.

— Як доўга будуць выходзіць людзі на вуліцы Беларусі?

— Я думаю, што ў найбліжэйшыя два дні штосьці стане зразумела, таму што даходзяць самыя розныя навіны, у тым ліку ўжо пачалі гаварыць аб усеагульным страйку. Калі Лукашэнка ўвядзе надзвычайнае становішча, гэта будзе азначаць, што ён узурпатар ня толькі ў вачах уласнага народу, але і ў вачах усяго сьвету. Я думаю, гэта будзе пачаткам яго канца. Мы будзем проста лічыць вельмі хутка дні да таго моманту, калі ён сыдзе.

— Людзям трэба трымацца, каб прымусіць яго зрабіць гэты крок, такую выснову я павінен зрабіць з вашых словаў ці не?

— Уласна кажучы, пачатак ужо зроблены. Ён пазбаўлены легітымнасьці ў вачах беларусаў, усе ведаюць, што Цэнтральная выбарчая камісія схлусіла, калі пачала агучваць вынікі. Таму што на тых 86 участках, дзе старшыні і чальцы камісій адмовіліся выконваць загад і сапраўды падлічылі галасы, ён прайграў Сьвятлане Ціханоўскай, на ўсіх 86 участках. І гэта вельмі сур’ёзны сымптом. Гэта азначае, што калі правесьці сёньня перавыбары ці другі тур, ён іх таксама прайграе.

— Вы ж ведаеце Аляксандра Лукашэнку, мелі зносіны зь ім даволі доўгі час. Ён знаходзіцца ў стрэсе, як вам здаецца? І як ён сябе паводзіць, калі так, у такім стане?

— Ён чалавек з моцнай псыхікай у такія стрэсавыя моманты. Ён умее чакаць. Я думаю, што ён і цяпер чакае, што адбудзецца нейкі цуд і людзі проста разыдуцца з плошчаў і вуліц самі. Але цуду не адбываецца, наколькі я ведаю. У прыватнасьці, АМАП у гарадах так званай другой лініі, гэта значыць, не абласных цэнтраў, АМАП проста адмовіўся біць сваіх гараджан. І даводзіцца вазіць туды-сюды амапаўцаў зь іншых гарадоў, прымушаючы іх выконваць загад. Гэта таксама сурʼёзны сымптом.

— Што гэта наагул за манера біць? Навошта ім аддаюць загад біць?

— Вы ведаеце, калісьці пра гэта пісала Вольга Паўлава ў сваёй кнізе «Шклоўскія жарсьці». Гэта аб раньнім пэрыядзе біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі. Яна пісала, што калісьці для таго, каб даказаць, што ён мае рацыю, ён пабіў мэханізатара, быўшы дырэктарам саўгасу. Я думаю, гэтая манера захавалася.

— Тэхналягічна як працягваць пратэст бязь лідэра, ці патрэбен пратэсту лідэр і ці можа ён заглухнуць толькі таму, што лідэра няма?

— Вы ведаеце, лідэра і не было ў першыя два дні. Сьвятлана Ціханоўская была сьцягам, сымбалем, але яна ніяк не была арганізатарам пратэсту. Я думаю, што цяпер адбудзецца самаарганізацыя, мы бачылі гэта падчас пачатку пандэміі каранавірусу, калі беларусы прадэманстравалі неверагодны ўзровень самаарганізацыі і пасьпелі зрабіць для сваіх лекараў значна больш, чым Міністэрства аховы здароўя. Я думаю, што цяпер мы сутыкнёмся з праявай таго ж фэномэну. І я думаю, што яшчэ не сказалі свайго слова гарады другой лініі.

— Гэта значыць, яны яшчэ скажуць?

— Такія, як Салігорск, Сьветлагорск і гэтак далей. Думаю, што так. Невыпадкова ўжо загаварылі пра магчымасьць забастовак.

— У Расеі паліцыя не разганяе людзей, хоць наагул расейская паліцыя ў апошнія гады не дазваляе нават у адзіночных пікетах стаяць. А чамусьці пратэставаць беларусам і расейцам каля амбасады Беларусі ў Расеі раптам стала можна. У мяне ёсьць гіпотэза, што гэта тролінг Крамля ў адказ на тыя пратэсты, якія былі супраць інтэграцыі з Расеяй у лютым сёлета. Як вы думаеце, гэта можа быць так?

— Не. Я думаю, што такім чынам Крэмль спрабуе зьняць зь сябе палітычную адказнасьць за падтрымку рэжыму, які ўсё больш відавочна страчвае сваю папулярнасьць. У нас кажуць, што Крэмль можа скарыстацца гэтым для таго, каб увесьці свае войскі ў Беларусь, але я ў гэта ня вельмі веру. А вось зарабіць сабе алібі ў вачах дэмакратычнай часткі грамадзтва — так, Крэмль можа. Невыпадкова ў самым пачатку гэтай кампаніі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў у інтэрвію, што «мы будзем працаваць з тым кіраўніцтвам, якое выбера беларускі народ». А пакуль афіцыйна не абвешчаныя вынікі народнага волевыяўленьня.

— Ці ёсьць у Беларусі перадумова для расколу элітаў, пра якую шмат хто казаў? І ці ёсьць стымулы ў элітаў быць расколатымі цяпер ці не?

— Вы ведаеце, уся беларуская эліта цяперашняя, найвышэйшы эшалён улады сфармаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Яны цалкам залежаць ад яго. І калі вы паслухаеце яго зварот, так званае пасланьне да парлямэнту, то асноўны мэсыдж яго быў: «Мяне ня будзе — і вас зьмятуць». Але папраўдзе штораз усё больш відавочна, што пратэст носіць пэрсаніфікаваны характар. Што большасьць беларусаў цікавяць сумленныя празрыстыя выбары, а зусім ня прозьвішча прэзыдэнта, яны не за добрую матухну-царыцу Сьвятлану Георгіеўну выходзяць на вуліцы, яны выходзяць супраць чалавека, які ўзурпаваў уладу і скраў іх галасы.

— То бок, ня скінуць? Можа быць, ёсьць чалавек, які цяпер зробіць малы крок і скажа: «А вось я зь імі», і за ім усе астатнія. Ёсьць такая імавернасьць ці не?

— Я ня ведаю. Я пакуль ведаю толькі адно: генэралам штораз цяжэй аддаваць загады. Вось гэта я ведаю.

— А адкуль вы гэта ведаеце?

— Я памятаю чорны твар генэрала Караева, чорны не ад смуглявасьці, а ад таго, што ён усьведамляў, што ён гаворыць, калі ён запалохваў у сваім звароце беларусаў. Мне здаецца, што нават сярод сілавых міністраў ня ўсё адназначна.

— Вы лічыце, што найлепшы шанец і мэтад рашэньня сытуацыі для Беларусі — гэта дацягнуць нейкім чынам сытуацыю да такога моманту, калі Аляксандар Лукашэнка паводле закону дасьць магчымасьць адбыцца справядлівым выбарам?

— Так. Я думаю, што гэта быў бы найлепшы варыянт. І другі варыянт, які можа быць — гэта як бы дацягнуць да таго моманту, калі ён перастае быць легітымным прэзыдэнтам. А гэта вельмі хутка, гэта пачатак верасьня, наколькі я разумею. І аўтаматычна выконваючым абавязкі прэзыдэнта зьяўляецца прэмʼер-міністар.

— Гэта зьвязана неяк зь беларускімі законамі? Патлумачце, калі ласка.

— Так. Справа ў тым, што Аляксандар Лукашэнка максымальна адкладваў працэдуру свайго перавыбраньня, ён не хацеў губляць нават месяц. І ў выніку прызначэньне выбараў было на 9 жніўня, а гэта літаральна за месяц да заканчэньня яго паўнамоцтваў паводле папярэдняга тэрміну. І ў тым выпадку, калі яго выбары ня будуць прызнанымі, то, прабачце, 9 верасьня, калі мяне памяць не падводзіць, карэта ператвараецца ў гарбуз, а Аляксандар Рыгоравіч перастае быць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

— У каго ёсьць паўнамоцтвы прызнаць выбары сапраўднымі?

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута


— Чыста тэарэтычна гэта Цэнтральная выбарчая камісія. Але справа ў тым, што ўзровень даверу Цэнтральнай выбарчай камісіі меншы за 10% сёньня па краіне. Гэта па-першае. А па-другое, усе ведаюць, што выбары прайшлі з масавымі фальсыфікацыямі, з адсутнасьцю транспарэнтнасьці, з парушэньнем дзейнага заканадаўства, у тым ліку канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь. І калі б у нас быў нармальны канстытуцыйны суд, ён бы прызнаў гэтыя выбары несапраўднымі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG