Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўропа павінна неадкладна прадэманстраваць салідарнасьць зь беларускім народам», — прадстаўнік нямецкага фонду Маршала


Пратэст у Менску 10 жніўня 2020

Тое, што мелася б быць чарговай «элегантнай перамогай» для Аляксандра Лукашэнкі, ператварылася ў пабоішча, піша Ёрг Форбрыг, дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нямецкага фонду Маршала.

«Лукашэнка адкрыта абвясьціў вайну народу сваёй краіны. Але гэта вайна, якую ён ужо прайграў, незалежна ад кірунку, кошту ў чалавечых жыцьцях і канчатковага выніку цяперашніх пратэстаў», — піша Форбрыг на сайце фонду Маршала.

Ён адзначае, што за апошнія месяцы беларускае грамадзтва прайшло праз надзвычайную трансфармацыю. Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка назваў пандэмію каранавірусу «псыхозам», грамадзяне самаарганізаваліся, каб абменьвацца інфармацыяй, зьбіраць грошы і абсталяваньне і дапамагаць найбольш уразьлівым групам і мэдычным работнікам. Такім чынам яны адмовіліся залежаць ад дзяржавы і разбурылі вобраз «добрага бацькі нацыі», які спрабуе стварыць Лукашэнка.

Апісваючы падзе выбарчай кампаніі, Форбрыг адзначае: абвешчаныя афіцыйна лічбы галасаваньня цалкам пярэчылі таму, што людзі назіралі на ўласныя вочы.

«Гэтага можа быць дастаткова, каб купіць Лукашэнку яшчэ некалькі дзён, месяцаў ці нават гадоў ва ўладзе. Яле ён ня здолее павярнуць назад палітычнае абуджэньне, якое адбылося сярод большасьці беларусаў», — піша Форбрыг.

Ён заклікае Эўрапейскі зьвяз неадкладна адрэагаваць на падзеі ў Беларусі нечым большым, чым ужо агучанае асуджэньне дзеяньняў улады, і дае шэраг рэкамэндацый.

  • Па-першае, ЭЗ павінен спыніць геапалітычныя гульні ў Беларусі. Замест таго, каб прыкідвацца, што нядаўняе пацяпленьне адносінаў з Лукашэнкам узмацніла сувэрэнітэт краіны, Эўразьвяз павінен зноў паставіць свае фундамэнтальныя каштоўнасьці на першае месца. Пакуль улады ў Менску топчуць дэмакратыю і правы чалавека, ня можа быць працягу, а тым больш паглыбленьня палітычнага ўзаемадзеяньня.
  • Па-другое, Эўропа павінна неадкладна прадэманстраваць салідарнасьць зь беларускім народам. Тысячы людзей сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій і паліцэйскага гвалту. Ім неадкладна патрэбная юрыдычнае спрыяньне, матэрыяльная і мэдычная дапамога, і рэабілітацыя. Трэба неадкладна запусьціць шчодры пакет салідарнасьці зь беларускімі дэмакратамі, грамадзянскай супольнасьцю, незалежнымі мэдыямі і актыўнымі грамадзянамі.
  • Па-трэцяе, ЭЗ павінен стратэгічна скіраваць сваю дапамогу беларускаму грамадзтву. Патрэбны доўгатэрміновыя праграмы падтрымкі маладых людзей і студэнтаў, эўрапейскай адукацыі, незалежных мэдыяў, свабоднага прадпрымальніцтва, палітычнага ўдзелу жанчын, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і кантактаў празь мяжу.

І наадварот, супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі павінна нарэшце быць зьведзенае да мінімуму Наўпроставая падтрымка дзяржаўных структур з боку ЭЗ ня можа працягвацца, пакуль тая самая дзяржава гвалтоўна рэпрэсуе сваіх грамадзян. У дадатак, трэба ўвесьці індывідуальныя санкцыі супраць адказных за фальсыфікацыю выбараў і гвалт, — піша дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нямецкага фонду Маршала.

«Эўропа, у ідэале ўзгоднена са Злучанымі Штатамі, можа і павінна зараз заняць ясную пазыцыю ў падтрымку беларускіх дэмакратаў. Іх змаганьне супраць злачыннага рэжыму заслугоўвае гэтага болей чым калі», — завяршае свой артыкул Ёрг Форбрыг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG