Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца на месцы сутыкненьняў, дзе ўначы стаялі барыкады

абноўлена

Барыкады каля гандлёвага цэнтру «Рыга»
Барыкады каля гандлёвага цэнтру «Рыга»

Каля гандлёвага цэнтру «Рыга», на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Леаніда Бяды, недзе да паловы 9-й раніцы камунальнікі працягвалі прыбіраць абгарэлыя сьмецьцевыя кантэйнэры і мэталёвыя шчыты, якія выкарыстоўвалі пратэстоўцы для будаваньня барыкадаў.

Вывозяць шыны, друз, сьмецьце. Дасюль пахне дымам. Ляжыць абгарэлы кантэйнэр для збору макулятуры. На рагах яшчэ стаяць рэшткі барыкадаў, камунальнікі не да канца іх прыбралі.

Начальнікі, якія кіруюць працэсам, тлумачаць рабочым, што «гэта выйшлі адмарозкі».

Каля «Рыгі», дзе 10 жніўня адбылося адно з найбольш жорсткіх супрацьстаяньняў сілавікоў з пратэстоўцамі, карэспандэнт Свабоды паразмаўляў з двума ўдзельнікамі ўчорашняй акцыі.

Мужчыны прыйшлі паглядзець, што адбываецца цяпер на месцы ўчорашніх пратэстаў. Даведаўшыся пра тое, што Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву, 52-гадовы інжынэр Якаў і 28-гадовы фэльчар Ян, зь якімі гутары карэспандэнт Свабоды, падтрымалі яе рашэньне. Мужчыны лічаць, што гэта добра, бо там яна зможа выступіць з нармальнай заявай.

«Наш пратэст працягваецца. Я зараз буду раздрукоўваць улёткі з заклікам да ўсеагульнага страйку і буду іх раскідваць па прадпрыемствах. Добра, што Сьвятлана зьехала, а мы тут будзем працягваць дзейнічаць. Наша мэта — зрынуць рэжым Лукашэнкі», — сказаў адзн з удзельнікаў учорашняй акцыі. Ён абураны ўчорашнімі разгонамі пратэстоўцаў.

На месцы ўчорашніх падзей каля ўнівэрсаму «Рыга» засталіся вялікія крывавыя плямы, карэспандэнт Свабоды знайшоў чаку ад гранаты.

Яшчэ двое мужчын каля сарака гадоў, Вячаслаў зь Менску і Іван з Салігорску, якія таксама ўдзельнічалі ва ўчорашніх пратэстах, таксама сказалі карэспандэнту Свабоды, што будуць працягваць пратэставаць, «нягледзячы на тое, што ёсьць загінулыя і дзясяткі параненых у рэанімацыі». Яны перакананыя, што загінулых больш, чым адзін, як паведамляюць афіцыйна.

Іван распавёў Свабодзе, што ў Салігорску таксама працягваюцца пратэсты. Там вельмі брутальна дзейнічаў АМАП. Ён спадзяецца, што маладыя шахцёры выйдуць на акцыю пратэсту ў Салігорску.

Іван адзначыў, што адметнасьць учорашняй акцыі ў Менску ў тым, што ўнутраныя войскі іх адпусьцілі. Спэцназ і АМАП дзейнічалі больш жорстка, а ўнутраныя войскі паводзілі сябе больш стрымана: не чапалі людзей і адпусьцілі іх. Але на бок пратэстоўцаў яны не пераходзілі.

Яшчэ адзін сьведка ўчорашніх падзей сказаў Свабодзе: «Яшчэ адна такая ноч — і ўсё». Што мужчына меў на ўвазе пад «усё», ён не патлумачыў.

На вуліцы Сурганава камунальнікі дагэтуль ня здолелі адмыць дзьве вялікія лужыны крыві. Дворнікі таксама спачуваюць дэманстрантам, але кажуць, што нешта можа зьмяніцца толькі калі будзе ўсеагульны страйк. Але самі яны да страйку не гатовыя. «А што зь мяне? Я адзін», — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з дворнікаў.

На вуліцы Прытыцкага, дзе быў другі пункт супрацьстаяньня зь сілавікамі, таксама працуюць камунальнікі. Рух транспарту цалкам адноўлены. АМАПУ і спэцтэхнікі ня бачна, працуюць толькі супрацоўнікі ДАІ.

Каля стэлы «Менск — горад-герой» прыбралі агароджу і цалкам аднавілі рух.

На Кальварыйскай вуліцы каля «Кароны» пра пратэсты нагадваюць толькі надпісы на сьценах і слупах.

Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня ў шэрагу гарадоў Беларусі працягнуліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Найбольш паведамлялі пра пратэсты і затрыманьні ў Менску. Два асноўныя цэнтры пратэсту ўтварыліся каля каля гандлёвага цэнтру «Рыга», і між станцыямі мэтро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманьні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і Маяку Менску.

Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, сьвятлошумавыя гранаты, вадамёты, гумовыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду.

Адзін пратэстовец загінуў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG